I сёння, гледзячы на яго, шмат хто выехаў араць. Сусед, Гарбацэвіч, гэтаксама. Падсохлае ўжо, выветранае шэрае поле ажыло; на ім тужыліся i коні, i людзі, адчуваючы хваляванне i радасць ад работы, якой даўно ўжо чакалі. Хто-хто, а вясковы чалавек такі: стамляецца, падрываецца, старэе ад работы, a ўсё роўна нічога больш на свеце не любіць, як яе.
Ясь Нямкевіч лёгка ішоў за плугам, убіраючы ў сябе цёплы i хмельны пах свежай зямлі, адчуваючы ў руках, здаецца, яшчэ маладую сілу. Ён добра ведаў сваё поле. Знаў, дзе можна заглыбіць плуг, бо там i чорная зямля глыбока, i няма каменняў, знаў, дзе трэба прыпадняць нарог, бо там жоўты пясок i вялікія, якія не зрушыш з месца, камяні.
Даараў да самай мяжы — да Касцюкевічавага шнура. Завярнуў каня, пусціў плуг у зямлю i прыпыніўся. Не, не адпачыць. Пачакаць сына, Янку. Той хадзіў па ворыве i збіраў у кошык каменне, насіў яго над ігрушу. Ясь любіў, каб поле было чыстае, каб на ім не было ні вялікага, ні малога камення. Хоць колькі ты ні збірай, таго ўсё роўна хапае. Адзін бог ведае, адкуль яно бярэцца. Нібы расце, як грыбы.
— Можа, ты паарэш? — сказаў, калі сын падышоў да яго. Той хацеў прайсці i не падняць нават галавы. Сярдуе, што ў свой час не дазволіў паехаць у сваты да Зосі Мішуковай, перажывае, што тая ідзе замуж за Гарбацэвічавага Віцю.
Ясь адчуваў сваю віну. Праўда, апраўдваў сябе, сваю задуму ажаніць Янку з Гарбацэвічавай Анелькаю, бо той будзе пасля гэтага гаспадар на ўсю вёску, але ўсё роўна адчуваў i няёмкасць: як-ніяк, а пакрыўдзіў, не ўважыў, быў жорсткі. Адно, што суцяшала яго, дык гэта тое, што Гарбацэвіч апярэдзіў, паслаў сватоў да Зосі. Ён колькі разоў апраўдваўся гэтым, але не апраўдаўся, бо i сыны, Янка ды Алесь, i дачка ды жонка ўпотай зацяліся па яго. Нібы ён непрыяцель Янку. І ў хаце ix запанавала маўклівая няшчырасць, непрыязнь.
— Паары, а я пазбіраю... — сказаў.
Янка моўчкі паставіў долу кошык i пайшоў на яго месца. А ён падаўся да каня, нібы перавязаць пастронкі. На самай справе хацеў пагаварыць.
— Ары як трэба, не толькі абы чорным дагары. Рабі ўсякую работу як след, з душою. Зямля як i кабета, лашчыш, любіш, трэшся, мацаеш — падатная, падзяклівая. Не глядзіш, абы-як паводзішся — злая... Дык зямлю трэба любіць і шанаваць. Яна ж карміцелька наша. I корміць, i поіць, i адзяе. He любіш зямлі, не аддаеш ёй душы — не гаспадар ты...
Янка слухаў бацьку i маўчаў. Сёння ён не вельмі браў да душы, да розуму бацькаву навуку, бо чуў яе ўжо i раней часта, згаджаўся з ёю i ведаў, што якраз па ёй i будзе жыць. Цяпер жа, калі зірнуў на высокую старую грушу, успомніў адно лета, жніво. Тады маці зрабілася кепска, яна ўпала, страціла прытомнасць. Ён прынёс яе да грушы, у цень, куды неўзабаве збегліся i ўсе кабеты з поля. Сярод ix была i Зося. I яна тады неяк вельмі ж незвычайна, са шчырасцю, са спачуваннем, нават з нейкаю любасцю пазірала на яго, i той яе позірк узварушыў яго душу, помніцца i цяпер i, мусіць, ніколі ўжо не забудзецца...
Бацька перасупоніў хамут, адышоўся. Янка, так нічога i не прамовіўшы, цмокнуў на каня i павёў плуг. Роўна. Не запускаў яго глыбока i не падымаў. Талковы хлопец. Не прападзе, будзе жыць. Але во змяніўся на вачах. Які працавіты, дзёрзкі, такі ж i зацінлівы. Не па ім выйшла — дык бунтаваў, аж, здаецца, хату ледзь не перавярнуў, зацяўся. Калі яшчэ i малы быў, дык меў свой характар. Ужо ў два гады не дала маці грудзей, дык ён не роў i не выў, а так зацяўся, што аж на галаве вошы заявіліся ад жалобы.
«Адпусціцца, нідзе не дзенецца... — падумаў, беручыся за кошык. — Перагарыць, стане ў аглоблі — пасватаем да Анелькі... Пётрык-то цяпер падбівае, каб прысылаў сватоў. Хоча заадно два вяселлі зрабіць. Але цяпер нам цяжка зрабіць вяселле, ды i якое будзе вяселле, калі Янку будзе яно нямілае, калі, можа, ён з другой маладой вачэй не будзе зводзіць... Увосень, на новым хлебе, усё зробім».
3.
За Буднікаваю хатаю сварыліся кабеты.
— А каб яны прапалі! — лямантавала старая Буднічыха, стоячы ў сваім гародчыку i падпёршы бокі рукамі.— Яны ўжо мне ўсе грады павыграбалі, каб яны падохлі i ты падохлых загрэбла!
— Каб цябе самую калі не сёння, дык заўтра як здыхату загрэблі! — адказала ёй суседка, Ваўчыха, са свайго гародчыка.— Барсучыха ты мардатая.
— Я мардатая? — ускіпела Буднічыха.— А ты якая? Красуня? Ты... Пудзіла ты! Караўка!
— А ты чысцёха? — не уступала Ваўчыха.— У цябе самой лыжкі ніколі не мытыя, каб цябе на той свет мылі! У хаце ніколі не мецена, ложкі не засланыя! Пад ложкам як наваліў летась кот, дык i цяпер тое ляжыць!
— Павыглядала, каб табе лупы вылезлі! A ў цябе ўсё мецена i заслана?! Ты меней бы бегала па хатах ды выглядала б усё, а сказала б свайму лупавокаму, каб плот загарадзіў!