— Дажывём — тое i будзе...— хітра ўсміхнуўся сусед, павярнуўся i патупаў да сваіх саней.
4.
Вярнуліся ў Янкавіны пад вечар, у колкі ўжо мароз. Якраз над вёскаю віліся белаватыя дымы з комінаў, слупіліся, распаўзаліся, а далей, высока-высока, сцягваліся ў адно светлае воблака на сіне-шэрым небе. Ніз гэтага воблака i белыя стрэхі хат былі ружовыя — ад сонца, што апусцілася ўжо за вярхоўе лесу.
Калi мінулі Могліцы, дык каля Шлёмавай карчмы звярнулі на сценку i ёю, па выезджанай Шлёмавымі гасцямі дарозе, падаліся да свайго гумнішча. Гарбацэвічы не збочвалі, пацягнуліся па вуліцы.
Вясёлым брэхам ix павіталі ўсе сабакі з гэтага канца вёскі — з Глінішча. Як знаёмых, сваіх людзей. А каля гумна сустрэлі ix кабеты — гаспадыня, Кастуся, нявестка Ядзя.
— Павыходзілі ўсе, як на дзіва...— нязлосна паўшчуваў Нямкевіч. Запыніў каня. Азірнуўшыся вакол з падазрэннем, спіхнуў зверху, з-пад сябе, дубовыя i бярозавыя круглячкі, некалькі паленцаў кляніны. Пасля споўз сам, учапіўся за камель жэрдкі, сагнуўся. Адлежаў за дарогу ногі.— Занясіце,— паказаў рукою на дрэва,— у падпаветку. Толькі не падымайце высока. Яшчэ ж не цёмна...
Кабеты зразумелі: дрэва ўкрадзена ў арандатараў Налібацкай пушчы. На зубы ў граблі, на тапарышчы. Але ніхто з кабет нічога не прамовіў: грэх вялікі красці ў свайго чалавека, а хто ў панскім лесе не злодзей, той дома не гаспадар. Кінуліся адна перад адной падбіраць круглякі маладзейшыя — дачка i нявестка. Надакучыла за доўгую зіму, за сённяшні дзень сядзець у хаце, гыркацца. Выйшлі сустрэць, пачуць якія навіны.
— Ну, дзякуй богу! — стрымана парадавалася гаспадыня, Анця.— I сена цэлае, i вярнуліся да цямна!
— Добра ўсё, ды не надта,— адказаў ён.— Многа патрацілі лішняга часу ды нэрваў па дарозе.
— Ці чулі вы, тата, велькую навіну? — вярнуўшыся з дрывотні, абчышчаючы рукі, не то папалохала, не то пагарэзавала Кастуся. Невысокая, у валенках, у кароткім, з чорнаю аблямоўкаю на грудзіне i на полах кажушку, у вялікай, чорна-чырвонай, як у цыганак, хустцы. Крыло хусты — на плячах. Аж па паясніцу. Дык надта i не відаць, што мае горбік. Файная. Чорныя, як i ў маці, вочы. Канечне, каб не гэтая бяда, дык была б не толькі паглядная, але i высокая, рослая.
— Што ж там за дзіва такое дзе адбылося? — ідучы распрагаць каня, пацвеліўся Нямкевіч з дачкі-любіміцы, якую — самую малодшую — усё яшчэ лічыў маленькай, хоць гэтая «маленькая» яшчэ пазалетась, каб мець «большыя» грудзі, падкладвала пад сукенку на грудзіне згорнутыя анучкі, а сёлета кожны вечар бегае ў вёску на вячоркі.
«Ліст Гіполь ці яшчэ хто з Амэрыкі, з Сібіры прыслаў? — пагадаў, распрагаючы Сівога.— Альбо ў вёску хто з дабром ці, не дай бог, скалечаны, абабраны вярнуўся?»
— Угадайце...— падражнілася Кастуся. Усміхнулася.— Але ніколі не ўгадаеце. Нават не падумаеце пра гэта.
— От не дуры, дачка, бацьку галаву i не грашы...— незалюбіла маці, скрыжоўваючы на грудзях, на старым аблінялым кажушку, рукі.— Кажуць, Ясь, сёлета канец свету будзе... Пакліча ўсіх бог на праведны суд».
Ён жа запыніўся, трымаючы ў руках аглоблю. Не, не збаяўся. Здзівіўся: зноў пусцілі людзі нейкую пагалоску? На пачатку зімы, перад калядамі, хадзіла ж таксама перасцярога пра сканчэнне свету — будзе ляцець, гаварылі, вялізная «вогненная кабета» i «ўсё зліжа, спаліць на зямлі». З тыдзень трэсла вёску як у ліхаманцы — каторыя ўжо нават хацелі рэзаць i есці ўсё жывое са сваёй гаспадаркі, прыходзілі да яго раіцца: што рабіць? Ён параіў не спяпіацца, не браць усяго да галавы. Але вёска ўсё роўна трывожылася, пакуль іхні Алесь не вярнуўся з Вільні i не супакоіў, што напраўду i паблізу гэтага краю будзе ляцець камета, але яна не даляціць да зямлі, згарыць у паветры. Ён нават гаварыў, калі гэта будзе. Але ніхто ні той каметы, ні вогненнага яе хваста не бачыў. Пагаварылі-пагаварылі дый сціхлі. I вось нейкая ўжо новая чутка.
— Гэта стары Драздовіч, як ведаеш, занядужаў. Ляжаў-ляжаў два тыдні, a ўчора захацелася яму на двор. Выйшаў. Падняў галаву: аж па небе вялікія чырвоныя слупы. Прыгледзеўся. То ж цяперашні год: 1914...— патлумачыла жонка.— Вот i кажа: будзе сёлета канец свету... Калі не ад патопу, дык ад агню, як i ў святой кнізе запісана...
— Што ён там убачыў? Ён жа ўжо, лічы, сляпы...— адказаў.— Я ўчора i перад заходам i пасля заходу па двары хадзіў — нічога не бачыў...
— Вот i кажуць усе, што якраз старому i сляпому бог даў знак...
— От...— прамовіў, кінуў аглоблю долу.
— Божа мой, божа! — забедавала Апця.— А хлопец наш за светам... Няхай бы кідаў тыя заработкі, ехаў бы дадому. Як ест, так i добра. Усе разам жылі б, адно каля аднаго...