Праз колькі хвілін сюды ўжо шыбавалі асістэнты i дружкі — па маладую. З імі былі i Зосіны брат i сястра, Казік i Юзя.
— Дзе тут схавалі маладую? — уваліўшыся ў хату, загукаў Антон Емельяновіч.— Аддавайце! Яна ўжо нам трэба!
Верка вынесла з-за стаяка i падала яму вялікую, скручаную з падушачкі, дзяругі ды хустак ляльку:
— Вот маладая! На!
— Хіба гэта маладая! Гэта старая баба. Нам трэба жывая, маладзенькая i файная.
— За маладзенькую i файную, братка, трэба многа заплаціць! — улез у гаману Міхайла.— Выкупі...
Патаргаваўшыся, Антон мусіў i гаспадарам, i Зосіным меншым брату i сястры даць цукерак. У гэты час Зосіны дружкі прышпілілі да пінжакоў сваіх асістэнтаў, на левы бок грудзін, белыя стужачкі з зялёнаю рутаю. Хлопцы давалі ім за гэта цукеркі, спрабавалі абдымаць — у хаце, як i заўсёды на вяселлі, стаяла вясёлая тузаніна i гамана.
I толькі яны збіраліся выйсці з хаты, як ix запыніла гаспадыня.
— Пачакайце,— сказала яна.— Надта скора забываецеся на старыя звычаі. Няхай во маладая пасядзіць на пасадзе,— i паднесла да Зосі дзежку, накрытую вывернутым кажухом.
Зосі няможна было ўжо садзіцца на дзяжу. Але як не сядзеш? Ад языкоў тады не абярэшся.
«Ці ведае што? — зірнула на Настулю, здаецца, чырванеючы.— Можа, падгледзела?»
Тая хітра ўсміхалася. Зося павагалася i села.
— Вот так, дзеўкі, каб усе замуж выходзілі! — сказала Настуля.— Цэлыя i нечапаныя!
— Не заўсёды так i бывае...— усміхнуўся Miхайла.
Пасля ўжо, калі вялі пад руку асістэнты, а за імі парамі, дружка ca сваім асістэнтам, ішлі на вулщы, твар у Зосі гарэў.
Каля хаты скўпіліся калёсы з коньмі. Дугі, аглоблі, драбіны былі ўтыканыя бярозавымі галінкамі, дзеразой. Як коні трэслі галовамі, дык звінелі шаламкі. Люду-люду было каля двара.
Маладога тут ужо не было. Яго, відаць, ужо сустрэлі бацька i маці, запрасілі ў хату. На дварэ толькі тоўкся Уладак. Трэба было, каб i ён, як першы Віцеў асістэнт, ішоў па яе, але во не пайшоў. Пэўна ж, збаяўся Міхайлы. Як убачылі працэсію, музыканты зайгралі, ашаламляючы сваёю музыкаю. У Зосінай галаве нібы ўсё паплыло-паплыло.
— Якая файненькая! — хтосьці з кабет прашаптаў ёй услед, калі яна, апусціўшы вочы, ішла па двары ў хату.— Даўно ўжо ў нас не было такой пагляднай маладой!
— Як галубка!
— Але вароне дастаецца...
— Сама ж захацела... На багацце пагналася...
«Соль вам у вочы, дзяркач у зубы!» — як i вучылі ўчора маці ды Галена, падумала яна сама сабе, крыўдзячыся, чаму ўсё ж такія злыя людзі. Хай бы хто i паспачуваў бы. Пазірала, цікавала, ці ёсць у Віцевай дружыне Янка i Кастуся? Кастуся ёсць, а Янкі няма. Значыць, адмовіўся. I добра. А то ні ёй, ні яму не было б як падняць вочы.
— За каго пайшла!..— дагнаўшы, зашаптаў на вуха Уладак.— Я цябе ўзяў бы...
— Дык чаму ж не ўзяў? — зазлавала.
— Дык ты ж з гэтым блыталася... Каб не ён, дык я... Але ж i хітрая: з адным буські, а за другога замуж...
— A хіба блага? Хіба Віця за вас горшы?
— Дык ты што, па сваёй ахвоце ідзеш? — здзівіўся.— Кажуць жа, бацька сілком цябе прэ...
— Сама іду. Ніхто мяне не гоніць. I толькі за яго. Нi за кога больш не хачу. I за цябе — такога красуна таксама. А ты не выскаляйся вот, a глядзі: не возьмеш замуж Верку — заб'юць Чорныя...
Уладак звяў, адстаў. Яна ж, як аблітая халоднаю вадою, увайшла ў хату. Там людзей было мала: бацька стаяў каля Віці — i сёння белага як снег. Той зірнуў на яе i апусціў вочы. I яна перавяла позірк, не ведаючы, дзе запыніцца. Не вітаючыся з Віцем, падалася да маці, што замыкала куфар. Можа, нядаўна схавала туды зяцеў падарунак.
— Не пазірай, як кот на кілбасы! - наляцеў Уладак, ківаючы галавою Віцю.— Табе яшчэ рана да маладой падыходзіць. Цяпер мы каля яе будзем круціцца.
Памкнуўся да Зосі, убачыў Верку i... асекся. Ужо, здаецца, быў i не рады, што прыскочыў. A ў хату ўжо заходзілі яе i маладога дружкі, асістэнты, запаўнялі, што вось-вось у ёй, малой, i не будзе ўжо дзе павярпуцца. Лезлі i запрошаныя на вяселле i не запрошаныя кабеты.
— Садзіцеся, госцейкі дарагія,— запрашала, недзе ўжо зашчэмленая ў гурце, маці.— Дзе ж тут сват, малады? Хай першыя садзяцца.
— Ага, садзіцеся, людцы,— запрасіў i бацька.
Госці патапталіся дзеля прыліку, а пасля палезлі за сталы на кут. Зося са сваімі дружкамі i асістэнтамі села насупраць. Hi яна, ні Віця адно на аднаго не пазіралі.
Ззаду па-ранейшаму тоўпіліся кабеты, дзеці, пазіраючы на ix, на сватоў i на маладых, як на дзіва. На яе, на Зосю, здаецца,— найбольш.
Вось зірнулі на Салвэся Гарбацэвіча: цяпер надыходзіў час яго каманды. Бянтэжачыся, ён устаў, пачаў паліваць у чарку гарэлку. Недаліў, хацеў капнуць яшчэ, каб была поўная, ды не разлічыў, лінуў цераз край чаркі, сабе на руку i на стол.