Выбрать главу

4.

На дварэ пачуўся шматлюдны тупат. Спачатку Алесь не звaжaў на яго: часта ў апошнія дні прыходзяць увечар людзі. Пасядзець, паглядзець ды паслухаць, як ён вучыць дзяцей, а пасля застануцца пагаманіць пра жыццё-быццё, пра падзеі ў свеце. Калі ж ля самага акна бліснуў на міг у святле афіцэрскі пагон, па Алесевым сэрцы паласнула трывога. Ідуць цяпер сюды не вяскоўцы! Ідуць іншыя людзі! З іншымі намерамі!

Здзівіўся, як раптоўна перасекся, змяніўся яго голас. Дык не мог далей чытаць апавяданне з «Другога чытання для дзяцей беларусаў» Якуба Коласа, загарнуў i прыціснуў да сэрца кнігу, нібы абарончы шчыт. Дзеці, што сядзелі на лавах абапал сцен i не зводзілі з яго заварожаных позіркаў, здзівіліся ад такой яго перамены, перазірнуліся; Кацярына — а яна была з гаспадыняй, Собаліхай, на печы — хуценька спаўзла з печы i падбегла да акна.

Але там, нa цёмным двары, бадай, нічога яна ўжо не згледзела. Бо амаль у гэтую ж хвіліну нехта па-знаёмаму хутка адчыніў у хату дзверы.

Там, у сенцах, стоўпіліся папраўдзе незвычайныя, няпрошаныя госці. З ix гурту першы паважна зайшоў у асветленую Кацярынінаю лямпаю хату высокі, худы пажылы мужчына ў доўгім шэрым плашчы, пры лёгкім квятастым шаліку i пад гэткім, шэрым, капелюшом. Алесь спачатку не пазнаў гэтага чалавека. Калі ж абгледзеў шалматыя бровы, востры нос i тонкія, бяскроўныя вусны, пазнаў: ды гэта ж сам пан Свістуноў з Хатавы!

Услед за Свістуновым зайшлі камлюкаваты, здаецца, п'яны Сяргеенка, узбуджаны тоўсты, як i заўсёды, у афіцэрскім мундзіры Лядзяш, ураднік Петухоў, у форме. За імі ўсунуўся пісар Дзяжко.

— Вось, калі ласка, ваша сіяцельства! — зайшоў наперад, тыцнуў у Алеся i на дзяцей пальцам Лядзяш.— Вось вячэрняя школа, вось яе навучыцель! Усё на месцы. З усімі доказамі.

Князь Свістуноў, убачыўшы тут i знаёмую Кацярыну, нібы разгубіўся, зняў капялюш. Сяргеенка, сустрэўшыся з доччыным позіркам, збянтэжыўся. Дарма, што быў нецвярозы.

— Праходзьце, госці дарагія,— першая апамяталася Кацярына, прамовіла спаважна, але i з ipoніяю.— Дзеткі, пасуньцеся, дайце месца панам.

Дзеці паслухалі, збіліся ў кучку, як авечкі. Той-сёй увогуле ўстаў з лавы. Усе спалохаліся. Бачачы гэта, Алесь адчуваў: трэба падбадзёрыць дзятву. Але як? Не выганяць жа тутэйшае «высшее общество» з хаты! Як i не ліслівіць жа перад ім!

— Прабачайце, канечне...— падыходзячы бліжэй, прамармытаў Свістуноў. Запытаў, здаецца, у Кацярыны:— Што гэта? Вячэрнія дадатковыя заняткі з вучнямі ці... сапраўды падпольная школа?

Кацярына, папраўляючы на сабе пуховы шалік ды ўхутваючы ім плечы, перавяла позірк на Алеся: што адказаць? Можа, выратаваць цябе i зманіць: aгa, ідуць цяпер дадатковыя заняткі?!

— Тут, пане, ідуць заняткі прыватнай школы...— прамовіў Алесь.

— Вашай? — запытаў той.

— Маёй.

— Чуеце?! Чуеце?! — падскочыў да Свістунова Лядзяш.

— А вы маеце дазвол па адкрыццё прыватнай школы? — не зважаючы на Ледзяша, запытаў Свістуноў.

— Я адчыніў па дазволе сумлення, пане. Па-другое, праграма не антыўрадавая... Розніца толькі ў тым, што ёсць яшчэ i ўрокі роднай мовы.

— Скажыце, князь, шчыра,— умяшалася ў гамонку Кацярына, каб памагчы яму, Алесю.— Няўжо горш, калі дзеці па вечарах не распуснічаюць, а вучацца? Па-другое, хіба няма ў нас прыватных школ?

— Але як i чаму тут вучацца? — перапыніў яе Лядзяш,— I дазвольце вас, шаноўная, запытаць: што, i вы тут настаўніца?

— Не, я тут не настаўніца, міласцівы пан,— рэзка адказала тая,— але я памагаю Аляксандру Іванавічу, бо яго школа спрыяе i маёй.

— Чуеце, князь?! — аж затросся Лядзяш.— Хіба не мярзотнікі?

— Няма на свеце больш мярзотнага Навухаданосара, чым вы! — не выцерпела, загарэлася i Кацярына.— Як толькі i зямля вас трымае!

— Прабачце, Панове,— прамовіў Алесь.— Дазвольце аднусціць дзяцей...— I, бачачы, што ніхто не замінае, павярнуўся да малечы.— Ідзіце, дзеткі, дадому. Заўтра зноў прыходзьце...

—Я...— прамовіў Лядзяш, але заўважыў сярдзіты позірк Свістунова, сцяўся.

Дзеці, амаль усе босыя, у кароткіх штоніках, кашульках, падстрыжаныя нажніцамі, хуценька, штурхаючыся, паспяшаліся шмыгнуць з хаты.