Выбрать главу

    Дадлі сноўдаўся вакол і еў марозіва, а Гары памыў вокны ў доме, памыў машыну, падстрыг газон, прапалоў кветнікі, абрэзаў і паліў ружы, а таксама падфарбаваў садовы ўслон. Сонца бязлітасна паліла, абпальваючы ззаду шыю. Гары ведаў, што яму не варта было слухаць, што там казаў Дадлі, але той здолеў усё ж ткнуць у хворае месца… можа быць, у яго і праўда няма сяброў у "Хогвартсе"…

   Шкада, што ніхто не бачыць знакамітага Гары Потэра зараз, люта думаў ён, раскладваючы гной на градкі, абліваючыся потам, знемагаючы ад болю ў спіне.

   Была палова на восьмую, калі ён, стомлены, пачуў нарэшце, што яго кліча цётка Пятуння:

  - Захадзі ў дом! І ідзі па газетах!

   Гары з палёгкай увайшоў у прахалоду зіготкай чысціні кухні. На халадзільніку стаяў прызначаны для гасцей пудынг: вялізная шапка ўзбітых вяршкоў і цукровыя фіялкі. У духоўцы шыпеў вялікі кавалак свіной паляндвіцы.

  - Давай ясі па-хуткаму! Мэйсаны хутка прыйдуць! - гыркнула цётка Пятуння і шпурнула на сподак два кавалачкі хлеба і рэшткі сыра. Яна ўжо апранула вячэрнюю сукенку колеру ласося.

   Гары памыў рукі і запіхаў у рот сваю небагатую вячэру. Ледзь толькі ён скончыў, цётка выхапіла талерку у яго з рук.

  -Наверх! Хутка!

   Праходзячы паблізу дзвярэй у гасціную, Гары мімаходам убачыў дзядзьку Вернана і Дадлі ў смокінгах. Ён толькі-толькі падняўся на лесвічную пляцоўку на другім паверсе, як пачуў званок, а твар дзядзькі з'явіўся поруч парэнч унізе.

  - Запомні, хлопец - адзін раз пікнеш…

   Гары на пальчыках пракраўся ў свой пакой, слізгануў унутр, зачыніў за сабою дзверы і звярнуўся да ложка з намерам паваліцца на яго без сіл.

   Бяда ў тым, што ложак ужо быў заняты - на ім ужо хтосьці сядзеў.

— РАЗДЗЕЛ II —

Папярэджанне Добі

Гары толькі цудам утрымаўся і не ўскрыкнуў. У маленечкага стварэння на ложку былі вялікія, як у кажана, вушы і зялёныя вочы памерам з тэнісны мяч. Гары адразу ж здагадаўся, што менавіта гэтыя вочы глядзелі на яго з садовай загарадзі сёння раніцай.

   Гары і візіцёр моўчкі ўтаропіліся адзін на аднога, а ў гэты час знізу данёсся голас Дадлі:

   - Дазвольце ўзяць вашыя паліто, містэр і місіс Мэйсан?

   Стварэнне сасклізнула з ложка і адвесіла паклон, такі глыбокі, што кончык яго доўгага, тонкага носу крануў дыван. Гары толькі зараз зазначыў, што няпрошаны госць апрануты ў штосьці накшталт старой навалачкі з неакуратна прадзёртымі дзіркамі для рук і ног.

   - Эээ… добры дзень! - нерашуча сказаў Гары.

   - Гары Потэр! - выклікнула істота пранізлівым голасам, які напэўна павінен быў дайсці да першага паверху. - Даўным-даўно марыў Добі аб знаёмстве з вамі… Такі вялікі гонар…

   - Дзя..дзякуй, - сказаў Гары, падышоўшы да крэсла каля пісьмовага стала і разгублена апусціўшыся на яго. Побач, у клетцы, моцна спала Хэдвіг. Хлопчык хацеў было спытаць: "Што вы за істота?", але падумаў, што гэта будзе занадта ўжо няветліва і таму абмежаваўся нявызначаным: "Хто вы?"

   - Добі, сэр. Проста Добі. Добі - Хатні эльф, - адказаў госць.

   - Праўда? - выклікнуў Гары. - Эээ… паслухайце, я не хацеў бы падацца няветлівым і ўсё такое, але… у мяне зараз такі момант… ну, не самы прыдатны час, каб прымаць Хатніх эльфаў у сваім пакоі.

   Залівісты, фальшывы смех цёткі Пятунні дакаціўся з гасцінай. Эльф павесіў галаву.

   - Не тое, каб я не быў рады вашаму візіту, - хутка дадаў Гары, - але, ммм… вы ж прыйшлі з нейкай асаблівай нагоды?

   - О, так, сэр, - сур'ёзна сказаў Добі, - Добі прыйшоў сказаць вам, сэр… гэта нялёгка, сэр… Добі нават не ведае, з чаго пачаць…

   - Прысаджвайцеся, - ветліва прапанаваў Гары, паказваючы на ложак.

   Да яго найвялікшага жаху, эльф раптам вельмі гучна зарыдаў.

   - П-п-прыса-а-а-джвайцеся…, - скуголіў ён, - ніколі… ніколі раней…

   Гары пачуў, што галасы ўнізе на секунду сціхлі.

   - Прабачце, - прашаптаў ён, - я зусім не хацеў вас пакрыўдзіць і наогул…

   - Пакрыўдзіць Добі! - захлынуўся эльф. - Добі яшчэ ніхто ніколі не прапаноўваў сесці… ні адзін вядзьмак… як роўнаму…

   Гары, спрабуючы адначасова казаць "шшш" і рабіць спачуваючы выраз твару, праводзіў Добі да ложка, дзе той сеў, ікаючы, падобны на вялікую выродлівую ляльку. Нарэшце ён здолеў узяць сябе ў рукі, і ўтаропіўся на Гары сваімі вялізнымі вачыма з выразам слязлівай любові.