— Не смейце больш прыходзіць сюды! — не стрываў, сыкнуў ім услед Лядзяш.
Свістуноў зморшчыўся. Можа, i ад прыкрай недалікатнасці Ледзяша. А той, выпучваючы грудзіну, пайшоў па хаце.
— Палюбуйцеся, князь, на «агітацыю»! — паказваў леваю рукою на сцены, дзе віселі аформленыя Алесем i Кацярынаю стэнды па беларускай гісторыі, культуры, педагогіцы. Лядзяш, як казала Собаліха, быў тут аднойчы, абгледзеў усё.— Зірніце на гэтыя «экспанаты»! Адкуль што i ўзялося?!
Свістуноў пільна пазіраў на прыбітыя да сцяны вялікія аркушы паперы, здаецца, нават i чытаў тое, што было на ix напісана.
— Заўважце! — тыцнуў пальцам у стэнд Лядзяш, нібы ніхто не мог прыкмеціць гэтага сам.— Скарына — першадрукар... Які Скарына? Што ён выдумляе? Я такога не чуў!
— Канечне ж, вы не ведаеце яго ні ў твар, ні яго звання! — пацвелілася, мякка, але з ухмылкаю, Кацярына.— Я, прызнацца, нават доўга сумнявалася, што вы чытаць умееце.
— Вы...— ашчэрыўся Лядзяш, пасля рэзка павярнуўся да Сяргеенкі.— Юры Апанасавіч! Уйміце сваю дачку! Я не пацярплю... Я пра ўсе яе мярзоцтвы дакладу дырэкцыі народных вучылішчаў...
— Вось на гэта вы мастак...— не збаялася Кацярына; Свістуноў употай усміхнуўся, а Сяргеенка ды яго янкавінскія сябрукі ледзьве здушылі смех.
— Безабраззе! — пакрыўдзіўся на ўсіх Лядзяш.— Гэта, панове, не жарты. Зірніце! — Перакрывіў яго, Алесевым, голасам далей напісанае: — «Цяпер у нас, лічы, ніводнай вышэйшай навучальнай установы, ні аднаго народнага тэатра, сапраўды народнай школы, а 3 тысячы цэркваў, 704 сінагогі, 113 касцёлаў, 5 тысяч шынкоў...» Ты што вернеш у адну кучу — святое i д'ябальскае?
— Пан Лядзяш, па-першае, я нічога не выдумляю, даю прыклады з нашай, афіцыйнай, статыстыкі,— адказаў Алесь.— А па-другое, чаму не паказаць такія «рассаднікі культуры»? Яны вунь як памагаюць стаць цывілізаванымі! Якая там бяда, што спойваюць, абіраюць i выроджваюць?!
Лядзяш стрэльнуў па ім лютым позіркам i не здагадаўся, што i як адказаць. Зірнуў з мальбою на Свістунова: памажыце, князь, спыніце гэтага зламысніка!
— Займаецеся вы, малады чалавек, Сізіфавай працаю! — урэшце падаў стражэйшы голас i Свістуноў, азірнуўся: нечакана сюды зайшлі новыя людзі. Чорныя — Сцяпан, Міхайла, Пятро i Алесеў бацька.
Мусіць, дзеці дома расказалі пра візіт нечаканых гасцей, i старыя рашылі прыйсці сюды, паглядзець ды паслухаць, што будзе. А можа, падумалі, што візіцёры прыйшлі Алеся арыштоўваць. Стоўпіліся цяпер у парозе, паздымалі шапкі. Свістуноў толькі на міг азірнуўся, тут жа, не адказаўшы на прывітанне, адвярнуўся.
— ...мардуеце сябе i іншых...— дадаў яшчэ.
Алесь не паспеў нічога адказаць: дарогу яму, як кажуць, перабег Лядзяш.
— Я не ведаю, што было, што будзе, але я ўсё ненавіджу! — выпаліў ён.— Усё жывучае трэба выполваць!
— А што ж, выбачайце, вынішчаць? — нечакана пачуўся ад дзвярэй голас Сцяпана Супраневіча. Усе азірнуліся. На ix, вясковых мужчын.— Што ж наш Іванавіч робіць благое? Чаму яно так коле вочы? Чаму так хочацца вам усё стаўчы? Няўжо ўсё гэта не людскае? Няўжо мы не людзі?
Лядзяш заміргаў-заміргаў, а пасля перавёў запытальна-абураючы позірк на Свістунова.
— Чуеце? — усклікнуў.— Дажа мужыкі панаглелі!
— А што? — падаў голас Алесеў бацька, камечачы ў руках старую чорную брылёўку.— А колькі ж ужо так будзе: рабі, як вол, i не пікні?! Вол i той рана ці позна замычыць ці ўбрыкне ад ценжару ды ад панукі!
— Вось панове!..— затросся Лядзяш.
— Ды i надакуцыла ўжо быдляцкае жыце...— падаў голас i Пятро Чорны.— Цас ужо нешта i мяпяць...
— А што ж хочаце «новае»? — ціха запытаў Свістуноў. Збялеў. Прыклаў руку да грудзіны, падышоў i сеў на лаву.
— А можа, ужо трэба i цара скідаць...— адказаў Пятро.— Парадкі мяняць...
Лядзяш залыпаў вейкамі, хацеў абарваць, але ад абурэння не знаходзіў патрэбных слоў.
— А што вы ўсё ж хочаце? — запытаў Свістуноў.— Рэспублікі? Волі? Багацця? Зямлі? Каб мы ўсе параўняліся?
— Можа, i так...— не збаяўшыся, адказаў Пятро.
— А што далей? — са знявагаю i з грэблівасцю зірнуў на яго Свістуноў.— Захочаце пераўтварэння каменняў у хлеб ды вады ў віно? Жар-птушкі? Дывана-самалёта? Ботаў-скараходаў? Жывой вады? Ну, а што далей?
— Неста будзе i далей! — Пятро паціснуў плячыма.
— «Нешта!» — перакрывіў Свістуноў.—Не ведаеце, а бударажыце розум i душу. Далей будуць спакусы, сквапнасць, распуста, эгаізм, выраджэнне, як i ў Рымскай імперыі... А вы,— павярнуўся да Алеся,— паддаліся на хітрыкі Варшавы, нешта, можа, i выдумляеце... Я ж маю звесткі: вас клікаў нядаўна пан Невядомскі, прасіў, каб вы адчынілі ў Налібаках прыватную польскую школу, тэатр. Ён, можа, вас i на гэтую школку падбіў. Можа, вялікія грошы вам за гэта плаціць...