Выбрать главу

— Жывыя — дык давайце i думаць пра жывое...— знарочыста сярдзіта буркнуў Нямкевіч, аднак адчуваючы ў душы няясную трывогу. Штосьці зашмат сёлета загаварылі пра канец свету, як i зашмат пачалі верыць у гэта.— Ідзіце, кабеты, у хату. Дзеці ж там, відаць, адны. Яшчэ дабяруцца да агню, дык не толькі не дачакаемся суднага дня, але i сёння не будзе дзе пераначаваць...

Засмучаная Анця i нявестка паслухалі. Пайшлі праз дзверы падпаветкі ў хату. Кастуся засталася. Падалася да Янкі.

«Няўжо праўда ўбачыў які перасцерагальны знак аслеплы? — пачаў сам з сабою разважаць Нямкевіч.— Няўжо нам, відушчым, не дадзена шмат бачыць? — кончыў распрагаць Сівога, павёў яго ў хлеў.— Надта таго, вешчага?»

Вярнуўся зноў на прыгуменне. Стаў каля саней, невідушча зірнуў на далячынь — на захадзе ўжо за зямлю апусцілася сонца, гарэла чырванню неба, тлелі ў жары, здаецца, верхавінкі Налібацкай пушчы.

— Давай, Янак, я завяду Крывому Гнядую,— пачуў, як за саньмі гаварыла Кастуся брату. Крывымі за вочы гаварылі на Гарбацэвічаў, хоць ніхто з гэтых, цяперашніх, крывым не быў. Кульгаў некалі дзед Пётрыка Гарбацэвіча. Памёр даўно ўжо дзед, няма бацькі, а мянушка засталася.

— Завядзі,— адказаў той.— I дугу нашу забяры.

«Як гаспадар! — пацешыўся Нямкевіч за сына.— I гаспадар! Добры хлопец. Спрытны, дбайны, працавіты. Нічога благога на яго не скажаш. А што часамі камандую, гаманю, дык гэта не са злосці. Хай i бацьку як трэба шануе, i вучыцца, як жыць варта...»

— Пойдзеш сёння на Сяло? — запытала Кастуся.

— Не ведаю,— ціха адказаў Янка,— А ты?

— Волька Чорная казала: сёння Зося прыйдзе...— усміхнулася Кастуся.

— Ну i што? — буркнуў Янка.

— Што-што! А вушы на што? — адказала тая i, парыпваючы па снезе, адышлася. Павяла, як i падрадзілася, Гарбацэвічам Гнядую.

Такі праўду нехта казаў, падумаў Нямкевіч, што заглядаецца сын на Мішукову дзяўчыну...

У сваім двары закрычаў-залямантаваў Гарбацэвіч, воддаль нехта забухаў сякераю — ці не калоў на ганку сухое палена. Па Глінішчы i ад крыку, i ад стуку пакацілася рэха, пабегла на Могліцы. А як усё сціхла, дык з аселіцы данёсся глухаваты гоман, піск i енк — там, на коўзанцы, цяпер, канечне, дурэлі дзеці, без памяці аддаваліся гульням i ўцехам.

«Знак пра блізкі судны дзень ёсць, а свет як стаяў, так i стаіць! — i здзівіўся, i парадаваўся Нямкевіч.— I я вось стаю каля сваёй сядзібы, пра свае клопаты думаю... Толькі, праўда, нешта змянілася ў душы. Не то страх, не то недаўменне... Няўжо свет гэты быў тысячы, а то i мільёны гадоў i раптам, у адзін дзень ці ў адну хвіліну, возьме i знікне??? З лясамі, палямі, людзьмі, птушкамі, рыбамі, звярамі ды з усім тым файным, што ўжо зрабілі чалавечыя рукі??? Няўжо людзі столькі награшылі, што ix так трэба караць, знішчаючы ўсё дазвання??? Але ў чым віна лясоў, палёў, птушак, рыб, звяроў??? Няўжо ў бога цярплівасці, міласці не хапае? Ці не шкода яму ўсяго жывога, файнага??? Бо знікне ж свет гэты i, можа, ніколі больш не паўторыцца!!! Можа, замест яго пустыня будзе!!!

Даруй, божа,— перажагнаўся,— калі я грашу, дарэмна цябе вінавачу. Можа, мы, людзі, самі вінаватыя, самі добра не беражом гэты свет, глумім, штурхаем яго да бяздоння??! Але чаму мы такія тады бяздумныя, неасцярожныя, не гаспадарлівыя, грэшныя??? Чаму мы не можам жыць без граху??? Няўжо грэх прамаці нашай Евы спакушае нас, адбірае развагу??? Ды ці вінаватыя мы тады, калі грэх заявіўся яшчэ далека да нас, калі мы не можам самі ў сабе разабрацца??? Ці як сама прыходзіць радасць, так сама павінна рана ці позна прыйсці за ўсё i кара??? Няўжо тады не знойдзецца зноў які прарок, чалавек, што ўзяў бы ўсю кару толькі на сябе, выратаваў бы астатніх людзей, увесь свет??!»

...Янка насля вячэры не меў спакою. То садзіўся на лаве ці на зэдліку каля камінка, то ўставаў, хадзіў, не ведаючы, за што зачапіцца рукамі.

Здаецца, на яго са здзіўленнем увесь час назіраў бацька — той доўга таптаўся пры хляве, у дрывотні (хаваў дуб, клён ды бярозу), сеў сёння вячэраць апошні. Адзін. Бо i кабеты з дзецьмі, i Алесь, які пайшоў у госці да ссыльнага Казлова, i ён, Янка, павячэралі ўжо. Вось маці наліла яму з гаршка, які трымала адною рукою праз анучку за верх, у гліняную міску шчолаку, пасля драўляным апалонікам дастала костку, выбрала астаткі разваранай капусты. Бацька развязаў торбу, дастаў адтуль апольчык сала i хлеб, што яны з Янкам не з'елі на Шубіне. I ў хаце бацька быў у целагрэйцы, толькі без аблавушкі. На пляскатай галаве бялелася ў суцемках вялікая гладкая, нібы нацёртая воскам, лысіна, ля вушэй, прыплюснутых да чэрапа, кудлаціліся русявыя валасы, што былі толькі на патыліцы. Вусы пад носам i барада былі сіваватыя.