Зося не абзыўнулася. Стулілася, нервова кусала пазногці.
Бацька размахнуўся, свіснуў дубцом. Раз-другі. Па клубах i сцягне. Яна сціснулася нібы ў камячок, уздрыгвала i ціхенька завыла. Здаецца, перасільваючы сябе, бацька хлістаў i, каб апраўдацца, прыгаворваў:
— Дык не пойдзеш? Зганьбіш людзей? Зганьбіш бацьку i матку? Род наш?
Ад яго рэзкіх удараў запяклі агнём клубы, сцёгны. Яна не ўцякала, бездапаможна ціснулася да плота i цярпліва перамагала боль.
— От яшчэ! — бацька кінуў дубец, ухапіў яе за касу, аж на галаве яе нацягнуліся валасы, папіхнуў перад сабою.
Зося ўжо не з трывогаю, а з адчайнасцю адчула: не ўмее супрацьстаяць ні бацькавай сіле, нi яго волі. І гэта ўміг зламала яе. Не толькі яе кволую дзявочую сілу, але i такую ж незагартаваную волю, дух. Разгубілася: хто ж яна? Сталы ўжо, сам па сабе чалавек ці маленькая кузюрка, лес якой у нечыіх іншых, уладных сіл? Божых альбо бацькавых. Мала, бачыш, што яна думае i хоча! Выходзіць не па ёй, а так, як нехта хоча, як загадзя рашыў. I той не зважае на яе самыя патаемныя ды запаветныя думкі, ні на яе чулую душу, ён робіць з цвярозасцю i разлікам тое, што сам лічыць самым правільным, сваёю ўвагаю, ласкаю, сваім клопатам i дабром. Калі ж яна была б дужаю, моцнаю духам, дык ёй трэба было б паўстаць. Цяпер — супраць сваіх бацькоў, супраць усёй вёскі i яе старых жорсткіх законаў. Вось што нарабіла яе краса! Вось якую падрыхтавала ёй долю! Недарэмна ж людзі кажуць: «Не радзіся красівай — радзіся шчаслівай!»
— Тата! Татачка родненькі! — пачала прасіцца яна.— Пашкадуйце! Не губіце мяне! Не хачу я за яго ісці. Чуеце, не хачу!
Бацька не слухаў, пёр яе перад сабою ў хату. Нават i не загадаў пераапрануцца ў сенцах; якая была, такую i ўвапхнуў у хату.
За сталом сядзелі сват i малады. Перад імі ляжаў вялікі бохан хлеба i стаяла паўтаралітровая бутэлька гарэлкі. Сват, Віцеў хрышчоны бацька, што жыў у Прудах, сумеўся. Быў ён гэткі ж невысока, жылісты, заядлы да работы, як i янкавінскі брат Пётрык, але меў болей памяркоўны, спаважаны характар. Відаць, па ім, дзядзьку, удаўся i Віця. Цяпер Віця быў белы-белы, як мярцвяк. Здаецца, нават рэдкая шчэць на шчоках i пад носам не залацілася пушком, як звычайна, а таксама бялелася нездароўчасцю. Ён зірнуў на міг на яе i сарамліва апусціў вочы.
Зося ж запынілася ў памялешніку, закрыла твар рукамі i галасіла.
— Выбачайце, людзі добрыя, госцейкі дарагія,— заліслівіў бацька. — Не зважайце надта на дзявочыя слёзы... Маладая яшчэ... Дурная...
— Ды дзела маладое — вядомае...— згадзіўся Салвэсь Гарбацэвіч, хоць, здаецца, быў вельмі ўражаны i збіты з панталыку.
Зося, чуючы, як ліслівіць бацька, зненавідзела яго цяпер больш, чым чужога чалавека, адпетага ворага. I маці сваю знелюбіла: сядзіць вунь на табурэціку каля пліты, выцірае ўпотай слёзы пад вачыма, а не заступіцца за яе.
— Дык, можа, панна маладая, ну, перастала б ужо плакаць? — прамовіў Салвэсь.— Няхай нас, ну, паслухае...
— Ціха! — сыкнуў на яе бацька.— Не раві.
— Мы вот, ну... Я, стары купец, ён, малады, многа ўжо дзе ездзілі па свеце, многа чаго бачылі, але вот...— Салвэсь гаварыў, бянтэжыўся, яму, відаць, гэтыя ўмоўныя, але патрэбныя казанні былі пакутлівыя, горш, чым касіць ці калоць дровы.— Словам, ездзячы па свеце вялікім, мы, кажу, ну, многа чаго бачылі, але нагледзелі: самы лепшы купецкі тавар у вашай хаце. I мы хацелі б, каб больш ужо нідзе не ездзіць, каб мы змовіліся, вы прадалі, а мы купілі гэты тавар. Купец наш, ну, малады...
— Ды што казаць, пане Салвэсь...— памагаючы, перапыніў надзіва гутарлівы сёння Мішук.— Не толькі яны, маладыя, але i мы, бацькі, адно аднаго з маленства ведаем. Дзядоў, прадзедаў знаем. Гарбацэвічы — людзі паважаныя...— прымоўк, нібы ўспомніў, што між сабою браты Гарбацэвічы надта не ладзяць, бо Пётрык некалі жорстка пакрыўдзіў Салвэся.— Словам, няма патрэбы многа гаварыць. Мы рады, што такія купцы якраз у нашай хаце нагледзелі сабе тавар...
— Дык маладая возьме наш хлеб, гарэлку? — запытаў Салвэсь пра галоўнае, рады ўжо, што не трэба шмат перастарэкаваць.
— Возьме, канечне, возьме,— запэўніў Мішук.— Уга, пане Салвэсь, каб адцурацца ад такіх купцоў! — Павярнуўся да яе, загаварыў таксама лісліва:— Вазьмі, Зосечка, пачастунак. Вазьмі, дачушка! — Тут жа павысіў голас. Зірнуўшы на міг, Зося заўважыла, што яго шчокі гараць чырвонымі плямінамі.— Чуеш? Ну, каму кажу!
— Відаць, панна маладая нас зусім не чакала? — зноў запытаў Салвэсь.— Можа, чакала іншага купца? Ну...
— Рады, рады, пане Салвэсь! — залепятаў бацька.— Хто такіх купцоў не хоча?! Толькі во саромеецца... Самі ведаеце, пане Салвэсь, самі ж жаніліся: малады стыдзіцца ў сваты ехаць, а маладая стыдзіцца прынімаць сватоў... Але...— Усміхнуўся.— Сорам хутка пройдзе. Знюхаюцца! Яшчэ як! Бывае, жэняць, зводзяць тых, хто ніколі не бачыў i не чуў адзін пра аднаго! I жывуць! А тут, кажу ж, i мы, i яны з маленства адзін аднаго ведаем. Свае людзі. Злюбяцца. I вадою потым не разальеш... Зося! — змяніў, узмацніў голас.— Ідзі бяры хлеб! Ну, каму кажу! Скарэй!