— Хіба сцежка тая вузкая, што цяжка размінуцца? — паабураўся Гарбацэвіч.— Ці без вайны пражыць няможна? Што за людзі!!! Што за характар!!! Пажывуць крыху ў міры, адбудуюцца, пад'ядуць, нагадуюць маладой сілы — i пайшлі таўкці адны другіх!
— Немяц сорак гадоў ужо, лічы, не ваяваў. Нарасло, як ты кажаш, i сілы, нарабіў i ўсякай зброі — дык свярбяць рукі... I вочы на чужое гараць... Надта у паноў...
— Божа мой, божа! — паківаў галавою Гарбацэвіч.— Колькі ўжо будзе гэтая завідушчасць i заграбушчасць?!
— A заўсёды, сусед... Нічога няма на свеце страшнейшага, чым вайна. Лепш недаядаць, недасыпаць ці ўсякія знявагі цярпець, але не ваяваць. Усё тады, што ні сажнеш, скосіш ці выбераш, як у прорву ляціць. Вайна ж ненаежная. Давай i давай без канца ў яе горла. A колькі людзей, i вайскоўцаў, i цывільных, гіне, колькі калек, сірот, удоў, колькі зямлі пусцее i дзічэе... Мы то, старыя, пражылі сваё, нам час ужо i аддаваць богу душу, а вот яны,— кіўнуў на Янку i Віцю,— яшчэ ж, лічы, не жылі, нічога не бачылі... Iм цяпер сама жыць!
Янка маўчаў, бо няможна маладому гаварыць, калі гамоняць, разважаюць старыя.
Заўсёды так бывае: ці то аруць, сеюць, ці то косяць яны — папрацуюцца, надумаюцца ўволю пра сваю сям'ю, гаспадарку, пра свае клопаты, дык потым немінуча сыдуцца, пасядуць, закураць i пачнуць гаварыць. Спачатку абсмяюць некага аднаго-двух самых няўдалых i безабаронных ca свайго гурту, з вёскі, з акругі, а пасля перавядуць гамонку пра свет вялікі, пра мінулае, пра цяперашні дзень,— пра «палітыку». Здаецца, заўсёды ў Янкавінах былі вялікія «палітыканты»: ні з адной бліжэйшай вёскі не даставалася столькі мужчынам за языкі, як з Янкавін. «Папалітыкуюць», аднак мала ў чым разбяруцца, што робіцца на свеце, i зноў ідуць да сваёй спаконвечнай звыклай работы, доўга адчуваючы нейкую трывогу i сваё незразумелае месца пад гэтым небам. Сёння вось першы «запалітыкаваў» Нямкевіч.
— Вайны, можа, у блізкі час i не будзе,— паразважыў Гарбацэвіч,— бо той, хто яе хоча, той яе i баіцца. Але нейкая мітрэнга ў свеце сяроўна павінна быць. Не толькі народы на народы, але i свае ж людзі на сваіх людзей у сваім народзе скрыгочуць. I па гарадах, i па вёсках. Здаецца, у дзевяцьсот пятым цар усіх бунтароў пабіў ці ў Сібір саслаў, аж сяроўна ўсіх не звёў. Ды i новыя завяліся. A ў Думе i па-за Думаю гаваруноў колькі... Усе хочуць Расею перайначыць. I ўсе па-свойму!
— Што праўда, то праўда,— паківаў галавою Нямкевіч.— Зноў, пасля вялікага пазалеташняга расстрэлу[2] заварушыўся люд.
— Не давядзе гэта да дабра. Гаварунэ гэтыя пад'юшваюць толькі народ. З-за ix можа зноў кроў праліцца...
— Горад, кажуць, цяпер зноў неспакойны. Ведама, люд там зборны, з усяго свету, дык адчайны, смелы. Без зямлі, без сваёй хаты, на ўсім казённым, дык яму, як кажуць, няма чаго траціць. Ледзь што — забастоўка, дземанстрацыя, а то i барыкады...
— Забастуюць, возьмуць у рукі зброю — паб'е зноў цар... — перапыпіў Гарбацэвіч, аблізваючы свае тоўстыя, затлушчаныя ад сала пальцы.— Колькі ні бунтаваліся, цар заўсёды ўсіх біў. I ў Расеі, i па ўсёй імперыі.
— Былі ж забілі бомбаю i цара...
— То аднаго. Але сяроўна царскай улады не зрушылі.
— Хто ведае, ці моцная цяпер тая ўлада. Бо яна ўжо, як кажа Шлёма, падточаная. Папіхнеш — i паваліцца... A таўкатнёю, бойняю ўсяго не паправіш. За кроў людскую ніхто не даруе... Цягаў воўк авечак — могуць пацягнуць i воўка! Бунтароў то, як ты кажаш, пабілі, разагналі, але i збаяліся ix. Дзе саступілі, а дзе дзірак так i не залаталі...
— Паб'юць, кажу табе, i новых бунтароў. У цара сіла вялікая,— паўтарыў Гарбацэвіч.— Што ж будзе, падумай, калі папусціцца? Ды цяпер, калі Вільгельм зубы вострыць! Калі палякі заварушыліся, калi ўкраіняне, літоўцы ды i нашы тут каторыя галовы пападымалі! А яны ж яшчэ не тое хочуць, што там, у Маскве ці ў Пецярбургу!
— Няма спакою... Ці ведаюць людзі, чаго хочуць, ці не знаюць, чаго хацець, але...
— Не кажы, Ясь,— не даў дагаварыць Гарбацэвіч.— Падурэлі людзі. Злосныя ўсе, зайздросныя, сквапныя, без усякага паслушэнства. Шмат гаварыць навучыліся. I не толькі. Яшчэ, здаецца, паелі б адны адных. I не толькі вучаныя, але i простыя. Вучаным, можа, i сам бог наказаў: раз ты не захацеў быць спакойным, жыць, як i ўсе жывуць, падаўся ў інакшы свет, растрывожыў свой розум, дык думай, пакутуй за тое, пра што нявучаны i не думае, i не ведае нават. Але вось чаго простаму чалавеку дурэць? Нашто так розум траціць, слухаць усякіх балбатуноў, спакушацца? Калі змей хоча спакусіць, дык ён жа спакушае хітра, нешта дакляруе. Дык вот i цяпер шмат спакуснікаў, горы залатыя абяцаюць — толькі ідзі за імі, паўставай на багатых. I каторыя ідуць. I супраць бога i цара, i супраць паноў...