Выбрать главу

— Вельмі вялікія!— усміхнуўся, перамагаючы гнеў i крыўду, Алесь.— Сто рублёў за адзін урок!

— Жарты жартамі,— зірнуў спадылба Свістуноў.— Я незадаволены вамі, але не лічу вас прапашчым чалавекам. Выкіньце дурное з галавы — я выратую вас ад суда, уладжу зноў у школу...

— Дзякую, князь,— адказаў Алесь.— Я, відаць, як i тое цяля: нарадзіўся з лысінкай, з лысінкай i памру... А пана Невядомскага не варта перахвальваць: ён лічыць, што я паддаўся на хітрыкі Пецярбурга...— Усміхнуўся.— Так што мая работа — «плён» хітрыкаў паноў Свістунова i Невядомскага...

— Падумайце. Даю вам тыдзень на развагу. Не згодзіцеся — пашкадуеце. А цяпер мы мусім забраць усю гэтую вашую агітацыю, паслаць яе ў губерню.

Пазней, калі ўжо ішлі ў цемнаце дадому, Алесь першы загаварыў:

— Дзякую, тата.

— За што? — здзівіўся той.

— За тое, што прыйшлі, за тое, што так сказалі... Я сёння, бадай, упершышо паверыў: будзем мы яшчэ доўга жыць! Будзем людзьмі! Рана ці позна!

— Ой, хлопец! — уздыхнуў стары, тупаючы збоку.— Не паслухаў мяне, не паасцерагаўся — чакай вялікай бяды. Душа мая чуе: цяпер-то не размінешся з турмою...

5.

Янка мінуў амаль апусцелую за зіму дрывотню, загуменне i ішоў-ішоў па старой разорыне — у канец іхняга леташняга бульбянішча. Як згледзеў, што па сценцы, угнуўшыся, ідзе чалавек (спачатку нават не пазнаў, хто гэта), апамятаўся: куды ён сам ідзе? Чаго? З сякераю ў руках? Ішоў жа ў дрывотню — накалоць смалякоў.

Павярнуў назад. Падумаў: не трэба гэтак задумвацца, траціць развагу. Як сам не свой. Hi сну ўночы, ні спакою ўдзень. З-за яе, з-за Зосі.

Што так павернецца ўсё ў ix, што такое яна ўчыніць, ніколі не чакаў. Хадзілі колькі разам, дакляравалі адно аднаму сваё сяброўства, каханне, марылі пажаніцца, яна адмовіла нядаўна Дзежку — i на табе: узяла хлеб i гарэлку ад Гарбацэвічаў! Няўжо хадзіла з ім, мілавалася, а думала пра багацея, пpa Віцю? Не, не можа быць. Яна ж смяялася з таго, за хлопца не лічыла. Ці бацькі змусілі?

Вярнуўся ў дрывотню — цемнаватую, з апошняю складнёю сухіх хваёвых i бярозавых дроў, з горкаю смаляных круглячкоў. Запыніўся i зноў забыўся: а чаго ён сюды зайшоў? Aгa, насекчы смалякоў.

Раскалоў смаляны круглячок папалавіне, пасля пачаў дзяўбаць адну з палавінак на дробныя трэскі.

Рыпнулі дзверы ў дрывотню — зайшла Кастуся.

— Нашто ты столькі сячэш? — здзівілася.

I праўда, не заўважыў, шмат перасек ужо на трэскі i другую палавіну кругляка. Але сястры нічога не адказаў. Пачаў накладаць карчажку на руку — несці ў хату.

— Я занясу,— сказала Кастуся.— А табе тата сказаў напаіць каня.

Ён скінуў карчажку долу, пайшоў да хлява. Кастуся праводзіла яго здзіўленым позіркам.

Кaлi вёў за аброць каня да рачулкі, убачыў за Гарбацэвічавым гумном Віцю. Той мёў загуменне. Згледзеў яго — шмыгнуў у гумно.

Баіцца ці саромеецца. Ведае ж: абкрадае яго, Янку. I неспадзявана, бессардэчна.

Конь сам спусціўся па тупкім беразе ля мастка да рачулкі, піў ваду, піў, здаецца, сонца, што кружочкам гайдалася каля яго губ, піў блакітнае неба, падымаў галаву — тады нібы жаваў, i з яго рота падалі ў рэчку буйныя кроплі вады, разбівалі вадзяное сонца, мружылі вадзяное неба,— пазіраў убок, на вёску. Бессвядома азірнуўся i Янка: конь, выходзіць, пазіраў не так на вёску, як на чалавека, што ішоў сюды. На кабету. На Зосю. Яна несла пад пахаю мядніцу з бялізнаю — паласкаць.

Сысці? Уцячы? Ён жа два вечары пазбягае ўжо яе — не прыходзіў у дамоўленае месца на спатканне. Нават не ведаў: яна прыходзіць ці не? Але вось цяпер, удзень яшчэ, могуць сустрэцца. I, можа, не зусім выпадкова.

Але пра што яны будуць гаварыць? Ужо ж без патрэбы ўсякія апраўдальныя ці суцяшальныя словы. Тады ж, калі былі сваты, не адмовілася ўзяць хлеб! Не адмовілася ісці за Віцю, не зберагла іхняе каханне, пакрыўдзіла яго, Янку.

Конь напіўся, выйшаў на бераг. Стаў i нібы наўмысна пазіраў на Зосю, як хваліўся: а мы цябе бачым, чакаем! Нешта пад'юшчыла — i Янка тузнуў каня за вобраць i павёў яго ад рэчкі. Прыкінуўся, што яе, Зосі, не заўважыў. Ішоў i вагаўся: адыходзіцца, крыўдаваць, караць Зосю няўвагаю ды суровасцю ці ўсё ж запыніцца, пагаварыць, паслухаць, што яму скажа? I чым далей адыходзіўся, тым больш вагаўся. Але не запыняўся, не паварочваў назад. Толькі дакараў сябе: не, не па-людску ён робіць. Яна ж не пабаялася нават удзень прыйсці да яго, можа, i спадзявалася, што ён паможа, а тут такі паварот! Янка ўявіў, пра што яны маглі б гаварыць.

«Два вечары чакала — не прыйшоў...» — пасля некаторага маўчання, мусіць, не то з папрокам, не то са скаргаю сказала б Зося.