— Няўмека! — папікнула ціха жонка.
— Будзе ўсяго ў сям'і цераз край...— прашаптаў нехта ззаду.
Салвэсь паставіў чарку на талерку i падаў ёй, Зосі. Яна, ведаючы добра, што рабіць, але бянтэжачыся ад позіркаў, накрыла чарку загадзя прыгатаванай хустачкай. Тады Салвэсь падаў талерку, чарку i хустачку Віцю; той, устаўшы, здаецца, крышку заружавеўшыся, узяў хустачку i паклаў на талерку, мусіць, прыпацелыя ад поту далоні грошы.
— Аж дзесяць залатых рублёў! — зашаптаў, зяхнуўшы, нехта з кабет ззаду.
— А хіба няма?..
— Не кажы. У Гарбацэвіча грошай процьма...
Зося, калі Салвэсь зноў паднёс да яе талерку, абыякава ўзяла грошы. Абы захаваць заведзены звычай. Пасля ўзяла чарку i крыху адпіла.
— Ганарлівая! — сказаў хтосьці ззаду.
— Ну, а цяпер просім бацьку i маці паблаславіць, каб малады з маладою павіталіся! — сказаў Салвэсь.
— Просім,— адказала за яе спіною маці.
Зося i Віця ўсталі, падалі адно аднаму рукі ў хустачках.
— Дык выпіце i закусіце, госцікі дарагія,— пачалі запрашаць Мішукі.
Сваты, хлопцы выпілі. Дзяўчаты памачылі толькі губы.
Калі прыкусілі (Зося заўважыла, што маці пазірае на сталы нібы з жахам: здаецца, усе па кавалачку-два ўзялі, a талеркі амаль апусцелі. А яшчэ ж усё вяселле наперадзе, яшчэ вунь колькі гасцей прыйдзе), Салвэсь падаў каманду, усе ўсталі i абышлі вакол сталоў тры разы. Прыселі зноў, але не пілі ўжо i не елі, хоць i Мішук i Мішучыха дзеля прыліку прасілі яшчэ «хоць крыху пасядзець за сталом».
Пасядзеўшы, вылезлі з-за сталоў, стоўпіліся ў хаце. Усім было яшчэ адно відовішча: Зося падышла да маці i бацькі, што селі побач на ўслоне спінамі да сталоў. Бацька трымаў у руках абразік. Каля ix ног ляжала дзяружка. Зося ўкленчыла i ўтупіла галаву між бацькоўскіх каленяў. Не чула, як маці i бацька блаславілі яе да шлюбу, што зычылі: усе яе пакуты, боль вырваліся ў роспач, у плач.
Яна нават не ведала, што сваім плачам вельмі здзівіла янкавінцаў. Звычайна дзяўчаты, калі выходзяць замуж, плачуць — канечне ж, не так горка,— дзеля звычаю, а яна плакала наўзрыд.
Калі ішла да калёс, яе зноў сустрэлі музыканты музыкай. Бацька i маці з хлебам i соллю i чаркамі гарэлкі абышлі тры разы ўсе калёсы. Пасля маці сыпала кругом жыта, а бацька, выпіўшы крыху з чаркі, лінуў астатнюю гарэлку ўверх. Як села на свае калёсы, Зося праз слёзы пазірала на ўсіх i нічога не бачыла як праз туман, бязвольна скубла i кідала сена на дзяўчат — каб тыя хутка выходзілі замуж. Не кінь — пасля не абярэшся ад папрокаў: сама выйшла i пашкадавала, не пазычыла, каб i астатнія дзяўчаты выходзілі.
5.
У царкве быў таямнічы паўзмрок, холад, таемна было i ад падсвечаных святлом ca свечак нізкіх скляпенняў i кратаў на акенцах.
Зося стаяла побач з Віцем на подсцілцы, трымаючы свечкі, i адчувала: не ўстоіць, паваліцца. Ад напружання. Ды яшчэ ад непрыемных пахаў айца Феадора. Той стаяў блізка, прыгнуўшыся над кнігаю, закапанай воскам, трымаў свечку, гаварыў i дыхаў цяжкім пахам гарэлкі — відаць, учора добра нажлукціўся ў Гарбацэвічаў.
— Божа пречістый i всея тварі содетелю...— казаў ён не то зразумела, не то незразумела, i гэта пабольшвала загадку таго, што адбываецца.— Іже раба твоего Авраама благословівый i разверзый ложесна Сарріна... іже Ісаака Ревеце даровавый... Подаждь рабом твоім сім Вікенцію i Соф'і жівот мірен...
«Здаецца, пра нас ужо кажа...— устрапянулася Зося.— Відаць, злучае нашы сэрцы...»
— ...долгоденствіе,— гаварыў далей, нахіляючыся i зазіраючы ім у вочы. Здаецца, з хітрыкаю, нібы ўсё ведаў, што на яе душы,— целомудріе... сподобі я відеть чада чадов...
«Здаецца, пра дзяцей кажа!..— апякло пранізліваю здагадкаю.— Можа, на споведзі мне трэба было яму прызнацца, што іду за Віцю не дзяўчынаю? Ёсць жа тайна споведзі... А то...»
— ...і дажді іма от росы небесныя свыше... імполні домы ix пшеніцы, віна i елея... возвысі я яко кедры ліванскіе...
Дзяк Дземідовіч, што стаяў ззаду, камандаваў, i яна, як i Віця, паслухмяна ўсё рабіла, гаварыла, па знаку надзявала Віцю пярсцёнак на яго тонкі, нібы дзявочы пальчык, а ён — на яе, здаецца, таўсцейшы палец. Пасля, нягледзячы адно на аднаго, пацалаваліся. У Віці былі сухія i халодныя губы.
«Вось ужо i замужняя, як птушка ў клетцы...— думала i з горасцю, i ў той жа час з нейкім дзіўным суцяшэннем, ідучы з Віцем з царквы,— Не Мішук ужо, a Гарбацэвіч...»
Узрушаная, як сама не свая, ехала з Віцем на адным возе дадому, дзе ix удваіх ужо сустракаў з хлебам i соллю бацька (маці па даўнейшаму звычаю спатыкала ў вывернутым кажуху, з векам ад дзяжы, на якім гэтаксама быў хлеб-соль i чаркі гарэлкі. Паблаславіўшы i павіншаваўшы, яна падняла века — i яны ішлі ў хату пад ім: гэта — каб яны былі роўныя, «параўняліся векам»), пасля сядзела на покуце пад абразікам, пазірала, як спраўна пілі i елі дружкі i асістэнты, іхнія госці: выгаленыя, падстрыжаныя, ад таго з белымі патыліцамі i скронямі мужчыны i ўбраныя кабеты, па ix камандзе, калі крычалі «горка!», падымалася i датульвалася да так i не пацяплелых вуснаў свайго мужа. Час ад часу яна пазірала на маці. У той, здаецца, не было сёння радасці, была на твары засяроджанасць. Забярэ са стала пустую талерку, прынясе новую, крышку ўсміхнецца некаму, тое-сёе адкажа, а сама зноў ідзе ў кладоўку. Зося адчувала: выходзіць ужо ўсё, не хопіць да канца вяселля. Бо i праўда, людзі добра ядуць.