Выбрать главу

- Добра, - паабяцаў Рон.

- Тады ўбачымся праз хвіліну - я спадзяюся.

І Гары адпусціў рукі. Ён стаў падаць уніз, уніз, уніз у халодную, вільготную цемру. Нарэшце…

ПЛЮХ. З прыглушаным далікатным храбусценнем ён прызямліўся на нешта мяккае. Ён сеў і памацаў вакол, вочы яго яшчэ не абвыклі да цемры. Падаецца, ён зваліўся на нейкую расліну.

- Парадак! - крыкнуў ён, уверх, у акенца святла памерам з паштовую марку - гэта была адтуліна люка наверсе, - тут мякка, прыгайце!

Рон адразу ж скокнуў. Ён прызямліўся, расцягнуўшыся побач з Гары.

- Што гэта за штука? - былі яго першыя словы.

- Не ведаю, нейкая расліна. Павінна быць, адмысловы подсціл, каб было мягчэй.

Удалечыні змоўкла музыка. Раздаўся гучны брэх, але Герміёна паспела скокнуць. Яна прызямлілася з іншага боку ад Гары.

- Мы, пэўна, на глыбіні некалькіх міль пад школай, - сказала яна.

- Як удала, што тут гэтая расліна, - адклікнуўся Рон.

- Удала?! - завішчала Герміёна. - Ды вы паглядзіце на сябе!

Яна ўскочыла на ногі і пачала прарывацца да сцяны. Ёй прыйшлося нялёгка, таму што ў тое самае імгненне, як яна прызямлілася, паўзучыя сцябліны расліны пачалі аблытваць яе ногі. Што ж датычыцца Гары з Ронам, дык яны і не заўважылі, як іх ногі ўжо былі дужа аплеценыя.

Герміёне атрымалася вызваліцца раней, чым расліна здолела як след учапіцца за яе. І зараз яна ў жаху глядзела, як хлопчыкі адчайна ваююць з ліянамі, аддзіраючы іх ад сябе, але, чым больш яны кідаліся, тым мацней і хутчэй расліна аплятала іх.

- Не варушыцеся! - загадала Герміёна. - Я ведаю, што гэта такое - гэта Сеткі Д'ябла!

- Якое шчасце, зараз мы ведаем, як яно завецца, можна памерці спакойна, - раздражнёна прахрыпеў Рон, адхіляючыся назад, каб абараніць сваю шыю ад нястомных сцяблін.

- Ціха! Я спрабую ўспомніць, як яго забіць! - прыкрыкнула Герміёна.

- Тады паспяшайся, я ўжо не магу дыхаць! - сіпла вытхнуўся Гары, аддзіраючы галіны ад грудзей.

- Сеткі Д'ябла, Сеткі Д'ябла… што ж казала Спроўт? Яно любіць цемру і вільгаць…

- Значыць, запалі агонь! - ускрыкнуў Гары.

- Так - вядома - але тут жа няма дроў! - выгукнула Герміёна, ламаючы рукі.

- ТЫ З ГЛУЗДУ З’ЕХАЛА? - закрычаў Рон. - ВЕДЗЬМА ТЫ АБО ХТО?

-Вядома! - узрадавалася Герміёна; і яна секанула палачкай, памахала ёю, пашаптала нешта, і накіравала на расліну магутнае блакітнае полымя, такое ж, якім падпальвала Снэйпа. Праз пару секунд хлопчыкі адчулі, што ліяны аслабілі хватку і адступіліся ад агню і святла. Курчачыся і выгінаючыся, Сеткі Д'ябла паступова адпускалі іх, і неўзабаве Гары з Ронам вызваліліся.

- Як добра, што ты была ўважлівая на гербалогіі, - Гары ўстаў побач з Герміёнай ля сцяны і пачаў выціраць пот з ілба.

- Ага, - сказаў Рон, - і як добра, што Гары не губляецца ў цяжкую хвіліну - "няма дроў", скажыце, калі ласка.

- Нам сюды, - Гары паказаў на каменны тунэль, які, уласна, быў адзінай дарогай наперад.

Акрамя сваіх крокаў, яны чулі толькі, як на падлогу, сцякаючы з вельмі вільготных сценаў, ціха падаюць кроплі вады. Тунэль вёў уніз, і Гары мімаволі ўспомніў "Грынгатс". Сэрца яго звалілася, калі ён успомніў, што чароўны банк ахоўваецца драконамі. Калі ім сустрэнецца дракон, дарослы дракон – ім і Норберта было больш чым досыць…

- Чуеш? - шапнуў Рон.

Гары прыслухаўся. Аднекуль зверху даносіўся шоргат і клекатанне.

- Думаеш, гэты прывід?

- Не ведаю… Больш падобна на шоргат крылаў.

На выхадзе з тунэлю перад імі адкрылася ярка асветленая зала з высокай скляпеністай столлю. Зала кішэла маленькімі зіготкімі птушачкамі, яны бязладна гойсалі туды-сюды, лёталі, пырхалі. У процілеглай сцяне былі цяжкія дубовыя дзверы.

- Яны нападуць, калі мы пройдзем праз залу? - спытаў Рон.

- Можа быць, - адказаў Гары. - На выгляд яны бяспечныя, але, думаю, калі накінуцца ўсё разам … што ж, выбару ўсё роўна няма… я пабег.

Глыбока ўдыхнуўшы і закрыўшы твар рукамі, Гары стралой паляцеў праз залу. Ён чакаў, што ў яго вось-вось усадзяцца вострыя клювікі і сталёвыя кагаткі, але нічога падобнага не адбылося. Ён цалкам удала дабраўся да дзвярэй. Пацягнуў за ручку, але дзверы апынуліся зачыненыя.

Яго спадарожнікі рушылі ўслед за ім. Яны цягнулі і пхалі, але дзверы не паддаліся, нават калі Герміёна выпрабавала "Алахамору".

- І што цяпер? - пацікавіўся Рон.

- Гэтыя птушкі… яны ж не могуць быць проста так… - задумалася Герміёна.

Яны стаялі і глядзелі, як птушкі носяцца ў іх над галавой, зіхоцячы... Зіхоцячы?

- Гэта не птушкі! - раптам выгукнуў Гары. - Гэта ключы! Ключы з крылцамі - зірніце ўважлівей! А такім чынам… - ён агледзеўся вакол, пакуль яго сябры ўзіраліся ў ключы. - Ёсць! Глядзіце - мётлы! Мы павінны злавіць ключ ад гэтых дзвярэй!