— Грамадзяне янкавінцы! — пачуўся ў гэтай гамане голас івянецкага высыльнага, Кіеўскага, невысокага, поўнага чорнавалосага чалавека.— Мы аддадзім зараз на вечны супакой у вашай зямлі цудоўнага чалавека. Ён з новых, перадавых людзей, што прысвяцілі сваё жыццё светлай будучыні людзей усяго свету, Расіі, за вашы лепшыя новыя дні, грамадзяне янкавінцы! Гэта быў адукаваны, шчыры, сумленны чалавек, стойкі баец, што змагаўся з несправядлівасцю, умеў цярпець усе пакуты i нягоды, што, на жаль, наша вялікая Айчына шчодра адпускае сваім лепшым сынам, жорстка праследуе i карае...
— Спыніце антыдзяржаўныя прамовы! — недзе ззаду пачуўся голас Ледзяша, які, выходзіць, таксама прыйшоў сюды.— Аддаў чорту душу адшчапенец — дык i зарывайце!
Прамоўца збянтэжыўся, паўзіраўся чорнымі вачыма ў натоўп, шукаючы позіркам таго, хто не толькі замінаў гаварыць, але i так непрыстойна кашчунстваваў. Сумеліся, пачалі азірацца з насцярогаю i янкавінцы.
Каб не разладзіць пахаванне, Алесь знайшоў, дзе той Ледзяш, а пасля хутка праціснуўся цераз гурт i сутыкнуўся з ім твар у твар. Той, у мундзіры, у ботах, з фуражкаю ў руцэ, пазіраў насуплена. Шчокі былі падрапаныя — пасля нядаўніх, велікодных, прыгод.
— Перастаньце! — нягучна, але строга прамовіў Алесь.— Няўжо не маеце ні кропелькі такту, розуму? Вы ж таксама смертны...
— Толькі без мітынгаў...— агрызнуўся той.— I не сыкай, панімаеш! Я хутка знайду ўправу! На цябе — таксама... Не доўга ўжо табе гуляць...
— Не дзеля нас, дзеля новай Расіі — памаўчыце, калі ласка!
— Не-э! Не будзе, не дачакаецеся вы ніякай «новай Расіі»...
— I праўда,— загаманіў Міхайла Чорны,— дайце пахаваць чалавека...
— От цалавек! — загневаўся i Пятро Чорны.— Нават i тут яго трасца дрэнцыць...
— Вот паглядзім, хто на яго пахаванне сюды прыйдзе...
— Ды ніхто!
— ...Барацьба, што вёў наш друг, не закончылася, не мае яшчэ перамогі,— адчуўшы падтрымку, загаварыў далей Кіеўскі,— мы, сябры, аднадумцы, будзем весці яе далей. I мы даб'емся свайго. I верце, грамадзяне янкавінцы, не вы, дык вашы дзеці будуць жыць у той светлы час, за які аддаў жыццё наш незабыўны Юры Васільевіч. Пухам табе зямля, дружа!
Замаўчаў, спахмурнеў у жалобе. Пасля пацалаваў у лоб, адышоўся. За ім развіталіся i яго калегі.
Пасля, калі Чорныя забілі цвікамі века труны i апусцілі яе вяроўкамі на дно ямы, калі засыпалі яе жоўтым пяском, выраўнялі магілку, калі той-сёй (Чорныя, Алесь, Чарноў, івянецкія высыльныя) пайшлі да Собаліхі на вячэру. Чарноў падпіў, разжалобіўся i плакаў Алесю:
— Аляксандр Восіпавіч, якога чалавека мы сёння пахавалі! Якіх выдатных сыноў губляе Расія! З кім мы застанёмся? З кім будзем жыць?
1.
Сцяпан Чорны зірнуў у акно: на дварэ светлата, цеплынь. Каторы ўжо дзень. Усё смялей зелянее вакол. Абедзве нявесткі, дзеці ў гародчыку — капаюць грады, разбіваюць камякі зямлі, вытрасаюць пустазелле. Вось дзеці загулі, закрычалі, пабеглі да плота. Старэйшыя, Кастусь, Язэп, перасягнулі яго, пашыбавалі ўздоўж старога плота i вуліцы. Сцяпан прыплюшчыў блізарукія вочы: насустрач ім на мыліцах, на адной назе чыльгікае чалавек. Адна нага ў чаравіку, другой няма. Замест яе пустая калашына, што падаткнута пад пояс. Паліто расхінутае, дык гэта ўсё добра відаць. I як пабегла з гародчыка старэйшая нявестка, Аўдоля, абамлела сэрца: ды гэта ж старэйшы сын! Кірыла! Без нагі!
Аўдоля вось выбегла з двара, павісла па Кірылавай шыі; дзеці, Кірылавы i Андрэевы, абляпілі ix.
— Паўліна...— прашаптаў ён, падняўся.— Kiрыла вярнуўся... Без нагі...
— О, божа! — спалохалася жонка, пагрэблася з печы. Спаўзла, хістаючыся, патэпала да акна. Жахнулася, убачыўшы.— Без нагі! Калека!
Ён адчуў, чаму бегла з лямантам Аўдоля, чаму так жахнулася яна, маці. Ён i сам у першую хвіліну тое ж падумаў: які цяпер з Кірылы работнік! Будзе ўжо век гараваць сам, будзе жыць у галечы сям'я!
— Дзякуй богу, што жывы...— прамовіў уголас...— Колькі вунь нашых i чужых мужчын пагінула i ў Сібіры, i ў Амерыцы!
Аўдоля i дзеці адпусцілі Кірылу; ён, падскакаючы на адной назе, спрытна пакіраваў сюды, да хаты. Ідучы па двары, спачатку памахаў рукою братавай, Гані, тая, чамусьці прыкрываючы абедзвюма рукамі жывот, усё яшчэ стаяла ў гародчыку i ciратліва пазірала на яго, а пасля, з няёмкасцю ўсміхаючыся, памахаў рукою i ім, бацькам.
— Божачка! — прашаптала Паўліна.— A сівы-сівы ўжо! Як i ты!
— Што ж ты хочаш,— прамовіў ён,— не на гулянцы, не ля мора цёплага быў. У шахце...
Кірыла пераставіў мыліцы цераз парог — дзверы яму адчынілі сыны,— пераскочыў.