- А можа пярэварацень забіваць аднарогаў?
- Не з такой хуткасцю, - адказаў Хагрыд. - Аднарога злавіць не так проста, у іх магутная чароўная сіла. Я наогул нколі раней не бачыў параненага аднарога.
Яны абмінулі заімшэлы пень. Гары пачуў, як дзесьці струменіцца вада; пэўна, недалёка адсюль працякаў ручай. На сцяжынцы перыядычна траплялася кроў аднарога.
- Ты як, Герміёна? - шэптам спытаў Хагрыд. - Не бойся, ён не мог зайсці далёка, раз так моцна паранены, а значыць, мы зможам яго… ХАВАЙЦЕСЯ ЗА ДРЭВА!
Хагрыд згроб дзяцей, з неверагоднай хуткасцю адцягнуў іх ад сцяжынкі і схаваў за магутным дубам. Ён дастаў стралу, уставіў яе ў арбалет і ўзняў зброю, у любую хвіліну гатовы стрэліць. Усе трое замерлі, прыслухоўваючыся. Хтосьці або штосьці бясшумна перасоўвалася па сухой лістоце зусім побач: гук быў такі, як быццам доўгая мантыя злёгку дакранаецца да зямлі. Хагрыд прыжмурыўся, узіраючыся ў цемру, адкуль вілася сцяжынка, але праз некалькі секунд гук сціх.
- Так і ведаў, - прамармытаў Хагрыд, - ёсць тут штосьці, што быць тут не павінна.
- Гэта пярэварацень? - спытаў Гары.
- Не, ніякі гэта не пярэварацень, - змрочна адказаў Хагрыд. - Ну, чаго ж, хадзем за мной, толькі зараз ужо паасцярожней.
Яны пайшлі цішэй, прыслухоўваючыся да найменшага шоргату. Раптам наперадзе, на палянцы, нешта прамільгнула - дакладна нешта жывое.
- Хто там? - крыкнуў Хагрыд. - Здавайся - я ўзброены!
І на палянцы з'явіўся - чалавек або конь? Да пояса чалавек, з рудымі валасамі і барадой, але ніжэй пояса ў яго было ільснянае гнядое конскае тулава, з доўгім, рудаватым хвастом. Гары і Герміёна так і адкрылі роты ад здзіўлення.
- А, гэта ты, Ронан, - з палёгкай усклікнуў Хагрыд. - Як справы?
Ён падышоў і прывітаўся з кентаўрам за руку.
- Добры табе вечар, Хагрыд, - адказаў Ронан глыбокім сумным голасам. - Жадаў мяне застрэліць?
- Асцярожнасць першым чынам, Ронан, - усміхнуўся Хагрыд, паляпваючы па арбалеце. - Тут у вас у лесе завялася нейкая поскудзь. Так, між іншым, гэта Гары Потэр і Герміёна Грэйнджэр. Вучацца ў нас у школе. А гэта Ронан, дзеткі. Кентаўр.
- Мы здагадаліся, - слабым голасам адказала Герміёна.
- Добры вечар, - прывітаўся Ронан. - У школе, значыць? І што ж вы там вывучылі, у школе?
- Эммм….
- Трошкі ўсяго, - сціпла адказала Герміёна.
- Трошкі. Што ж, гэта ўжо сёе-тое. - уздыхнуў Ронан. Ён закінуў галаву і паглядзеў на неба. - Марс сёння яркі.
- Ага, - адказаў Хагрыд, таксама закідаючы галаву. - Слухай, добра, што мы цябе сустрэлі, Ронан, тут дзесьці паранены аднарог бадзяецца… Ты нічога не бачыў?
Ронан адказаў не адразу. Ён доўга не міргаючы глядзеў уверх, а потым зноў уздыхнуў.
- Нявінныя заўсёды становяцца першымі ахвярамі, - прагаварыў ён. - Так заўсёды было і заўсёды будзе.
- Ага, - не пярэчыў Хагрыд. - Але ты чаго-небудзь бачыў, Ронан? Чаго-небудзь незвычайнага?
- Марс сёння яркі, - паўтарыў Ронан, не звяртаючы ўвагі на нецярплівыя погляды Хагрыда. - Надзвычай яркі.
- Ага, але я маю на ўвазе незвычайнае тут, бліжэй да зямлі, - растлумачыў Хагрыд. - Значыць, ты нічога не прыкмячаў.
І зноў, Ронан памарудзіў перш чым даць адказ. Нарэшце, ён вымавіў:
- У лесе ўтойваецца шмат сакрэтаў.
Варушэнне за дрэвамі прымусіла Хагрыда зноў ускінуць арбалет, але гэта аказаўся ўсяго толькі яшчэ адзін кентаўр, чорнавалосы і вараны, больш дзікага выгляду, чым Ронан.
- Прывітанне, Бэйн, - сказаў Хагрыд. - Усё ў парадку?
- Добры вечар, Хагрыд, спадзяюся, ты здаровы.
- Здаровы, здаровы. Слухай, я ўжо пытаўся ў Ронана… Можа, ты бачыў што-небудзь незвычайнае апошнім часам? Аднарога ранілі - чуў пра гэта?
Бэйн падышоў і ўстаў побач з Ронанам. Паглядзеў на неба.
- Марс сёння яркі, - проста адказаў ён.
- Ведаю, - злёгку раздражніўся Хагрыд. - Добра, калі з вас хто чаго ўбачыць, скажыце мне, добра? А мы патупалі.
Гары і Герміёна пайшлі ўслед за ім, штохвілінна аглядаючыся праз плячо на кентаўраў, пакуль тыя не схаваліся за дрэвамі.
- Ніколі, - сказаў Хагрыд зараз ужо з непрыхаваным раздражненнем, - не даможашся прамога адказу ад кентаўра. Астраномы, разумееш. Калі чаго бліжэй месяца, яно ім да лямпачкі.
- А іх шмат тут? - спытала Герміёна.
- Ды нямала… Яны наогул трымаюцца асабняком, але заўсёды прыйдуць, калі мне трэба слоўцам перакінуцца. Яны, кентаўры, разумныя, між іншым… усё ведаюць… толькі не кажуць…
- А тады, як ты думаеш, мы таксама чулі кентаўра? - спытаў Гары.
- Хіба гук быў як у капытоў? Не-а, я так скажу: гэта і быў той, хто забівае аднарогаў, і я нічога падобнага раней не чуў.
Яны прабіраліся скрозь густы лес, які ўвесь складаўся з велічэзных чорных дрэваў. Гары ўвесь час нярвова аглядаўся цераз плячо. Яго пераследвала вельмі прыкрае пачуццё, што за імі сочаць. Ён быў страшна рады, што побач Хагрыд разам з яго арбалетам. Яны толькі што абмінулі чарговы паварот, як раптам Герміёна схапіла Хагрыда за руку.