— А твой не лупавокі?! Зубы як у каня! Дай бог, каб яго зубамі дзеці грушы абівалі!
— Каб...
Але болей лаянкі не пачулася: абедзве кабеты ўбачылі Зосю. Угледзеліся ў яе, праводзілі цікаўнымі позіркамі, хоць ты ім хвігу пакажы.
Якраз насустрач ёй ішоў Сцяпан Чорны.
— За курыцу во так сварацца! — усміхнуўся.— Брэшуць адна на адну, як сучкі, а я вот думаю: вот усё ў людзей баліць, а язык не забаліць ні разу...
— Вы, Чорныя, без'языкія! — незалюбіла, адказала яму Буднічыха.— У вас саміх языкі як мётлы!
— Каб не мы з дзяўчынаю гэтаю, дык ужо скора адна перад адной загаліліся б i дупы паказвалі б...
— Цьфу! Брахун! — незалюбіла i Ваўчыха, пакідаючы свой «бастыён» i імкнучыся ў хату.
Зося моўчкі падалася далей, адчуваючы, што i кабеты, i ўсе з акон пільна пазіраюць ёй услед. Яна ішла ў краму, купіць тое-сёе да вяселля, зайсці да Галены, што шыла ёй белую вясельную сукенку, вэлюм, а заадно мела патайное жаданне — убачыць Нямкевічаву Кастусю.
На шчасце, Кастусю згледзела ў двары — тая стаяла ў акружэнні мноства маленькіх белых i рабых парасят, дражнілася з імі.
Зося запаволіла ход, махнула рукою: хадзі сюды. Тая паслухала, затупала да яе.
Сустрэліся каля брамкі.
— Да мілага свайго ідзеш? — усміхнулася Кастуся.
Зося не адказала. Не ўзлавалася i не пакрыўдзілася.
— Янак дома? — запытала, не саромеючыся i не зводзячы позірку.
— Не-э... — наадварот, збянтэжылася тая.— У полі з татам. Аруць.
— Кастуська, міленькая...— Зося паклала далонь на маленькую Кастусіну руку.— Прашу цябе, ад усяго сэрца. Скажы яму, хай ён прыйдзе ўвечар. Туды... Ён ведае куды.
Кастуся анямела. Не чакала такой гамонкі.
— Толькі ты нікому не кажы,— шаптала ёй Зося.— Толькі яму аднаму. Я цябе прашу, як сястру. Скажаш?
— Скажу,— мармытнула Кастуся.
— О то i дзякуй табе,— прамовіла i, засаромеўшыся, усміхнулася. Але ў гэтай усмешцы Кастуся ўбачыла нейкую хітраватую задуму.
Пазней, калі адышла, была ў Шлёмы па сваіх клопатах, вярталася, ішла да старэйшай сястры, Галены, дык адумалася. Адчувала няёмкасць, сорам: a ці трэба было самой ісці, шукаць i клікаць Янку? Яна ўсё ж дзяўчына, а ён хлопец. Што ён падумае пра яе? I ці прыйдзе? Дык ужо i хацелася ёй: няхай не заявіўся б! Ёй, можа, лягчэй нават было б.
— На, прымерай,— калі вытурыла з хаты свёкра i дзяцей, сказала Галена i падала станік.— Мне ён ужо цесны, а маёй дачцэ да яго яшчэ доўга расці. Kaлi падыдзе, дык насі на здароўе.
— Ды ў мяне ест свае два станікі,— прамовіла Зося.
— Твае старыя, адзін яшчэ мамін, а гэты зусім новенькі.
— Ды не магу я станік насіць. Цісне, як абцугамi, грудзі. Я гарсэт нашу.
— Гарсэт гарсэтам,— не адступалася Галена.— A станік станікам. Бяры, бяры. Начэпіш, дык грудзі будуць высокенькія! У горадзе дзяўчаты i кабеты кожны дзень у станіках ходзяць. Не зашпіляюць верхнія гузікі блюзак i сукенак, а то вялікія выразы робяць, каб шыя, вяршкі грудзей былі відаць...
— Нашто?
— Каб файна было! Каб мужчыны вачэй не зводзілі.
— Ото распуста! — не ўтрывала свякроў. Яна запынілася тут, у «чыстай хаце», каб паглядзець, як будзе выглядаць на Зосі вясельная сукенка.
Зося скінула блюзку, абсунула на рукі шлейкі кашулі, саромеючыся, схавала аголеныя белыя невялікія тугія грудзі рукою. Галена падала ёй станік, памагла прасунуць яе адну-другую рукі між шлейкамі, накрыла яе грудзі ядвабнымі кружочкамі, сціснула яе цела, зашпільваючы на спіне шлейкі аплікамі.
Грудзіну Зосіну сціснула нібы абцугамі.
— Бачыш! — прамовіла Галена.— Як падняліся! Якія файныя!
— Цісне ж! — паскардзілася Зося, трымаючы кашулю, каб яна не аб'язджала ніжэй гэтага станіка, не агаляла яе белага, што снег, цела.
— Цярпі,— сказала Галена.— От пабачыш зараз, як сукенка добра будзе на гэтым станіку...
Сукенка была яшчэ не пашытая, толькі састрыгаваная. Галена ўссунула яе Зосі праз галаву, абцягнула.
— Бачыш,— правяла па Зосіных грудзях далонню, аж Зося ўздрыгнула ад гэтага дотыку.— Каралеўна! Вот тут падбяром на жываце, тут, пад пахамі, папусцім крыху, як улітая будзе!
— Што файная, то файная дзеўка! — пахваліла Галеніна свякроў.
Дома сёння Зося была паслухмяная, рабіла ўсё, што ні казала маці, i як толькі павячэралі, шмыгнула з хаты. За гумно. Сэрца яе білася часта i дробна, нібы трапяталася, дыханне перасякалася. Здаецца, нават, пазвоньваючы, ляскалі зубы.
Заўважыла: Янка ўжо там, за вушаком дзвярэй.
— Прыйшоў! — прашаптала i адразу прытулілася да яго. Але ён не прамовіў ні слова, не варухнуў рукою. Стаяў, як той сноп.