Выбрать главу

- НЕ! - закрычалі Гары і Герміёна.

- Гэта ж шахматы! - рэзка абарваў Рон. - Трэба чымсьці ахвяраваць! Калі я пайду на клетку ля Каралевы, яна мяне з'есць - але затое ты, Гары, паставіш мат каралю!

- Але…

- Ты жадаеш спыніць Снэйпа або не?

- Рон…

- Слухай, калі ты не паспяшаешся, ён дастане камень!

Альтэрнатывы не было.

- Гатовыя? - крыкнуў Рон, з бледным рашучым тварам. - Я пайшоў - і не марудзьце, калі выйграеце!

Ён ступіў наперад, і белая каралева кінулася на яго. Яна моцна стукнула Рона па галаве сваёй каменнай рукой, і ён як падкошаны зваліўся на падлогу - Герміёна закрычала, але не сыйшла са сваёй клеткі - белая каралева адцягнула Рона ў бок. Ён, падаецца, быў без прытомнасці.

Дрыжачы, Гары перайшоў на тры клеткі налева.

Белы кароль сцягнуў з сябе карону і кінуў яе да ног Гары. Чорныя выйгралі. Шахматныя фігуры пакланіліся і расступіліся, вызваліўшы дарогу да дзвярэй. Кінуўшы апошні адчайны погляд на Рона, Гары з Герміёнай прайшлі ў дзверы і апынуліся ў наступным калідоры.

- А што, калі ён?…

- З ім усё будзе ў парадку, - сказаў Гары, імкнучыся ўпэўніць сам сябе. - Як ты думаеш, што далей?

- Мы ўжо прайшлі заклён Спроўт, гэта былі Сеткі Д'ябла; ключы - гэта, мабыць, Флітвік; МакГонагал ажывіла шахматныя фігуры; застаюцца заклёны Квірэла і Снэйпа…

Яны падышлі да наступных дзвярэй.

- Ну што? - прашаптаў Гары.

- Пайшлі.

Гары пхнуў дзверы.

У ноздры стукнуў агідны пах, прымусіўшы іх абодвух закрыць насы вопраткай. Вочы заслязіліся, але і скрозь слёзы яны разгледзелі прама перад сабою на падлозе троля, які ляжаў на спіне, ён быў шмат буйнейшы, чым той, з якім ім давялося дужацца. Троль ужо астыў. На галаве ў яго зяўрала крывавая рана.

- Якое шчасце, што нам не трэба з ім ваяваць, - шэптам выклікнуў Гары, пераступаючы праз масіўныя ногі. - Пайшлі хутчэй, дыхаць немагчыма.

Ён адчыніў наступныя дзверы, прычым абодва яны ледзьве прымусілі сябе зірнуць, што ж іх там чакае - але нічога страшнага не было, толькі столік з сям'ю бутэлечкамі рознай формы.

- Снэйпава праца, - сказаў Гары. - Што трэба рабіць?

Яны ступілі праз парог, і тут жа за спінай ускалыхнулася полымя. Незвычайнае полымя, пурпуравае. У тую ж секунду на парозе дзвярэй, што вялі далей, ускінуліся языкі чорнага полымя. Дзеці апынуліся ў пастцы.

- Глядзі! - Герміёна схапіла скрутак, што ляжаў побач з бутэлечкамі. Гары праз яе плячо прачытаў:

Перад вамі ляжыць небяспека, яе вы абралі раней,

Двое з нас вам дапамогуць, ды трэба шчэ нас адшукаць.

Адзін з сямі дасць вам магчымасць пайсці шляхам далей,

Другі ўратаванне падорыць, пакажа дарогу назад.

Двое з нас абсалютна бяспечны, наліты ў іх толькі сок,

Але трое іншых - забойцы, атруту для вас згатавалі.

Каб не застацца тут вечна, зрабіце рашучы крок,

Для вас мы чатыры падказкі падрыхтавалі:

Першае, дзе б ні хавалася, дзе б ні была атрута,

Ад соку яна будзе злева, можаце занатаваць;

Другое: у крайніх па смаку розніца будзе адчута,

Але,калі трэба наперад, навошта вам іх каштаваць?

Яшчэ: памер не галоўнае, трэцяя кажа падказка,

Самы вялікі й малы смерці ў сабе не нясуць;

Адное і тое ж наліта ў другім і злева, і справа.

Вось і ўвесь наш аповед, ну што жа, спрабуй цяпер смерць падмануць.

Герміёна шумна ўздыхнула, і Гары, да свайго вялікага здзіўлення, выявіў, што яна ўсміхаецца - апошняе, што ён мог чакаць сам ад сябе ў гэтую хвіліну.

- Геніяльна, - захапілася Герміёна, - Гэта не магія - гэта логіка - загадка. Шмат хто з вялікіх чараўнікоў не мелі ні грама логікі, яны б захраснулі тут назаўжды.

- Як і мы, хіба не?

- Зразумела, не, - сказала Герміёна. - Уся інфармацыя, якая нам патрэбна, тут, у скрутку. Сем бутэлечак: у трох яд; у двух сок; адна з іх правядзе нас праз чорны агонь, і яшчэ адна дазволіць прайсці назад скрозь пурпурнае полымя.

- Але як пазнаць дзе што?

- Дай мне хвілінку падумаць.

Герміёна некалькі раз прачытала верш. Пахадзіла ўздоўж шэрагу бутэлечак, мармычучы сабе пад нос і тыкаючы пальцам. Нарэшце, яна пляснула ў ладкі.

- Зразумела, - абвясціла яна. - Самая маленькая бутэлечка прывядзе нас да каменя - скрозь чорнае полымя.

Гары змераў поглядам маленькую бутэлечку.

- Тут ледзьве хопіць на аднаго, - сказаў ён. - Зірні - тут не больш аднаго глытка.

Яны пераглянуліся.