Эльф павольна захістаў галавой.
— Не... змову ладзіць не той Чые Імя Нельга Называць, сэр.
Аднак вочы хатняга эльфа расшырыліся, быццам ён жадаў намякнуць на нешта, але Гары не зразумеў на што.
— А ён часам не мае брата?
Добі зноў адмоўна пахістаў галавой, а яго вочы пашырыліся да небяспечнай мяжы.
— Ну, я больш не магу прыпомніць анікога, хто можа стварыць у Хогвартсе, хоць нешта жудаснае, — заявіў Гары. — Тым больш, калі там ёсць Дамблдор... ты ж ведаеш Дамблдора?
Добі кіўнуў у адказ.
— Альбус Дамблдор — найвялікшы з хогвартскіх дырэктароў. Добі ведае пра яго, сэр. Добі яшчэ чуў, што Дамблдор быў здольны пазмагацца з Тым Чые Імя Нельга Называць, калі той быў на вяршыні сваёй магутнасці. Але, сэр, — яго голас ператварыўся на ледзь чутны шэпт, — ёсць СІЛЫ, якімі Дамблдор... якімі ня будзе карыстацца аніводзін прыстойны чарадзей...
І перш чым Гары паспеў яго супыніць, Добі саскочыў з ложка, схапіў настольную лямпу і прыняўся з аглушальным віскам біць ёй па сваёй галаве.
Раптам на першым паверсе запанавала цішыня. А две секунды пазней гарына сэрца пачало шалёна калаціцца, ён пачуў як дзядзька Вернан пакідаў гасцёўню, кажучы:
— Напэўна Дадлі зноў пакінуў тэлевізар уключаным, шкода мая малая!
— Хутчэй! Залязай сюды— прасыкаў Гары, запхнуў Добі ў шафу, зачыніў дзверы і толькі паспеў легчы на ложак, як дзверы ў яго пакой адчыніліся.
— Якога... ЛІХА... ты... тут... тварыш. — наблізіўшы свой твар да гарынага, праз зубы спытаўся дзядзька. — Ты толькі што сапсаваў кульмінацыйны момант майго жарту аб японскім гальфісце... яшчэ адзін гук, хлопча, і ты пашкадуеш, што нарадзіўся на свет!
Дзядзька валюхаста пакінуў пакой.
Дрыготкімі рукамі. Гары выпусціў эльфа з шафы.
— Ты бачыш, як я тут існую?— сказаў ён. — Цяпер разумееш, чаму я павінен павярнуцца да Хогвартса? Гэта адзінае месца дзе я маю... думаў, што маю сяброў.
— Сяброў, якія нават ня пішуць Гары Потэру?— з хітрыкамі ў голасе, спытаўся Добі.
— Спадзяюся, яны маюць... чакай, — змрочна спытаў хлопчык. — Адкуль ты ведаеш, што мае сябры не пішуць мяне?
Добі задыгаў нагой.
— Гары Потэр не павінен злавацца на Добі... Добі рабіў так, як палічыў лепшым для...
— ТЫ ШТО, ПЕРАХОПЛІВАЎ МАЮ ПОШТУ?
— Яны ўсе ў Добі, — адказаў эльф. Ён хуценька адступіў на колькі крокаў і выцягнуў са сваёй навалачкі тоўсты пачак лістоў. Сярод лістоў былі падпісаныя прыгожымі літаркамі Герміёны, неахайнай мазнёй Рона і крамзолямі якія маглі належыць толькі хогвартскаму палясоўшчыку Хагрыду.
Міргаючы, Добі занепакоена пазіраў на Гары.
— Гары Потэр не павінен злавацца... Добі спадзяваўся... што, калі Гары Потэр вырашыць, што сябры забыліся пра яго... Гары Потэр не пажадае вяртацца ў школу, сэр...
Але Гары ўжо не слухаў яго. Хлопчык паспрабаваў схапіць лісты, але Добі быў спрытнейшым.
— Гары Потэр атрымае свае лісты, толькі калі дасць Добі абяцанне не вяртацца ў Хогвартс. Вох, сэр, вы не павінны ставіць сябе пад гэткую небяспеку. Абяцайце, што не вернецеся, сэр!
— Не!— раззлавана сказаў хлопчык. — Аддай мне лісты маіх сяброў!
— Тады ў Добі няма іншага выйсця, — з маркотай прамовіў эльф.
І перш чым Гары паспеў штосьці зрабіць, Добі кінуўся да дзвярэй, штуршком адчыніў іх... і кінуўся на першы паверх.
Гары, у якога імгненна перасохла ў роце і закруціла ў страўніку, намагаючыся не шумець, кінуўся следам за ім. Апошнія шэсць прыступак хлопчык адолеў у адзін скок, па кацінаму ціха апусціўся на дыванок, шукаючы вачамі Добі. Ён пачуў, як у сталовай дзядзька Вернан кажа: “...містэр Мэйсан, мая жонка Пятунья, памірае, як хоча пачуць тую вашу смешную гісторыю аб амерыканскіх сантэхніках...”
Праз хол, Гары забег на кухню і адчуў, як пахаладзела ў яго грудзях.
Кулінарны шэдэўр цёткі Пятуньі са смятанкі і цукровых фіялак павольна плаваў пад столлю, а непадалёк, на буфеце сядзеў Добі.
— Не рабі гэтага, — прахрыпеў хлопчык. — Калі ласка... ня трэба... яны ж заб’юць мяне...
— Гары Потэр павінен паабяцаць, што ня вернецца ў школу...
— Калі ласка... Добі...
— Паабяцайце, сэр...
— Не магу!
Добі з жалем на твары паглядзеў на хлопца.
— Дзеля дабра Гары Потэра, Добі вымушаны гэта зрабіць.
З грукатам, ад якога ў хлопчыка ледзь не супынілася сэрца, пудзінг абрынулся на падлогу. Сцены і вокны імгненна запырскаліся крэмам. Адчуўся гук, нагадваючы свіст пугі і Добі знік.
Са сталовай пачуліся крыкі, дзядзька Вернан уварваўся на кухню дзе знайшоў Гары, ушчэнт сшакаванага і з галавы да ног заляпанага цёткіным пудзінгам.
Першы час здавалася, што ў дзядзькі атрымаецца ўсё наладзіць. “Гэта наш пляменнік... у яго зусім дрэнна з галавой... ён баіцца чужых людзей, таму мы трымалі яго на другім паверсе...”— прамовіў ён перапуганым Мэйсанам, вяртаючы іх назад у сталовую. Потым, паабяцаўшы, што здзярэ па дробных кавалачках усю гарыну скуру, калі адыйдуць госці, дзядзька ўпёр хлопчыку ў рукі швабру. Цётка знайшла ў лядоўні крыху марозева і пакінула Гары, які ўсё яшчэ дрыготкімі рукамі спрабаваў адчысціць кухню.