Выбрать главу

— Ды знаю: будзе не раз хацець локаць укусіць,— здаецца, здаючыся, прамовіў бацька.

— А можа, i не! Уступіце, тата, дазвольце Янку пасватацца да той, да якой ён сам хоча. Не нявольце. Вы ж разумны, мудры чалавек!

— Разумны, мудры! Каб быў разумны, дык, можа, не прастарэкаваў бы столькі з вамі!

— Дык дазваляеце? — усміхнуўся Алесь.— Каб па яго ўсё было?

— Рабіце, што хочаце...

— Дык давайце пашлем да Мішукоў сватоў!

— Па пакровах толькі.

— Дзякую, тата. Я ведаў: вы чулы чалавек. Можа, i самы, кажу, высакародны ў вёсцы.

— Родны, благародны! — перакрывіў стары, зноў узяўся выкідаць гной з хлява.— Якая каму карысць ад гэтага! Нікому! Я ўжо, каб бог забраў, дык i паміраць гатоў... Адны згрызоты век ды згрызоты!

3.

Зося парадкавала грады — жалезнымі драпкамі разбівала цвёрдыя камякі, баранавала зямлю i выгрэбвала пустазелле. Калі разагнулася, каб узяць паблізу, каля шула, рыдлёўку i пракапаць барозенкі-сцежкі, міжволі зірнула на вуліцу i знерухомела: у іхні двор праз адчыненую брамку заходзілі два мужчыны. Аднолькавага, сярэдняга, росту. Толькі адзін быў малады, тонкі i худы, другі — сталы, каржакаваты. Абодва былі ў святочных касцюмах, белых кашулях. Яна заміргала, збянтэжылася — не то ад яркага веснавога сонца, што пяшчотна азалочвала маладое блакітнае неба ды кволую маладую зеляноту, не то ад мужчынскіх позіркаў. Малады зірнуў на яе i тут жa красамоўна апусціў вочы, засаромеўся, а сталы не зводзіў з яе гарэзнага позірку, пасміхаўся.

Сталы звярнуў да плота — а ён быў са старога яловага частаколу,— расхінуў старое колле i зірнуў на яе, здаецца, з захапленнем.

— Ну, добры дзень табе,— прамовіў i, калі яна кіўнула галавою ў адказ, агледзеў грады, тады зноў абмацаў вачыма яе.— I праўда, паненка ўжо! Красуня! — кіўнуў на грады,— Сама ўсё зрабіла?

Зосі не вельмі спадабаліся госцевы паводзіны, i яна не адказала, адвяла вочы. Заўважыла: малады на яе не пазірае, хаваецца за сталым.

— Во, хрэснік,— прамовіў сталы.— Людзі добра кажуць: шукай жонку не ў карагодзе, a ў агародзе... Ну... Пайшлі, можа, каралеўна, у хату. Бо інтэрас да цябе маем...

Яна ўспыхнула: здаецца, да твару хлынула кроў, гарачыня. Апусціла вочы, адчула: у грудзіне ўстрапянулася сэрца, забілася, як б'ецца сэрца ў злоўленага чалавекам птушаняці.

— Заходзьце ж у хату! Салвэська! Віця! — пачуўся з ганка бацькаў радасны голас,— Чаго ж вы стаіцё на дварэ? Як ужо i баіцёся зайсці!

— Ну, дык хадзі ў хату i ты, дзяўчына,— ужо без усмешкі ды жарту, а сур'ёзна прамовіў Салвэсъ Гарбацэвіч i падаўся насустрач гаспадару.

Яна бачыла: парукаліся. Потым бацька — па-хатняму ў старым чорным галіфэ, у галёшах, у паношанай кужэльнай кашулі з белым, крамным, каўнерыкам — падаў руку i Віцю, закланяўся, запрашаў i запрашаў зайсці ў хату. Ля ганка саступіў, i госці выцерлі, пашмараваўшы, на падножцы падэшвы бліскучых хромавых ботаў, падаліся ў сенцы: спераду стары, з клуначкам пад пахаю, за ім малады, а за імі ўжо — бацька. Узышоўшы на ганак i зачыняючы за сабою дзверы, махнуў ёй рукою: хадзі i ты сюды!

Зося не адчула ні страху, ні трывогі. Толькі здзівілася ці нават знедаўмелася. Чаму ён, Віця, як i Дзяжко, прыйшоў у сваты? Яны i не хадзілі разам i, лічы, ніколі не сустракаліся сам-насам, не перамовіліся па-добраму ні адным словам. Але калі ўбачыла, што ідзе з пустым вядром да Буднікавай студні суседка, Чорная, за ёю спяшаецца яшчэ адна кабета, здаецца, кідаючы цікаўныя позіркі то ў іхні двор, то на яе, дык аж пахаладнела на душы. Зноў сваты! I зноў неспадзяваныя, нежаданыя!

«Не пайду ў хату! — рашыла.— Схаваюся».

Не ведаючы, дзе будзе хавацца, падалася між старых з набухлымі пупышкамі, а то нават i з бела-чырвонымі кветкамі яблынь у канец гародчыка, пералезла цераз дзірку ў плоце i пайшла па разорыне.

Стаілася за старым, накрытым саломаю гумном, каля маленькага гародчыка, дзе бацька садзіў тытунь, а гэтаксама гадаваў саджанцы яблынь, сліў, груш, вішань. Цяпер гэтыя дубчыкі рыхтаваліся пырснуць зелянотаю — наверсе забухмаціліся пупышкі. Заўважыла: прынесла з сабою рыдлёўку. I калі яна яе ўзяла? Дзеля чаго?

«I што ён надумаў сабе? — не магла апамятацца.— Чаму іменна да мяне прыйшоў сватацца? Ведае ж, што я з Янакам хаджу...»

— Зося! — пачуўся з двара матчын вокліч.

Сцішылася, не адказвала. Але маці знайшла яе. Прыйшла сюды. Зірнуўшы на яе поўную постаць, Зося яшчэ не меней здзівілася: маці была ўжо не босая, не ў шэрым фартуху, a ў святочнай сукенцы i белай хустцы.

— Сватэ ж да цябе, Зосечка...— мякка i лагодна прамовіла яна, усхваляваная i радая,— Ідзі ж памыйся, пераадзенься. Я табе вынесла з хаты апратку, у кладоўцы на скрыню паклала.