Выбрать главу

Людзі — у вагонах альбо пешакі-сустрэчныя ca стасямітысячнага гурту мінчукоў — не зважалі на яго. Ды якую ўвагу маглі яны мець да пабочнага чалавека? Адкуль яны ведалі, чаго ён прыехаў у іхні горад: у госці, на пошукі шчасця ці на суд? Каб зналі, куды i чаго шыбуе, дык, можа, пільней прыгледзеліся б. Хто як на дзівака, хто як на злачынцу. Хто паспачуваў бы, а хто i падакараў бы.

«Спакойна,— суцішваў сам сябе.— Толькі не траць дух. Ты ўжо не падлетак, добра ведаеш: пры болі кожны адзін. Колькі б табе ні гаварылі, што i як баліць, але боль можаш адчуць толькі сам».

...Калі выйшаў з акруговага суда, дык аж зажмурыўся: хмары сплылі, неба навышэла, выблакітнілася, i ярка, на ўсю маладую вясновую моц лашчыла зямлю сонца. Будынкі, брук, блізкі гарадскі сквер выпраменьвалі нябачную пару, сушэлі, i ад гэтага прыпарвання было хмельна, крыху млосна, як бывае заўсёды ўвесну, калі яшчэ мала зелені ды беднае паветра на жыватворны, лёгкі i спрыяльны для здароўя водар. З бляшанай белай трубы, што вісела за парадным уваходам, цурчала вада на цьмяны, сям-там з сухімі плямінамі тратуар.

Алесю стала млосна не ад змены надвор'я, нечаканага цяпла. Ад таго, што нядаўна расказаў яго адвакат, Дайлідчык, якога параіў яму Васіль Муха.

Дайлідчык, яшчэ малады, недзе ля сарака гадоў, здаецца, разумны i спачувальны чалавек, сказаў, што «по составу преступления» віна яго невялікая, на добры толк яго маглі б толькі «прыстрашыць» альбо пакараць не зусім строга, але пракурор Севярнеў будзе патрабаваць судзіць яго па 129 артыкуле i дабівацца, каб яму далі не меней трох гадоў турмы. Пракурор — вядомы рэтраград i цемрашал, вельмі непрымірымы да такіх, як Алесь, i да таго, чым яны займаюцца. А школка, якую Алесь адчыніў у сваіх Янкавінах (пра яе ў судовых паперах нямала звестак), толькі паддасць злосці ды помсты.

«Не даруюць, Аляксандр Іванавіч, пасадзяць,— ca спачуваннем сказаў Дайлідчык,— Калі пакаецеся, як ваш калега Кірыковіч, дык, можа, мне ўдасца для вас збіць які год альбо i два...»

Дык вось ні змененае надвор'е, ні пагроза яго волі, а вестка пра Кірыковіча засмуціла Алеся. Нават больш — разгубіла, азмрочыла. Кірыковіч, выходзіць, цяпер i каецца за свае «грахі», i ўскладвае ўсю віну толькі на Алеся. Яго, Кірыковіча, бачыце, «падманулі», «спакусілі пайсці злачыннаю сцежкай», ён жа сам i не хацеў i не хоча «зламыснічаць, шкодзіць веры, цару i Айчыне месніцкімі падбухторваннямі». Гэта, канечне, была здрада. I не толькі аднаму Алесю. Здрада ёсць здрада; як бы ні апраўдваўся, у імя чаго здрадзіў, але ўсялякае апраўданне не можа быць дабрачыннасцю. Балюча: нашто ж так адмаўляцца ад таго, што лічыў сумленнем, светлым? Нашто ж апаганьваць сяброў, справу? Для выратавання свайго гонару? Але ці такім чынам трэба ратавацца? Ці ўсё ж можна апраўдаць i паганыя ўчынкі?

Алесь мінуў будынак акруговага суда — былы базыліянскі мужчынскі кляштар, у адчайнасці ды абурэнні падаўся ўздоўж конкі да Верхняга рынку — гандлёвых радоў. Там, а таксама i ў ажыўленых гандлёвых радах на Ніжнім рынку — адной з самых старажытных мясцін, раёне Мінскага замчышча — ён любіў паблукаць. Да нечага прыгледзецца, штосьці купіць, людзей паслухаць.

Калі лягчэй панеслі з горкі ногі, схамянуўся: куды i чаго ідзе? Калі што прыдбае, дык усё роўна на судзе альбо ў турме адбяруць. Вярнуўся i ўздоўж кранутага зелянотай, з невысокай агароджай сквера вымкнуўся на Саборную плошчу — да трохпавярховага будынка Азоўска-Данскога камерцыйнага банка i купецкага клуба. Тут на першым паверсе, апрача крам, была i аптэка, куды ён раней не раз зазіраў: аптэку трымаў знаёмы па Стоўбцах чалавек, Штэйман. Але цяпер Алесь не пайшоў да аптэкара, безуважна зірнуў на вывеску «Аптека Штейманна» ды на вузкую i доўгую шыльду «В. М. Берманъ», што была пасярод будынка пасля апошняга паверха на вастраватым паўкруглым узвышэнні. Раней Штэйман любіў з ім пагаварыць, падказваў, дзе i ў каго можна нешта купіць, даваў усялякія парады, але цяпер ісці да таго не хацелася: i не было чым хваліцца, i той яму нічога не паможа.

«Пахаджу па горадзе, пасля пайду да знаёмых прасіцца нанач. A заўтра... начлег дасць ужо ўлада...»

Запыніўся, акінуў позіркам Саборную плошчу.

«А файны Мінск! — здзівіўся.— Раней я гэта чамусьці не зусім бачыў, больш захапляўся Вільняю...»

Перад ім як на далоні была старажытная, упарадкаваная мясціна Мінска — яе цэнтр, Верхні горад, Саборная плошча i вуліцы, што адыходзіліся ад яе. Нібы развітваючыся, акінуў усё-ўсё прагным позіркам: просты, але зручны губернатарскі дом, ля яго — высокі белы, з чырвонай чарапіцаю на страхах езуіцкі касцёл з некалькімі калонамі, купаламі i нібы пікамі, Казённую палату з вежаю-ўзвышэннем, на якой былі гадзіннікі, а за скверам, насупраць, на рагу Саборнай плошчы i Губернатарскай вуліцы — самы высокі на сённяшні дзень у Мінску гмах, шасціпавярховую, з мноствам акон, балкончыкаў, з мансардамі наверсе гасцініцу «Европа». Над шостым паверхам, на правільным паўкрузе здалёку відаць назва гасцініцы, а над першым паверхам, над крамамі, скрозь яшчэ не густое лісце добра бачыцца вывеска «А. М. Левинъ».