Гаспадар-камень быў відаць здалёк. Ён, зверху белаваты, пасярэдзіне нібы ружовы, здаецца, выветраны да шкляной празрыстасці i цвёрдасці, спадыспаду нібы не зусім ужо моцны, шэры, аброслы тоўстым цвёрдым мохам, патрэсканы, быў вышэйшы за чалавека i ёмісты. Цяжка было зразумець, як i калі заявілася тут такая вялізная глыба. Каля валуна ўжо i сёлета нехта быў: на гладкім доле былі відаць сляды ад лапцей, а гэтаксама чарнелася невялікае патухлае цяпельца.
Алесь, падышоўшы, прытуліўся грудзінай, прыклаў далоні да Гаспадара-каменя — паверхня яго з гэтага, паўночнага боку пеканула халадком, бо, выходзіць, намёрзлы за зіму камень не паспеў яшчэ сагрэцца, а адтуль, з сярэдзіны, душою адчувалася спрадвечная стынь, морак, адчувалася магутная нямая цішыня. Гавары, што i як ні крычы, як ні кайся, ні спавядайся, нi прасі памагчы — Гаспадар-камень не пачуе, не паможа. Але чаму ён, нямы i глухі, халодны, так вабіць да сябе людзей?
«Чаго ты тут ляжыш, камень? Дзеля чаго ты тут усяму сведкаю? — падумаў Алесь.— Стагоддзямі ўсё чуеш, бачыш, але маўчыш! Hi душы, ні сэрца ў цябе... Няўжо ты i вабіш толькі таму, каб i нас, людзей, зрабіць нямымі, халоднымі, каменнымі, пазбавіць нас агню, душы i сэрца? Няўжо за гэта ты, Гаспадар-камень, паважаны?»
Успомнілася:
— A ці пырсне хоць іскрачка з цябе, лежань ты сонны? — прамовіў, ударыў раз-другі кулаком на Гаспадары-камені.— Хоць раз??? У стагоддзе!!!
Дзе там! Ад гэтых нікчэмных для каменя ўдараў зайшлося, засаднела толькі рабро далоні.
— Нямы!!! Глухі!!! Мёртвы!!! — прастагнаў Алесь,— Дык нашто ты тут? Мёртвы сведка, помнік па жывому? Ці толькі ты, мёртвы, i захаваеш тыя словы, што былі калісьці выбіты на табе з усходняга боку? Ці яны хутка ўжо забудуцца i табою?
Адхіліўся ў знямозе, апусціў галаву. Там, каля ног, вочы заўважылі два невялікія выпадковыя, відаць, нядаўна прынесеныя некім з поля камяні. Алесь, бадай, несвядома нагнуўся, узяў большы камень i, бадай, зноў несвядома, па нейкім нядобрым інстынкце, ударыў ім па Гаспадары-камені. Камень — той, што быў у руцэ, не вытрымаў, раскалоўся, рассыпаўся на дробныя рудаватыя кавалкі, што паляцелі долу, яму на ногі. Тады ён падняў другі, меншы, камень. Адчуў: той больш важкі, а значыць, i больш цвёрды. Размахнуўся i ўдарыў ім бокам. I яшчэ не паспеў адчуць, што ад гэтага ўдару стала балюча яго руцэ, як у здзіўленні, разгубленасці выпусціў камень з рук: ад Гаспадара-каменя адскочылася некалькі іскраў. Яркія, чырванаватыя. Мільганулі ў вачах, як зорачкі, i патухлі. I яшчэ ў гэты міг заўважыў: ад гэтага ўдару на целе Гаспадара-каменя засталася ранка-выбоінка. I ix, такіх ранак-выбоінак, вакол было вельмі шмат...
— Жыві!!! — прашаптаў уражаны, анямелы.— Боль, агонь у камені!!! А што ж я, дурань, раблю?.. Даруй, любы! — прыткнуў лоб да цёплага ўжо, здаецца, валуна.— Вось цяпер я разумею, чаму ты сюды вабіш... што ты хочаш сказаць... Даруй! Цяпер я ведаю ясна, што мне рабіць... Сёння, заўтра, паслязаўтра, заўсёды. Трэба выкрасаць у сабе i ў людскіх сэрцах іскры! Ёсць жа, ёсць яны нават i ў самым-самым каменным сэрцы!
7.
Мінск сустрэў Алеся не зусім прыхільна. Неба хмурылася, крапаў дробны халаднаваты дождж. Драўляны Брэсцкі вакзал, будынкі, брук былі мокрыя, зіхоткія, адлюстроўвалі бліскучы халодны водсвет.
Паблізу вакзала якраз стаяў вагон — Алесь толькi зірнуў на мокрыя, бліскучыя спіны тройкі коней, на адзінокага на пярэдняй адкрытай пляцоўцы фурмана пад набрынялым капюшонам, на багата апранутых мужчын i кабет у сярэдзіне вагона i пайшоў уздоўж конкі.
Угнуўшы галаву, крочыў то па дашчатым, цагляным слізкім, то па няроўным, патрэсканым асфальтавым тратуары, пораходзіў брукаваныя вуліцы — шлях яго быў па Маскоўскай, Захараўскай i Губернатарскай вуліцах да Саборнай плошчы. Нікуды не збочваючы, ні да чога асабліва не прыгледжваючыся, ішоў да акруговага суда.