Выбрать главу

Свацця дала ім па кавалку каравая, які яны ўзялі праз хустачкі, сват наліў гарэлкі. I калі яны прыгублівалі, музыканты зайгралі марш. За роднымі бацькамі падышлі хросныя, дзядзькі, цёткі, дружкі, асістэнты, госці...

Як падарылі, усе зноў селі за стол. Вярнуліся падвесялелыя пяўчыхі, зноў пачалі спяваці. Пра развітанне маладой з домам. Зося не вытрывала, заплакала. A пяўчыхі яшчэ нібы наўмысна стараліся «падвысіць» яе i зганіць маладога:

Наша маладая Як уюн уецца, Ваш малады Не павернецца. Наша маладая Як сыр белы, Ваш малады як пень гарэлы.

Калі яе свацця абвязала свата i маладога ручнікамі, пяўчыхі накінуліся на свата:

За што, сватка, звязалі? З чужой бабай спаймалі? Казалі, сватка, вельмі харош — Па кулаку вочы, буслаў нос.

Маці, плачучы, пачала звязваць пасцель. Каб апярэдзіць усіх, асістэнты выскачылі праз адчыненыя вокны на двор, каб ужо адтуль убегчы ў хату i «ўкрасці» падушкі, куфар. Але ix апярэдзілі кабеты, прыйшлося ім i свату заплаціць тым за ўсё гэта

Калі выходзіла з хаты, Зося абводзіла яе позіркам. Бывай, хата родная!

Маці ішла побач, рыдала. Плакаў i бацька.

А жанчыны вярэдзілі-вярэдзілі душу ўсім:

Ды паедзеш, Зосечка, У чужы край, Ды з сабою зязюльку Забірай. Ды пасадзіш яе У канцы пасцелі, Яна табе будзе Раненька кукаваці, Цябе, маладзенькую, Пабуджаці. Бо чужая мамачка — Не свая, Ды не будзе раненька Будзіці, Пойдзе па вуліцу Судзіці...

Калі на двары Зося цалавалася, развітвалася з бацькамі, жанчыны ўсё спявалі, музыканты ігралі, i Зося была ці то ў разгубленасці, ці то ў сне, да болю адчуваючы, што ўсё ж добра было ёй дагэтуль дома. Затрывожылася: а як будзе ёй там, у чужых? Адзін бог, мусіць, толькі ведае, калі вызначыў ёй такую долю.

Бацькі засталіся дома. Сваты, Мішукі i Гарбацэвічы, па-янкавінскаму звычаю, спаткаюцца, пасядзяць разам за адным сталом у маладога толькі ўжо праз тыдзень — на перазовах.

Янка не бачыў, як ішло вяселле ў Зосінай хаце, ён толькі са свайго двара чуў далёкі водгалас музыкі, што шчымлівасцю не толькі ўзбуджаў, але i рваў яму сэрца. Бацькі, сястра ды братавая выходзілі пазіраць, як ад'язджаў Віця да Зосі, як яго сустракалі Мішукі, як поп шлюбаваў маладых у царкве, а цяпер зноў пайшлі сустракаць маладога, што вяртаўся дадому ўжо з жонкаю. Янка не пайшоў. Адзін застаўся ў хаце, не ведаючы, куды дзецца, у якую шчыліну зашыцца. На душы было так нагана, што хоць ты сыдзі куды на гэты час з вёскі.

Віця прывёз Зосю дадому пад вечар, калi ўжо яркае сонца апусцілася над самым лесам. Прымчаліся на лепшым Гарбацэвічавым кані, уехалі ў двор. Віця саскочыў з калёс, памог злезці Зосі ў белай сукенцы. Як ні прыпадаў да шыбіны Янка, не згледзеў яе з-за людзей, з-за далёкасці твару. Бачыў: сустрэлі маладых Гарбацэвічы. Пётрык без шапкі i Вікця з хлебам-соллю, з чаркамі гарэлкі. Павялі вось у хату. Услед за ёю асістэнты, сват панеслі Зосіны падушкі, куфар — Зося ўваходзіла ўжо ў хату гаспадыняю. Хлопцы курылі, баялі адзін аднаму байкі, рагаталі, дурэлі з дзяўчатамі. Усе былі вясёлыя, задаволеныя. Здаецца, ніхто не засмучаўся. «Нават i мае сябры цешацца...» — са скрухаю падумаў ён. Пасля ўсе гуртам шухнулі ў хату. За стол. А Янка ўсё стаяў i стаяў адзін каля акна, думаў, адчуваючы дваякае пачуццё. Каб Зося пайшла за Віцю, адмовілася зусім ад яго, Янкі, дык яму было б прасцей: крыўдаваў бы на яе, на ўвесь свет i жыў бы з гэтаю крыўдаю. Дык не. Паклікала, аддалася. Дык цяпер i Віцева, i нібы яго заадно. Не адарвеш ад сэрца. Ды раптам яшчэ будзе ад яго ў яе дзіця. Па-ранейшаму яе кахаць, употай красці чужое шчасце? Колькі? Усё жыццё? Не жаніцца самому? Нe. Трэба будзе рана ці позна завесці сям'ю. Але як жаніцца, калі душа не ляжыць нi да адной дзяўчыны ў вёсцы, апроч Зосі?!

Калі пачало ўжо цямнець, заявілася братавая, Ядзя. Выпіла ў Гарбацэвічаў, дык расчырванелася, развесялілася, здаецца, аж пырскала ад яе здароўе, маладосць, дужасць. Малую дачку сваю, відаць, пакінула на бабчыных руках.