— Кірылка! Сыночак ты мой! — падалася да яго маці. Той зморшчыўся. Ад болю. I свайго, i ад таго, што такая слабая, нямоглая маці. Не жывы чалавек, а, лічы, цень ужо ад яго.— Што ж яны з табою зрабілі? Нашто ж яны так цябе скалечылі?
Зайшоўшы ў хату i закрыўшы бруднымі — ад чорнай, перагноенай зямлі — рукамі твар, галасіла i Аўдоля.
— Ціха вы, бабы! — сыкнуў на ix Сцяпан.— Галосіце як па нябожчыку. Жывы — дык i добра!
Падышоў павітацца з сынам. Ныла душа, але трымаўся. Не плакаць жа яшчэ i яму. Бачыў: у сынавых стомленых вачах слёзы. Канечне, быў блізка каля смерці i не надта рады цяпер, што ўцалеў. Моцна парукаліся, прыпалі, цярнулі адзін аднаго калючымі шчокамі.
— Дык прымаеце інваліда, калеку? — горка ўсміхнуўся Кірыла. Высокі, гэткі чарнявы, з вялікімі вачыма i з гарбаватым ды прыгнутым да губы носам, як i бацька. Адмысловы Чорны. Характарам удаўся, праўда, не ў ціхманага бацьку, a ў гарэзнага дзядзьку Міхайлу.— Не выганіце з хаты?
— Што ты кажаш, сыночак?! — сашчапіла белыя, з тоўстымі сінімі жыламі рукі маці.
— Выганім...— знайшоў сілы пажартаваць Сцяпан.— Хіба ты нам трэба такі?
— От! — незалюбіла жонка.— Жарты яму!
Праз хвілін колькі, абласканы i аплаканы маткаю ды жонкаю, Кірыла сядзеў ужо за сталом, трымаў на каленях малодшага, чатырохгадовага Ігара, які ўжо не помніў яго i ўцякаў з калень, сёрбаў рэдкую капусту, даваў есці са сваёй лыжкі i сыну, а заадно i расказваў па просьбе кабет, як яго заваліла ў сібірскай шахце пародаю. Большыя сыны, Кастусь i Язэп, ужо валтузіліся, змагаліся за бацькаву чорную, з бліскучым брылём фуражку. Урэшце баявейшы Язэп вырваў яе i кінуўся з ёю на двор. Відаць, каб пахваліцца ёю перад усёй вуліцай. Астатнія дзеці шыбанулі за ім. Уцёк ад бацькі i Ігар.
— Зчужэў я дзецям...— пасміхнуўся Кірыла.— А Кастусь, Язэп ужо вялікія! Пад кавалераў! А дзе Пятрусь? Чаму Ганя ў хату не ідзе?
Ніхто яму толкам нічога не адказаў (пасля, уночы, усё пра Ганю i Петруся нашэпча Кірылу на вуха Аўдоля), звялі гамонку на іншае.
— А як наш Андрэй?— дапытваўся Кірыла пра серадольшага сына,— Ці жывы хоць у той Амэрыцы?
— Жывы,— адказаў бацька,— хоць заробкі, піша, не дужа вялікія.— Тамтутэйшыя паны стараюцца сілы ўсе высмактаць, a заплаціць як мага меней. Скора паварочаюцца ўжо. I ён, i Гіполь Нямкевічаў, i Вінцук Драздовічаў... Праўда, Гіполь i Вінцук пішуць, што Андрэй наш там паліцікуе, што амэрыканская паліцыя страшыць, што выганіць.
— Праўды нідзе не любяць,— паківаў галавою Кірыла.— Hi ў нас, ні на свеце... Відаць жа, чулі пра расстрэл, што быў на Ленскім рудніку?
— Чулі,— адказаў Сцяпан.
— I бацька, i сын — палітыканты,— уздыхнула маці.— Каму, каму, a ім трэба як найболей усюды свой язык усоўваць.
Пасля, калі Кірыла расказаў усё пра сябе, дык пачалі бацькі распытваць у яго пра астатніх мужчын i хлопцаў з вёскі, што былі ў Сібіры. Кірыла расказаў i пра янкавінцаў i не янкавінцаў, людзей з бліжэйшых вёсак, з якімі быў паблізу. Паўздыхаў, што не ўсе добра зарабілі. Хоць той-сёй думае выклікаць сям'ю i навек застацца там, у Сібіры.
2.
Янка пайшоў у хату папіць вады, а яны, бацька i Алесь, засталіся тут, у хляве, удвух. Прыпыніліся, абперліся аб загарадкі — адпачывалі.
— Не пазнаць Янака...— пачаў здалёку Алесь тую гамонку, якую абдумваў усе апошнія дні.— Змарнеў. Як сам не свой.
Бацька прамаўчаў. Можа, i не было што сказаць.
— Камень на сэрцы...
— Ох, бяда дык бяда!— ухмыльнуўся стары.— Маці ці бацька памерлі!
— Душа памірае... Усё харошае... Хай бы вы, тата, уважылі яго — паслалі б сватоў да Мішукоў. Хай бы браў, каго хоча. Жыў па любові.
— Зацірку посную едучы i босы ходзячы...— зноў пакпіў стары.
— Можа, ужо i занадта слепіць нам вочы гэтае багацце! — уздыхнуў Алесь.— Ніхто супраць яго не ўстоіць. Hi адзін чалавек! Нават, здавалася, i самы шчыры, сумленны, разумны. Любога яно купіць i прадасць. Скалечыць.
— Ну i без зямлі ды капейкі чалавек не чалавек. Галяк! Чарвяк! Хто ні наступіць, той i раздушыць... Ці век пазірай як сабака на свайго гаспадара... Кленчы, прасі... Недаядай...
— Зломіць — i чалавек ужо не чалавек. Усё добрае ў яго стаптана, закінута ў нейкія закуткі душы...
— Дык што ж рабіць? — уздыхнуў бацька.— Як іначай жыць? Я ж хачу, каб усё як найлепей было!
— На першы погляд, яно найлепей, а на самай справе яно ж век каменем у печанях будзе сядзець.
— Тлуміш ты мне, хлопец, галаву. Я i сам думаю — i так, i гэтак... I апраўдваю сябе, i ганю. А ты... i ён... Адно дзеўбяцё! Можа, ніхто i не жыве так на свеце, як ты хочаш.
— А вы не замінайце. Няхай ён жыве, як сам хоча. Няхай сам сябе пасля хваліць ці лае.