- Ідзі і распавядзі ўсё прафесару МакГонагал! - з сілай выклікнула Герміёна.
Нэвіл закруціў галавой.
- Не жадаю лішніх непрыемнасцяў, - прамямліў ён.
- Ты павінен даць яму адпор, Нэвіл! - умяшаўся Рон. - Малфой звыкся хадзіць па галовах, але гэта ж не падстава схіляцца перад ім, каб яму было лягчэй ісці.
- Няма патрэбы нагадваць мне, што я недастаткова адважны для Грыфіндорца, Малфой ужо зрабіў гэта за вас, - ціха вымавіў Нэвіл.
У яго быў такі выгляд, быццам ён вось-вось заплача. Гары парыўся ў кішэні мантыі, дастаў шакалабку, апошнюю са скрынкі, падоранай на Каляды Герміёнай, і працягнуў яе Нэвілу.
- Ты каштуеш тузіна такіх, як Малфой, - сказаў Гары. - Бо шапка-размеркавальніца вызначыла цябе ў "Грыфіндор", праўда? А Малфой дзе? У смярдзючым "Слізэрыне".
Нэвіл скрывіў вусны ў жаласным падабенстве ўсмешкі і разгарнуў шакалабку.
- Дзякуй, Гары… Я, пэўна, пайду спаць… Возьмеш картку? Ты ж іх збіраеш?
Нэвіл пайшоў спаць, а Гары вырашыў зірнуць, які знакаміты вядзьмак дастаўся яму гэтым разам.
- Зноў Дамблдор, - прамармытаў ён. - Гэтая картка мне патрапілася самай першай, калі…
Тут ён ахнуў ад здзіўлення. Перавярнуў картку, прачытаў тэкст. Потым павольна ўзняў вочы на Рона і Герміёну.
- Я знайшоў! - прашаптаў Гары. - Знайшоў Фламеля! Я ж казаў, што сустракаў гэтае імя раней! У цягніку, калі мы ехалі сюды! Слухайце: "Дамблдор асабліва ўславіўся сваёй перамогай над злым ведзьмаком Грындельвальдам у 1945 годзе, вынаходствам дванаццаці спосабаў выкарыстання драконавай крыві, а таксама сумеснай з Нікаласам Фламелям працай у вобласці алхіміі"!
Герміёна так і падскокнула. Даўно яна не была так узбуджаная, мабыць, з тых часоў, як ім выдалі сшыткі з адзнакамі за самую першую хатнюю працу.
- Чакайце тут! - выгукнула яна і панеслася ў спальню. Гары з Ронам хапіла часу толькі на тое, каб абмяняцца заінтрыгаванымі поглядамі, а Герміёна ўжо прыляцела назад з вялізнай старажытнай кнігай у руках.
- Ніколі б не падумала, што тут таксама трэба шукаць! - узбуджана шаптала яна. - Я узяла гэта ў бібліятэцы даўным-даўно, так, лёгкае чытанне перад сном.
- Лёгкае? - усумніўся Рон. Герміёна цыкнула на яго, каб ён паводзіў сябе ціха, пакуль яна не знойдзе тое, што трэба, і, мармычучы пра сябе, пачала са страшнай хуткасцю гартаць старонкі.
У рэшце рэшт яна адшукала патрэбнае месца.
- Я так і ведала! Я так і ведала!
- Казаць можна або яшчэ не? - спытаў Рон атрутна. Герміёна не звярнула на яго ніякай увагі.
- Нікалас Фламель, - прачытала яна ўрачыста, - з'яўляецца адзіным вядомым на сённяшні дзень стваральнікам філасофскага камня!
Але гэта не стварыла эфекта, на які разлічвала дзяўчынка.
- Чаго? - хорам спыталі Гары і Рон.
- Ды няўжо вы не ведаеце? Слухайце - не, лепш самі прачытайце, вось тут.
Герміёна падштурхнула кніжку бліжэй, і Гары з Роном прачыталі наступнае:
Сярэднявечныя даследаванні ў вобласці алхіміі ўяўлялі сабою спробы стварыць так званы філасофскі камень, легендарнае рэчыва дзіўнай чароўнай сілы. Лічылася, што камень здольны ператварыць любы метал у чыстае золата. Таксама з яго дапамогай можна было вырабляць Эліксір Жыцця, напой, які дарыў неўміручасць таму, хто яго вып'е.
На працягу шматлікіх стагоддзяў неаднаразова з'яўляліся паведамленні аб стварэнні філасофскага камня, аднак, адзіны рэальна наяўны камень належыць містэру Нікаласу Фламелю, знакамітаму алхіміку і прыхільніку оперы. Містэр Фламель, які летась адзначыў свой шэсцьсот шэсцьдзесят пяты дзень нараджэння, вядзе самотнае жыццё ў Дэвоне разам са сваёй шэсцьсотпяцідзесяцівасьмігадовай жонкай Перанэлай.
- Разумееце? - усклікнула Герміёна, з цяжкасцю дачакаўшыся, калі Гары і Рон нарэшце скончаць чытаць. - Сабака ахоўвае філасофскі камень Фламеля! Няма сумненняў - Фламель папрасіў Дамблдора схаваць камень, бо яны сябры! Фламель ведаў, што за каменем хтосьці палюе, вось і вырашыў забраць яго з "Грынгатса"!
- Камень, які робіць золата і не дае памерці, - сказаў Гары. - нядзіўна, што Снэйп жадае яго займець. Хто заўгодна б захацеў.
- Тым больш нядзіўна, што мы не знайшлі Фламеля ў "Найважных вынаходніцтвах сучаснай магіі", - уставіў Рон. – Які ж ён сучасны, калі яму шэсцьсот шэсцьдзесят пяць, праўда?
Наступнай раніцай на абароне ад сіл зла, перапісваючы з дошкі спосабы лячэння ад укусаў пярэваратняў, Гары з Ронам усё яшчэ абмяркоўвалі, што б яны сталі рабіць з філасофскім каменем, калі б ён у іх быў. І, пакуль Рон не сказаў, што ён бы набыў уласную квідытчную каманду, Гары не ўспамінаў ні пра Снэйпа, ні пра матч.