Выбрать главу

Але ж гэта не так. Па-першае, за краем зямлі — вада, а па-другое, за гэтым лесам, праз вёрст дваццаць,— стары i, як кажуць, павабны i слаўны горад Новагародак, што некалі быў нават сталіцаю магутнай дзяржавы — Вялікага княства Літоўскага. А за Новагародкам, расказваюць, стаяць i меншыя, i яшчэ большыя гарады з высокімі цаглянымі дамамі, электрычным святлом, з аўтамабілямі i трамваямі. Цікава, як там, у тых гарадах, жывуць людзі, што не сеюць, не косяць, не носяць лапцей? А жывуць жа яны, канечне, іначай, чым вяскоўцы. Спакон жа вякоў жыццё нібы цэніцца на тры лады: «як у нас тут, у вёсцы», «як там, у горадзе», i «як там, за мяжою...». Ад незразумелага хвалюючага пачуцця яму хацелася зняць з галавы аблавушку, узяць яе ў руку i доўга стаяць, пазіраць удалячынь, аддаючы свету даніну загадкі, здзіўлення i павагі. I зняў, схіліў бы галаву ў пашане, каб не саромеўся суседзяў. Бо тыя раскажуць пра яго такі ўчынак — тады ўся веска будзе смяяцца як з дзівака. Ён ужо ведае: людзі сваёй шчырасці саромеюцца, з чужой — смяюцца...

Не, пушча не ціхая, не мёртвая. Вось амаль над галавою, нечакана аднекуль вынырнуўшы, паказалася сарока. З чорнаю галавою i шыяю, з белым i доўгім пярэстым хвастом. Зачэкала. Як усёй пушчы ўвяла ў вушы: a ў нас людзі! Знікла. Недзе далёка i глуха застукаў дзяцел.

— Ну што там угледзеў? — задраўшы галаву, запытаў з усмешкаю бацька.— Лася? Лicy? Ці, можа, мядзведзя?

— Велькі свет... .

— А! — здаецца, адразу ж зразумеўшы яго, прамовіў бацька. З хвіліну памаўчаў, а пасля нібы яму, нібы сам сабе пачаў гаварыць гэтаксама ўзрушана: — Свет i праўда велькі! Не толькі нашы Янкавіны ці воласць, навет, наша губерня на ім! I губерняў, i імперый процьма! I калоній іхніх... Самыя розныя людзі жывуць. I белыя, як мы, i чорныя, як сажа, i жоўтыя. I гавораць па-ўсякаму. Нe толькі па-расейску, па-польску ці па-пашаму. Ест такія краі, дзе так гавораць, што ты нічога не разбярэш. Я ж служыў на Каўказе, чуў...

Янка ўжо нямала за сваё маленства ды юнацтва наслухаўся, як баялі бацька i іншыя бывалыя мужчыны пра сваю колішнюю вайсковую службу, пра чужыя краі i чужых людзей, пра іхнія звычкі, але цяпер зноў не мог даць веры: няўжо ў гэтым, пад адным небам свеце ўсё — i прырода, i людзі — сапраўды вельмі розныя? У такую вось сонечную раніцу?

— Многа розных людзей на тым Каўказе жыве... — мабыць, успамінаючы свае маладыя гады, прамовіў бацька.— Але вось што дзіва, я табе скажу: народзіцца які грузін, абхазец — i ён ужо, маленькі, грузін i абхазец. Чорненькі, шустры, вясёлы.

Бацька замаўчаў i не падганяў скідаць сена, нібы дазволіў: зірні, сын, зірні на свет вялікі, на чужое багацце. Зайздросціць, можа, надта не варта, а па-добраму, па-гаспадарску i чужое агледзець ніколі не зашкодзіць.

Гэтай Налібацкай пушчай, на якую цяпер з такім захапленнем пазіраў Янка, некалі ўладалі Радзівілы, a з пачатку мінулага стагоддзя яе аддалі Вітгенштэйну. Яго родзічы, казалі, мелі процьму зямлі, лесу, сенакосаў i там, у Расіі, дык Налібацкую пушчу здавалі ў арэнду. Прышлыя арандатары рэзалі лес, білі звяр'ё, збіралі мёд, ягады, грыбы i ўсё гэтае дабро сплаўлялі па Немане за мяжу. Несцераўцы, налібачане, прудзяне, крычатоўцы, ніўнянцы, хатаўцы, янкавінцы — увесь тутэйшы навакольны люд, які меў мала сваіх лугоў ды лясоў, купляў у арандатараў сенакосы, дровы, старыя сосны на хаты. Куплялі на торзе, цанаваліся, вёска перад вёскаю, самі памагалі чужым рукам выграбаць ca сваіх жа кішэнь вялікія грошы.

Янка пазіраў-пазіраў удалячынь, а пасля адчуў: ужо не толькі здзіўляецца, хвалюецца, але пачынае i разгублівацца, нібы меншаць, нікнуць ад адчування вялікасці свету, вялікасці нечага багацця, нечай улады. I ад нейкай незразумеласці ды глыбока схаванай несправядлівасці. Бо што ні кажы, a ў жыцці яе вельмі i вельмі шмат. На кожным кроку. Усё гэта не толькі ўражвае, але i прыгнятае. Цяжка, непасільна, пакутліва i паныла. Ён сагнуўся i пачаў спіхаць, скідаць уніз зляжалыя шчынкі — пласты — сeнa. Праўда, ні ад хвалявання, ні ад прыгнечанасці не пазбавіўся.

П'янеючы ад пахкага сена ды раз за разам чмыхаючы ад пылу, моўчкі развярнуў стог ледзь не да сярэдзіны — датуль, куды бацька з зямлі можа дастаць віламі. Затым скокнуў долу, на скінутае сена. I там ужо, на зямлі, развязаў шнуркі, падняў угору навушнікі аблавушкі — увагрэўся.

Пакацілася па лесе рэха — закрычаў на сына стары Гарбацэвіч. Янка зірнуў туды: Віця ніяк не мог узабрацца на стог. Лез i споўзваў уніз, колькі бацька ні папіхаў яго. Розныя яны, гэтыя Гарбацэвічы. Бацька — невысокі, таўсматы, цягавіты, упарты, жорсткі, не дурны (у Янкавінах не казалі, што ён разумны, а якраз «не дурны», бо недзе нечага кропельку яму не хапала, каб пра яго мелі лепшую думку), а сын — высакаваты, чуллівы, але слабы, маўчун i няўдаліца. Больш такіх цельпукоў, як ён, бадай, у вёсцы i няма. У маленстве, навучыўшыся ад дзеда, любіў іграць па скрыпцы. Зашыецца ў які куток i журботна пілікае, схіліўшы галаву на плячук ды заплюшчыўшы вочы. Дык бацька, калi памёр дзед, прадаў карчмару Шлёму скрыпку, баючыся, што сын праз яе адаб'ецца ад гаспадарскай работы: Віцю пaсля дзедавай смерці пачалі запрашаць іграць на вяселлях. У Янкавінах спрадвеку казалі: з музыкі, з рыбака i млынара не будзе гаспадара. А як адабралі скрыпку, дык Віця зрабіўся ціхі, нелюдзімы. Рабіў усё па гаспадарцы, здаецца, толькі пад прымусам, без ніякай ахвоты. Часта, як бачылі, хадзіў i падоўгу стаяў каля Гаспадара-каменя.