- Шматлікія ведзьмакі лічаць, што на розныя там маглаўскія фокусы не варта марнаваць часу, - сказаў Фрэд, - а вось нам падаецца, што некаторым рэчам вельмі нават варта павучыцца, хай нават яны не так хутка дзейнічаюць, як вядзьмарства.
Пачулася ціхая пстрычка.
- Ну што - мы прыцягнем твой куфар, а ты збяры тут усё, што трэба і перадай Рону, - шэптам загадаў Джордж.
- Асцярожна на ніжняй прыступцы - яна рыпіць, - прашаптаў Гары ўслед двайнятам.
Потым ён залётаў па пакоі, збіраў рэчы і перадаваў іх у акно Рону. Потым дапамог Фрэду і Джорджу зацягнуць куфар уверх па лесвіцы. Дзядзька Вернан кашлянуў у спальні.
Нарэшце, задыханыя, яны дасягнулі пляцоўкі другога паверху і аднеслі куфар да адчыненага акна. Фрэд пералез у машыну, каб дапамагчы Рону цягнуць, а Гары з Джорджам пхалі з пакоя.
Дзядзька Вернан зноў кашлянуў.
- Яшчэ крышку, - напружана прасіпеў Фрэд з машыны, - яшчэ разок пхніце…
Гары і Джордж наваліліся плячыма, і куфар праслізнуў па падваконню на задняе сядзенне.
- Ну ўсё, адчальваем, - шапнуў Джордж.
Але, як толькі Гары ўзлез на падваконне, як з пакоя пачуўся гучны абураны крык савы, а следам за ім - не меней абураны рык дзядзькі Вернана:
- ЧОРТАВА САВА!
- Я забыўся на Хэдвіг!
Гары праімчаўся праз увесь пакой, выключальнік наверсе поруч лесвіцы ўжо пстрыкнуў - хлопчык схапіў клетку, куляй пранёсся да акна і перадаў саву Рону. Потым ён ізноў улез на падваконне, а дзядзька Вернан ужо барабаніў у незапертыя дзверы - і яны з трэскам расчыніліся.
На нейкае імгненне сілуэт дзядзькі Вернана нерухома застыў у праёме; затым дзядзька выдаў раз’юшаны крык разлютаванага быка, галавой наперад рынуўся на Гары і паспеў ухапіць яго за ладыжку.
Рон, Фрэд і Джордж у сваю чаргу схапілі Гары за рукі і сталі з усіх сіл цягнуць.
- Пятуння! - екатаў дзядзька Вернан. - Ён збягае! ЗБЯГАЕ!
Тут Уізлі дружна паднаціснулі, і нага Гары высклізнула з жалезнай лапішчы дзядзькі Вернана - Гары апынуўся ў машыне - зачыніў за сабою дзверы…
- Паехалі, Фрэд! - прароў Рон, і машына стралой паляцела ў кірунку Месяца.
Гары не мог паверыць свайму шчасцю - ён быў свабодны! Ён высунуўся з акна - начны вецер церабіў валасы - і паглядзеў на стрэхі дамоў Цісавай вуліцы, якія хутка змяншаліся. Дзядзька Вернан, цётка Пятуння і Дадлі , утрох, аслупянелыя ад здзіўлення, назіралі за ім з акна яго пакоя.
- Убачымся наступным летам! - крыкнуў Гары.
Хлапчукі зарагаталі, і Гары адкінуўся на спінку сядзення, шырока усміхаючыся.
- Выпусці Хэдвіг, - папрасіў ён Рона. - Хай ляціць за намі. Яна ўжо тысячу гадоў не выпроствала крылы.
Джордж працягнуў Рону шпільку і праз імгненне Хэдвіг радасна вырвалася з акна і бясшумна як прывід знікла ў цемры ночы.
- Такім чынам - што ж за гісторыя? - пачаў нецярпліва распытваць Рон. - Што з табой здарылася?
Гары ўсё ім распавёў: і пра Добі, і пра ягоную перасцярогу, і пра фіяска, якое пацярпеў фіялкавы пудынг. Пасля таго як ён скончыў свой расповед, наступіла доўгае маўчанне.
- Нейкая бязглуздзіца, - у рэшце рэшт вынес прысуд Фрэд.
- Сапраўды, нешта дзіўнае, - пагадзіўся Джордж. - І ён табе нават не сказаў, што гэта там за змова і хто ў ёй удзельнічае?
- Мне падаецца, ён не мог, - адказаў Гары. - Кажу вам, усякі раз як ён даходзіў да таго, што мог прагаварыцца, ён пачынаў біцца галавой аб сцяну.
Фрэд з Джорджам паглядзелі адзін на аднога.
- Што? Думаеце, ён мне нахлусіў?
- Ну-у-у, - працягнуў Фрэд, - скажам так: у эльфаў з магіяй усё ў парадку, толькі звычайна яны не могуць ёю скарыстацца без дазволу гаспадара. Думаю, старога Добі даслалі, каб ты не вяртаўся ў "Хогвартс". Хтосьці, так бы мовіць, пажартаваў. Як ты думаеш, ёсць у кагосьці на цябе зуб?
- Так, - адразу ж адказалі Рон і Гары, хорам.
- Драко Малфой, - растлумачыў Гары. - Ён мяне ненавідзіць.
- Драко Малфой? - перапытаў Джордж. – Выпадкова, не сын Люцыюуса Малфоя?
- Напэўна, бо прозвішча не вельмі распаўсюджанае. - сказаў Гары. - А што?
- Ды я чуў, што тата пра яго казаў, - растлумачыў Джордж. - Ён у свой час падтрымліваў Сам-Ведаеш-Каго.
- А калі Сам-Ведаеш-Хто знік, - дадаў Фрэд, выгінаючы шыю, каб паглядзець на Гары, - Люцыюс Малфой вярнуўся і сказаў, што рабіў усё пад закляццямі Сам-Ведаеш-Каго і ні ў чым не вінаваты. Але гэта ўсё хлусня - тата ўпэўнены, што ён быў у вельмі блізкім асяроддзі Цёмнага Лорда.
Гары і раней чуў падобныя размовы пра сям'ю Малфояў, і ніколі ім не здзіўляўся. У параўнанні з Малфоям Дадлі выглядаў разумным, добрым хлопчыкам.