Выбрать главу

  - Правільна, - пагадзіўся Рон. - Пайшлі, Гары, я пакажу, дзе я сплю - на самым…

  Рон раптам змоўк і пазелянеў. Астатнія трое хутка абярнуліся.

  Місіс Уізлі крочыла праз двор, распуджваючы куранятаў, і проста дзіўна, як яна, нізенькая, пухленькая, лагодная жанчына была настолькі падобная зараз на шаблязубага тыгра.

  - Ой, - сказаў Фрэд.

  - М-мама, - сказаў Джордж.

  Місіс Уізлі рэзка спынілася перад імі, уперла рукі ў бокі і моўчкі пераводзіла погляд з аднаго вінаватага твару на іншы. На ёй быў квятчасты фартух, з кішэні якога тырчала чароўная палачка.

  - Ну, - сказала яна.

  - Добрай раніцы, мама, - сказаў Джордж, і толькі яму аднаму здалося, што голас яго прагучаў лёгка і бестурботна.

  - Вы сабе ўяўляеце, як я хвалявалася? - вымавіла місіс Уізлі страшным шэптам.

  - Прабач, мама, але разумееш, нам трэба было…

  Усе тры сыны місіс Уізлі былі вышэй яе ростам, але яны прыкметна скукожыліся пад уздзеннем ейнага гнева.

  - Ложкі пустыя! Занатоўкі няма! Машыны няма - маглі разбіцца - ледзь не звар’яцела ад хвалявання - вам напляваць? - ніколі, за ўсё маё жыццё - вось прыйдзе бацька, ён вам пакажа - ні Біл, ні Чарлі, ні Персі, ніколі нічога падобнага…

 - Бездакорны Персі, - прамармытаў сабе пад нос Фрэд.

  - А ТАБЕ НЕ ЗАМІНУЛА Б УЗЯЦЬ З ЯГО ПРЫКЛАД! - заекатала місіс Уізлі. - Вы маглі загінуць, вас маглі ўбачыць, бацька мог страціць з-за вас працу…

  Падавалася, што гэта працягвалася шмат гадзін. Місіс Уізлі паспела ахрыпнуць, перш чым звярнулася да Гары - і той адступіўся.

  - Я вельмі радая, што ты прыехаў, Гары, дарагі, - сказала місіс Уізлі. - Заходзь, ты ж, пэўна, галодны з дарогі.

  Яна звярнулася і пайшла ў дом, а Гары спалохана паглядзеў на Рона і, атрымаўшы ад яго падбадзёрвальны позірк, рушыў услед за ёй.

  Кухня была маленькая і даволі абшарпаная. Усярэдзіне стаялі габляваны драўляны стол і крэслы. Гары прысеў на край аднаго з іх і стаў аглядацца па баках. Да гэтага ён ніколі яшчэ не быў у чароўным доме.

  На сцяне насупраць вісеў гадзіннік з адной стрэлкай і зусім без лічбаў. Замест іх былі надпісы: "Час ставіць гарбату", "Час карміць куранятаў", "Зноў спазніўся". На каміннай паліцы ў тры шэрагі стаялі кніжкі, з загалоўкамі тыпу "Магічная разыначка для кожнага", "Чароўная выпечка", "Абед за адну хвіліну!". І, альбо Гары ашукваў яго ўласны слых, альбо па старым радыё над ракавінай толькі што абвясцілі, што праз пару хвілін пачнецца "Ведзьміна гадзіна", на якую запрошаная Селесціна Уорбэк, "спявачка-чараўніца".

  Місіс Уізлі клапатала вакол. Яна спрытнымі, хоць і некалькі нядбайнымі рухамі рыхтавала сняданак і пасля кожнай кінутай на патэльню сасіскі кідала гнеўныя погляды на сваіх сыноў. Праз роўныя прамежкі часу з яе боку даносілася выразнае бурчанне - "не ведаю, дзе была ваша галава" і "нізашто б не паверыла".

  - Цябе я не вінавачу, любы, - запэўніла яна Гары, наваліўшы яму на талерку не менш за паўтузіна сасісак. - Мы з Артурам самі аб табе вельмі турбаваліся. Як раз учора ўвечары мы казалі аб тым, што паедзем і забярэм цябе самі, калі да пятніцы Рон не атрымае ад цябе адказу. Але, на самай справе (яна дадала да сасісак яечню з трох яйкаў), ляцець на машыне праз усю краіну - вас хто заўгодна мог убачыць…

  Паміж справай яна пастукала чароўнай палачкай па талерках у ракавіне, і тыя пачалі самі сабою мыцца, паціху пазвякваючы адна аб адну.

  - Было воблачна, маці! - не вытрымаў Фрэд.

  - За сталом не размаўляюць! - люта рыкнула місіс Уізлі.

  - Мам, яны яго не кармілі! - сказаў Джордж.

  - Ты таксама маўчы! - прыкрыкнула і на яго місіс Уізлі, але выраз яе твару крыху памякчэў, і яна пачала наразаць для Гары хлеб і намазваць яго маслам.

  У гэты момант здарылася штосьці, што прыцягнула ўсеагульную ўвагу - з'явілася маленькая, яркагаловая фігурка ў доўгай начной кашулі, ціха завішчала і выбегла прэч.

  - Джыні, - нягучна сказаў Рон, звяртаючыся да Гары. - Мая сястра. Яна ўсё лета толькі пра цябе і гаварыла.

  - Ага, ты потым дай ёй аўтограф, Гары, яна будзе шчаслівая, - ухмыльнуўся Фрэд, але, злавіўшы погляд маці, змоўк і ўткнуўся носам у талерку. Больш ні словы не было сказана да таго, як усе чатыры талеркі не былі чыста вылізаныя - што заняло надзвычай мала часу.

  - Жах, да чаго я стаміўся, - пазяхнуў Фрэд, адкладаючы нарэшце відэлец і нож. - Пайду-ка я пасплю.

  - Нікуды ты не пойдзеш, - заявіла місіс Уізлі. - Сам вінаваты, што не выспаўся. Ты адправішся ў сад, яго даўно трэба абязгноміць; яны зноў цалкам адбіліся ад рук…