— А мне, думаеш, свет не завязаны? — прашаптала Зося ёй у адказ.— Сама ж ведаеш...
I яны, абняўшыся, пачалі плакаць.
Слухаючы песню ды назіраючы за дачкою i Веркаю, пачала хліпаць i маці.
— О то бабы! — злаваў бацька.— Рвяцё сэрца...
Узяўшы вянок, Волька заспявала ўжо новую песню — «Ой, звілі дый вяночак...». Калі праспявала, аддала вянок гаспадыні. Яна падзякавала i запрасіла дружак садзіцца за стол. Тыя адмаўляліся, маўляў, «ой, не трэба, цёця», але ўсё ж селі. Мішукі хацелі захаваць стары звычай — частаваць дружак, каб не гаварылі, што гаспадары скупыя. Праўда, дзяўчаты выпілі толькі па кроплі, не шмат i з'елі, бо саромеліся тых, што стаялі на двары над вокнамі. Баяліся папроку ў сквапнасці. Канечне, стаяць цяпер над вокнамі i ў Гарбацэвіча. У таго сёння, казалі, будуць гуляць не толькі асістэнты, але i сваякі, важныя янкавінскія людзі — Лядзяш, поп з пападдзёю, Сяргеенкавы, пісар Дзяжко, стараста, Чарноў, паштавік Гарбуковіч, суседзі Нямкевічы.
У нядзелю ўсе ўсхапіліся раненька. Трэба было ўхадзіцца, прыбраць сталы.
Калі кабеты — а да ix зранку прыбегла i Галена — накрывалі стол, Мішук корпаўся ля калёс. Накрываў ix сенам, пасля схадзіў да Міхайлы Чорнага і, як i дамаўляўся, прывалок i ад яго калёсы. Калі выкладаў мурагом, да яго выйшла жонка.
— Я вот што думаю...— сказала.— Усё ж схадзі ў Засценак, пазыч у Драздовічаў боты. Пётрык будзе ў ботах, а ты не, дык... Як парабак перад панам...
— Ведаюць жа ўсе, хто ён, а хто я! Ды не хачу я пазычанага. Лепш горшае, ды сваё, чым добрае, але чужое...
— Сяроўна... Схадзі... Калі сам не саромеешся, дык падумай пра дзіця! Як яму будзе пазіраць? Бачыш жа сам: як нежывое ходзіць i так...
Паслухаў. Калі вярнуўся ад Драздовічаў з ботамi, дык ужо прыбеглі дружкі. Прыбралі стужкамі вобраць, намандрыкі, прывязалі званочкі i хваёвыя ды бярозавыя галінкі да дуг. Пасля прывалілі i хлопцы-дружбакі. Выгаленыя, святочныя, як i не янкавінскія: хто з ix смялейшы, палез у хату, да дзяўчат, хто тоўкся каля яго, Мішука, курыў, жартаваў, радуючыся ў прадчуванні выпіўкі, закусі i вясёлых уцех. Раз за разам зіркалі з двара ў той канец, у Глінішча: ці не едзе малады?
A ў хаце тоўпіліся дружкі i кабеты. Каторых кабет i не прасілі, каб яны прыйшлі так рана. Дык самі прыбеглі, ірваліся памагаць то накрываць стол, то лезлі да печы ці ў кладоўку — хацелі ўсё, канечне, выгледзець i выслухаць.
— Багаты стол! — зыркаючы па талерках з салам, з мясам, сальцісонам, ацаніла Буднічыха.
— Ага, Аршулька, добры. Лепшы, чым летась у Касцюкевічаў быў. Тыя ганарацца-ганарацца, а стол бедны зрабілі...— падтакнула ёй Ваўчыха, ужо не зважаючы, што на днях сварылася з Буднічыхаю на смерць. Дадала да гаспадыні: — Але годзе вам, людзі, кешкацца. Усяго ж хватае ўжо. Вунь якая часіна! Няхай прыбіраюць ужо дзеўкі маладую...
Зося стаяла неяк беспрытульна за станком каля печы, што цяпер, цёплаю парою, дыхала гарачынёю, i нібы не ведала, дзеля каго яны нагатавалі столькі пітва i яды, дзеля каго састаўлены гэтыя сталы, ідзе-шуміць такая бязладная гамана. Яна нават не адчувала ўсяго сэнсу ў тым, што ёй цяпер дружкі запляталі валасы ўжо не ў адну касу, a ў дзве касы — як замужняй кабеце.
— Малады едзе! Малады едзе! — загулі на двары, i ўсе там кінуліся да варот, на вуліцу.— Затрымалі каля Будніка! Перагарадзілі дарогу! Стол вынеслі. Таргуюцца...
— Прыбірайся, Зоська,— сказала маці. Яна гэтаксама ўжо вымылася, тут жа, пры кабетах i дзяўчатах, скінула з сябе старую спадніцу, блузку i, дастаўшы з куфра, усцягнула на сваё поўнае цела сінюю, лічы, дзявочую, сукенку, абула туфлі i пачала прычэсваць разбэрсаныя, мокрыя на лобе ад поту валасы палавінкаю старога грэбеня.
Зося саромелася ўбірацца тут жа, пры чужых людзях. Ёй здавалася: тыя толькі кінуць на яе позіркі i адразу ж здагадаюцца, што яна ўжо не дзяўчына. Учора ўвечар, як пайшлі дружкі дадому, яна пры маці мылася ў начоўках i ўвесь час сядзела нібы на іголках: здавалася, на яе сцёгнах захаваліся сляды парушанай цнатлівасці.
Рашыла цяпер спажыць даўні звычай, што быў у Янкавінах: убірацца перад вяселлем, перад прыездам маладога, у чужой хаце. Дык цяпер шапнула Верцы, узяла з сабою белую сукенку, вэлюм i белыя туфлі, i яны з Веркаю пабеглі сценкаю ў хату Міхайлы Супраневіча.
Настуля i Міхайла, нявесткі былі дома.
Схаваўшыся за стаяк, Зося пачала ўбірацца.
— Адкупіліся ўжо!— сказаў Міхайла, пазіраючы ў акно.— Прыехаў малады!
Неўзабаве i тут пачулася музыка: гармонік, скрыпка, цымбалы, бубен. Жаласна гэтая музыка рэзнула па Зосіным сэрцы. Без радасці, з якой яна слухала такую музыку на чужых вяселлях.