Сямён выхапіў з унутранай кішэні пінжака два белыя лісткі.
— Вось копія таго Купалавага артыкула «А ўсё ж такі мы жывём!..»[21] На, пачытай у вольны час. Артыкул вельмі надзённы i здаровы,— адгарнуў ліст, пачаў сам чытаць: «Але ўсё ж такі жыццё ідзе іначай: яго законы сільнейшыя ад якіх бы то ні было законаў чалавецкіх. Старое, струхлеўшае, аджыўшае свой век ідзе проч, на пагібель, а новае, святое, радаснае занімае сваё пачэснае месца i вядзе народы i аддзельных людзей к добраму, вечнаму... I наша Бацькаўшчына перажывала i перажывае тое самае... Будзіцца самапачуццё народнае, падымае старонка наша свае вочы к сонцу i распрастоўвае свае магучыя плечы...» Адным словам, пачытай сам. На, пачытай i той адкрыты ліст «Литература настоящая и мнимая».
— Аж не верыцца, што Юры мог так зрабіць...— пахітаў галавою Алесь, беручы лісткі.
— Я табе ўжо не адзін раз казаў, хто такі Юры. Толькі ты не заўсёды мне верыў,— папікнуў Сямён,— А Муха ні слоўца не сказаў нi пра Юрава, ні пра мае выступленне, але з таго вечара пайшоў не са мною, а разам з Юрам. Назаўтра я бягом да Мухі. Чаму, змей, змаўчаў, не заступіўся за Купалу? А ён ухмыляецца: «Што — паказытаў Юры самалюбства?» Кінь, кажу, дурныя жарцікі. Козыт той мне ці Купалу страшны, як ваўку сабачая звяга. Па ім будзем жыць. Страшней іншае. Хіба не бачыш, куды цэліцца, у што пасылае стралу злыдзень?! Муха зноў непарушны: «А ты не гарачыся. Не бяда, што нападае. Горш, калі тоіцца i шкодзіць спадцішка. Я наўмысна змаўчаў. Няхай усе самі бачаць, хто ён. Хай пераканаюцца: хоць i цяпер забрахаў, але сабакам быў заўсёды! I не трэба крыўдзіцца (варта быць вышэй), падымаць лямант. Лепш змаўчаць, каб не насцярожыць лішне Пецярбург...»
Сямён расхваляваўся: твар яго пабіла чырвань. Відаць, забалела не вельмі здаровае сэрца.
— Нават i тут, на болі, Муха выгаду сабе знайшоў! I ўсім добры ды харошы! — занегадаваў Сямён.— А дзядзька Янка кажа: не бяда, калі нападае злыдзень, бяда, калі зняверваешся, топчаш сваё сам. I напомніў некалішнія свае словы, з артыкула «Думкi з пабыцця на Іматры»: «Дзіўна i несправядліва звініць наша бесперапыннае: «Край наш бедны, зямлі мала!» Мне здаецца, што не край наш бедны, a толькі мы яго абяднілі ды наша мачыха-доля...»[22]
— А як публіка, чытачы ацанілі адкрыты ліст Юрыя? — запытаў Алесь.
— Па-рознаму. Адны заходзілі ў рэдакцыю i ціснулі Купалу руку ці прысылалі спачувальныя лісты, іншыя прамаўчалі, а той-сёй пры сустрэчы, азіраючыся, казаў: «Я за вас, хлопцы. Толькі вы пра гэта нікому ні кажэце: той паганец можа спрытна падвесці пад палітыку...» Зрэшты, ён, «дабрадзей», цяпер у Мінску. У маці. Зайдзі — пагавары, зірні ў вочы. Не чорцікі, а чорта там убачыш...
— З-за згрызот сумлення пакінуў Вільню ці прыехаў адпачыць?
— Будзе перабірацца ў Пецярбург, ва універсігэт. Ён, бачыце, даўно «перарос» губерню, правінцыю, нас, мужыкоў. Яму трэба прастор! Слава! Дзеля яе ён што хочаш кіне! Куды хочаш паедзе! Ды не хачу больш гаварыць пра мярзотніка. Едзе — няхай з'язджае к чорту. Абыдземся i без яго. Не прападзём. Давай пагаворым пра твой суд. Як думаеш на ім паводзіцца?
21
Надрукаваны ў «Нашай ніве», 1914, № 21—22 пад подпісам: I. Л., а таксама — у Зборы твораў, 1976, т. 7, с. 207.