«Чаго ісці? — адказаў бы ён.— Сяроўна...»
«Можа, яшчэ i не сяроўна... Няўжо ўжо нічога не перайначыць?»
Ён, відаць, упершыню падняў бы галаву, зазірнуў бы ёй у вочы. Можа, яго позірк i нядобра бліснуў бы. Можа, яна не вытрымала б гэтай пранізлівасці, зніякавела б.
«Мама i тата населі, сілаю пруць...»— не то паскардзілася б, не то апраўдалася б.
Такое апраўданне ён не палічыў бы за апраўданне. Бацькі маглі i сілаю перці, але ці трэба было самой здавацца? Ён жа, як бацька ні гнаў у сваты да Анелькі, не пайшоў! Дзеля яе, Зосі!
«Яначак...— бадай, ступіла б, зірнула, здаецца, не ў вочы, a ў душу,— Давай уцячом з Янкавін! Удваіх! Хоць куды!»
«Куды?» — не зарадаваўся б, a толькі здзівіўся.
«Хоць куды! Куды вочы глядзяць!»
«Як жа ты ўцячэш ужо?! Ты ж хлеб узяла! Клятву, зарок дала!»
«Я не брала хлеб, клятвы не давала! Я толькі падышла да стала, усё за мяне ўзяў тата».
«Сяроўна. Не адмовіла ж».
«Давай уцячом! Жывуць жа людзі i на чужыне...»
«Без хаты? Без зямлі? Без нічога?»
«Пайшлі ў парабкі! Да пана Свістунова! — магла б ажывіцца, i ў яе вачах заблішчэў бы яе чароўны агеньчык,— Ну i што, калі нашы бацькі — не парабкі, а гаспадары! Такой бяды з гонарам! Скажы, пакліч — i я ўцяку з дому, пайду за табою хоць на край свету! Мама i тата пазлуюць, сплацяць тым за хлеб i гарэлку, але на тым i сядуць... Адпусцяцца потым... Дык i вернемся пасля...»
Адчуў: не асмеліўся б на такі рашучы ўчынак. I не з-за бацькоўскай волі, не з-за страху пачынаць жыццё без кала ды двара, а — з-за ганьбы: гаспадарскі сын ідзе ў парабкі!
«Пан, кажуць, прадае лес, зямлю — збіраецца назусім уцячы адгэтуль...— мусіць, адказаў бы вось так. Не зусім шчыра ды цвёрда.— Дык i не бярэ парабкаў...»
«Што ж рабіць, Яначак? — страціўшы гэтую, можа, i апошнюю надзею на іхняе шчасце, запытала б Зося. Толькі цяпер, бадай, апусціла б мядніцу долу, бо, канечне, забалелі б рукі.— Падкажы! Я ж не хачу за яго замуж! I жыць не хачу!»
Схамянуўся ці, лепш сказаць, разгубіўся: а Зося магла так i не гаварыць.
«Чаму ж ты, такі смелы, першы не прыехаў у сваты? — магла б запытаць i ашаламіць яго гэтым запытаннем.— Чаму толькі я вінаватая, а ты святы?»
«Казаў жа: бацька не пусціў...— паныла мармытнуў бы,— Упёрся: не, да сваёй Зосі-Мангосі не паедзеш! На пакровы пойдзеш сватацца да Анелькі».
«Не пусціў цябе бацька? — ухапілася б за яго адказ, як за нітку збавення ад дакораў.— Дык ты добры, харошы, што паслухаў бацьку? Хочаш, каб i вёска цябе хваліла: малайчына Янка, паважае старыя законы, бацькоў! А я павінна была не паслухаць, абняславіцца? Я кепская, благая, што, як i ты, не дамаглася свайго? Адна я толькі вінаватая?»
Замаўчаў бы. Як мыла з'еўшы. I, бадай, зайшоўся б ад болю, як вось душыць боль цяпер: ён, ён, ён вінаваты, што разладзілася іхняе каханне, што не будуць мужам i жонкаю, што ёй трэба ісці ў паганую сям'ю за нялюбага! Божа, чаму ты не навучыў, не памог быць рашучым, смелым?
6.
Ураднік Петухоў падаў Алесю паперыну i ручку. Хаваючы мітуслівыя вочы, буркнуў:
— Распішыцеся, што атрымалі, i аддайце мне...
— Пачакайце,— прамовіў Алесь ca здрадлівым хваляваннем (ужо сам прыход Петухова не дакляраваў нічога добрага).— Дайце хоць зірнуць, што тут i да чаго.
— Прыемнага мала,— адказаў той. Ямчэй усеўся на лаве каля акна, насупіўся важна, хоць i стараўся быць ветлівы.— Позва на суд.
Сюды, да стала, падышлі ўсе, хто быў цяпер у хаце,— маці, Кастуся, Ядзя. Пасталі, пазіралі з утрапеннем. У хаце стала ціха. Чуваць былі з двара далёкія дзяціныя галасы, а таксама i піск мухі ў куце над сталом, за абразікам. Яе, канечне ж, злавіў сваім павуціннем павук. Вось Петухоў зірнуў туды, у кут, i, здаецца, у яго зеленаватых вачах, на тонкіх вуснах заблудзіла зларадная ўсмешка, нібы ён хацеў сказаць: «Ну што, папаліся?!»
Уголас, аднак, прамовіў іншае, стрыманае:
— Была б позва белага колеру, дык ішлі б на судзе як сведка, а раз чырвоная...
— «Повестка Виленской судебной палаты,— пачаў чытаць Алесь, каб i ўсе чулі, i каб супакоіцца самому (у позве было шмат скарачэнняў, але ён чытаў усё цалкам).— Кр. Александр Иванов Немкевич, жит. в селе Янковины 3-го стана Ошмянского уезда, на основании 581 ст. Уст. угол. суд. вызывается в судебное заседание Виленской судебной палаты в гор. Минске, в здании окружного суда, в качестве обвиняемого на 21 апреля 1914 г. к 12 часам дня, по делу о нем и другом, обвиняемых по 51 и 129 ст. Угол. улож.».
Усе родзічы па-ранейшаму анямела маўчалі; Алесь прабег позіркам па бланку: далей, пасля самой позвы, было: «Сведения о расстояниях», «Повестку получил...», «Повестку вручил...», «Порядок вручения повестки», на адвароце — «Последствия неявки в суд», «Законные причины неявки в суд».