Бацька нічога не адказаў. Схмурыў калматыя бровы, што амаль зрасліся на пераноссі. На раптоўна пацяжэлы i яшчэ больш памаршчынелы твар усплыў з душы цёмны, пакутлівы цень. Забалела сэрца па сястры i Янку. Ён хуценька ўзяўся рэзаць хлеб. I праўда, хлеб не рэзаўся. Крышыўся. Але адрэзаў дзве тоўстыя лусты.
— Ну, чаго рот разявіў? — адчуваючы няёмкасць за боль, які прынёс суседу, накінуўся на сына Гарбацэвіч.— Рэж, жаніх, качан!
Янка адрэзаў кавалак прасоленага, з ружоваю праслойкаю сала, усадзіў яго на востры альховы ражон i падлез да агню. Зірнуў на Віцю — той міргаў-міргаў светлымі вейкамі, заплюшчваў вочы, шморгаў малым кірпатым, як у маці, носам. Вось па ўпалай белай шчацэ, па залацістым пушку накацілася сляза. Зрабіла бліскучы раўчучок — ад куточка вока i да аброслай бародаўкі, што вырасла пры самым падбародку.
«Плача... — спавага варухнулася ў Янкавай душы,— Відаць, не хоча браць тую, прудскую... Ці пячэ крыўда ад бацькавых зняваг? Нe хлопец, а баба! Паніч, як кажуць у вёсцы... Агрызнуўся б раз добра, гыркнуў бы — дык стары i асекся б, не разяўляў бы без дай прычыны зяпы...»
Нямкевіч гэтаксама пасунуўся да агню, апусціў на агонь ражончык. Сала на абодвух ражнах засквірчэла, запахла соладка i мляўка, начало пакрыху пакрывацца чорнаю лускаю, капаць на галавешкі.
Гарбацэвіч разрэзаў папалавіне качан — той быў мёрзлы. Канечне, памерзлi i яйкі. Каўтнуў сліну. Адвярнуўся.
— Бяры мой аполец i адрэж сабе ды сыну па кавалку,— не паварочваючыся, прамовіў Нямкевіч.— Нa капусце ды яйках i ног не пацягнеш, i вілкі з сенам угору не падымеш. Ды змерзнеш за дарогу.
— Ды не трэба,— неяк паспешна адказаў Гарбацэвіч.— У нас жа i сваё сала дома ест. Але я наўмысне не браў. Пост жа вельмі цяпер.
— Дома, пры лёгкай рабоце, пасці, а тут... Бяры, бяры. Пост — не мост, яго i абысці можна.
Гарбацэвіч паслухаў. Адрэзаў сабе i Віцю па скрылю сала.
«Не так ты, мусіць, баішся грэху,— падумаў Янка,— як скупец са скупцоў. Сам сабе есці шкадуеш».
— Не лі, падла ты, тлушч на агонь,— неўзабаве зноў засыкаў, як гусак, на Віцю Гарбацэвіч.— На лусту тыцкай. Дабро ж! — I, ужо з павагаю ды з паддобрываннем паварочваючыся, паскардзіўся: — Зусім не ашчадныя гэтыя маладыя. Марнатраўцы з марнатраўцаў. Каб даў ім патолю, дык за тыдзень гаспадарку звялі б.
«Ну i аса! — зморшчыўся Янка.— Росту кату па пяту, a злосці, звягі — дык на вялікага сабаку. I родных, i парабкаў пазамучваў работаю ды лаянкаю. Век сіпіць i сіпіць».
— Неяк i яны жыць будуць. Не прападуць,— нібы заступіўся за ix, маладых, бацька.— Мы ж не прапалі i гаспадарак не звялі, хоць i на нас некалі нашы бацькі наракалі. Калі самі чаго ведаць не будуць, дык добрыя людзі падрадзяць.
— Не кажы, Ясь. Людзі — людзьмі. Трэба найперш свой розум, сваю кемнасць да ўсяго мець. Ніхто чужы табе надта не спрыяе. Кожны глядзіць, як цябе абхітрыць, як ад цябе паболей уварваць. Я ж ведаю... Трымаю парабкаў. Каб не пільнаваў дзень i ноч, дык i хату па кутах разнеслі б i прапілі. Ого цяпер людзі! Не дай бог!
— Не грашы, Пётрык,— уздыхнуў бацька.— Не наракай надта ды не скардзься. Нi на сваю долю, ні на чужых людзей. Хто-хто, а ты абжыўся ўжо. Зямлі, лесу вунь колькі маеш. Усе здаровыя, усе дома. Мае парассыпаліся, яшчэ не абладаваныя... Гіполь — за светам, жонку i двое дзяцей мне на рукі пакінуў. А за светам, сусед, усяк бывае... Людзі там зборныя... Бывае, каторы хцівы i за капейку можа забіць чалавека... Не дай божа! — паражагнаўся.— Алесь без работы... Хто ж ведае, што яму скажа суд... I яго,—кіўнуў на Янку,— сёлета, як сказалі, у армію забяруць. Адзін з мужчын застануся ў хаце. А якая ўжо ў мяне сіла! I на колькі яе! Вунь колькі ўжо гадоў наскрэбалася... Але, што ні кажы,— уздыхнуў,— страшней за ўсё, калі вайна будзе... Чый-чый край, а наш то не ўсцеражэцца ад яе... Хто калі ні ідзе на Расею, хто калі з яе ні ўцякае, усё праз нашу зямлю шыбуе, топча, паліць, кроў лье...
— Шлёма божыцца: сёлета вайна пачнецца... — уздыхнуў i Гарбацэвіч.— Кажа, не размінуцца Мікалай i Вільгельм, схопяцца загрудкі... Чорт яго ведае, адкуль ён гато знае...
— Мікалай i Вільгельм то хай бы, колькі хацелі, адзін аднаго за чубы цягалі, але хай бы людзей сваіх у калатнечу не ўцягвалі... — паразважыў бацька.— Бо пяпер жа страшнейшая вайна будзе, чым крымская ці японская. Усе кулямётаў, аэрапланаў, караблёў, яшчэ ўсякай сакрэтнай халеры нарабілі ды назапасілі... Цяпер больш як калі паб'юць людзей... Цяпер, можа, ужо зусім звядуць свет...
Янка слухаў, адчуваў: пачнецца вайна — i яго забяруць. Але, як i кожны малады, вельмі не баяўся. Бо не ведаў, што гэта такое. Як ні расказвалі пра яе былыя франтавікі, інваліды, як ні страшылі старэйшыя кабеты — сіроты, удовы, маткі,— а ён усё роўна думаў пра вайну найперш як пра нейкую гульню, дзе можа выявіць сваю кемнасць, смеласць, лёгка перамагчы непрыяцеля, дастаць геройскіх узнагарод, як мелі ix каторыя мужчыны з вёскі, што раней ваявалі i засталіся жывыя.