Выбрать главу

...Увечар, развітаўшыся з Сямёнам, Алесь падаўся да Юрыя. Пакуль ён быў на волі, а Юры — тут, у Мінску, дык варта было сустрэцца.

Патрэбную хату ён знайшоў хутка — адразу за рэчкаю, паблізу Траецкай гары. Гэты невысокі i не вельмі прасторны драўляны домік абкружалі плот з высокаю, як i ў некаторых вёсках, брамаю, старыя вішні, бэз — зялёныя, пахкія. Падышоўшы да сянец, убачыў: гэтая, ад вуліцы, палавіна хаты цёмная, а другая, ад гародчыка, асветленая.

«Два гады ўжо не бачыліся,— падумаў.— Які ён цяпер? Па-ранейшаму шустры, хударлявы ці папаўнеў, пасаліднеў?»

На Алесеў званок ніхто доўга не адклікаўся. Толькі праз колькі хвілін дзверы хаты прачыніліся. Але не насцеж — былі ўзяты па ланцужок.

— Хто там? — пачуўся дзявочы голас.

— Гэта — Нямкевіч,— адказаў ён,— Быбачайце, а Юры дома?

— Дома,— пачуўся адказ. Тут жа дзверы адчыніліся зусім, i ён у сенцах-верандзе ўбачыў маладую дзяўчыну. Ці тутэйшую пакаёўку, ці кватарантку — Юры быў у бацькоў (маці — настаўніца, бацька пры жыцці — ювелір) адзін.— Заходзьце. Распранайцеся. Я пайду далажу Юрыю Барысавічу.

— Выбачайце,— зноў перапрасіў дзяўчыну (здаецца, пакаёўку).— Калі ласка, не дакладвайце. Я хачу зайсці знянацку. Можна?

Тая паціснула плечыкамі, павагалася. Дазволіла. Пачала памагаць яму распранацца. I праз колькі хвілін паказала, куды ісці. Мінулі цёмны пакой — відаць, гасціную (тут стаяла канапа, шафка на пасуду, стол), пасля — залу (тут таксама была канапа, стол, а на падлозе ляжаў яшчэ дыван ды абапал сцен стаялі шафы з кнігамі). У залу скупа, праз няшчыльна зачыненыя дзверы, падала святло з супрацьлеглага пакоя. З яго чулася ляпанне машынкі. Там, мусіць, быў Юраў кабінет.

Алесь, падзякаваўшы дзяўчыне за прывод, пастукаў. Тут жа ляпанне машынкі супынілася.

— Зараз. Хвіліначку! — пачуўся Юраў голас.

Алесь пацягнуў на сябе дзверы, адчыніў — сюды хлынула святло ад лямпы, што чамусьці стаяла на падлозе. Анямеў. Запыніўся i з жахам пазіраў у маленькі пакой: лічы, пасярод яго вісеў уверх нагамі Юры. На складзеных адна да адной босых нагах быў мяккі — відаць, скураны i абшыты шэрсцю — ашыйнік, да вўшак ашыйніка былі прывязаны пастронкі. Яны ж былі зачэплены аж на столі — да жалезных крукоў. Паласатыя піжамныя штаны аб'ехалі Юру на худыя, тонкія калені, агаліўшы непрывабныя галёнкі. Пальцы ног, здаецца, аж пасінелі. У ix, канечне ж, цяпер было мала крыві.

«Што з ім? — жахнуўся Алесь.— Сабраўся вешацца? Нагамі ўгору?! Але не, толькі што ж ляпаў на машынцы...»

Юры гайдануўся, павярнуўся. Алесь зірнуў на яго твар. Шчокі, лоб былі чырвоныя, нібы аплылі ад натугі. Юравы рукі ўсё яшчэ абвісалі, даставалі амаль да падлогі. А на ей, справа ад лямпы, стаяла пішучая машынка.

Калі Алесь перавёў дыханне — дзякуй богу, жывы! — Юры адчапіў каля сцяны ад пятлі ручку (а ручка была ад лябёдкі, што стаяла пры сцяне) i пакруціў. Лябёдка пачала круціцца, нагортваць пастронкі — Юравы ногі апусціліся ўніз. Вось ён лёг на спіну, сеў, расшпіліў на ашыйніку моцныя гаплікі i зняў ашыйнік з ног. Стаў. Хіснуўся. Узяў з блізкага стала акуляры з пазалочанымі дужкамі, начапіў на таўставаты i крышку кірпаты нос. Пазіраў і, здаецца, яшчэ не толькі не мог пазнаць, але i ўбачыць; цёмныя зрэнкі ў карычневых кругах былі пашыраныя. Цела яго за гэтыя два гады прыкметна папаўнела, позірк паглыбеў, на скронях заявілася сівізна.

— Ну i Юры! — паківаў галавою.— Ну напалохаў!

— А, гэта ты, Дзед! — усміхнуўся той.— Здароў.

Даволі ж даўно не бачыліся, але не кінуўся насустрач, не абняў, a толькі падаў руку.

— Ты што — рыхтуешся ў цыркачы? — запытаў Алесь, азіраючы лябёдку.— Ці гэта такая пачная гімнастыка?

— Найноўшая метода...— здаецца, крышку збянтэжыўся гаспадар, хоць збянтэжыць яго ўвогуле было цяжка.— Калі падвесішся за ногі, дык уся кроў прылівае да галавы, добра «харчуе» мозг. Тады іначай бачыш свет. Больш ярка i эмацыянальна...

— Заўсёды ты, Юра, у палоне нейкіх метод, тэорый i канцэпцый...— усміхнуўся Алесь.— А што, калі раптам сальецца ўся кроў у галаву i не адхлыне? Раней, як помню, ты, каб больш пісаць, не браў нi кроплі гарэлкі, піў шмат моцнай кавы, перад сном — прастаквашу.

— Тое — не тое...— усміхнуўся i Юры.— Кава ўзбуджае, псуе сэрца, прастакваша — кішэчнік... А ты не змяніўся! Як быў юнак, так i застаўся ім. Толькі яшчэ схудзеў. Відаць, трапіў ужо ў нечыя сеці, дзетак плойму завёў, аддаўся сям'і...

Юры — жартаўнік. «Шустрачок», як кажа Сямён, ці «цынік», як думае Васіль. Вось пацешыўся. Сам не жаніўся, бо бярог сябе для навукі i крытыкі, i заўсёды пакепліваў з жанатых.