Мужчына. Так, я выпіў. Таму што добра ў нас ужо не будзе…
Рыгор. Незаменны!
Мужчына. Для нас — незаменны! Табе — любы, хоць з гліны!
Пажылая жанчына. Даўно вайны не было, вось і псуюцца людзі.
Маладая. Адсохні табе, Паліна, язык!
Пажылая. Верка пытаецца: «Баба, а што такое вошы?»
Маладая. Што?
Пажылая. Вошы. Ну, вош, гніда…
Маладая. А! Забіце — не разумею, за што здымаюць!
Пажылая. Памятаеш, як упаўнаважанага прымусіў сесці за руль камбайна? «Ты, дарагі таварыш, папрацуй да вечара, а потым я табе далажу зводку!» Мала было такіх момантаў?
Антонавіч (сутулы, востратвары стары, мудры, хітры). Бабы, а памятаеце, як Іванавіч, тады яшчэ худы, першы раз з’явіўся ў калгасе? Іншыя старшыні ішлі ў кантору, на ферму. А ён — па дварах, з кніжачкай…
Жанчына. Сіненькай…
Антонавіч. Так. І не гаварыў, а пытаўся — як жывяце, у чым маеце патрэбу…
Жанчына. А ведаеце, калі я ў Іванавіча паверыла? Калі пабудаваў лазню! Як мы дагэтуль мыліся? Сорамна сказаць!
Маладая. У начоўках.
Мужчына (з наколкай на руцэ). А мне спадабаліся словы: «У мінулым не корпаюся. Пачынаем новы рахунак добрых спраў».
Гарэзлівы хлопец. Вы ўсе — як на пахаванні… Кузьміч, а памятаеш, як Іванавіч хацеў адправіць цябе ў санаторыю, а ты прыбег з палкай: «Не паеду! Знайшлі дурня! Ведаю, чым там займаюцца!»
Людзі смяюцца. Стары сарамліва пакашлівае.
Жанчына. Смяемся, а хто ведае — як будзе з новым…
Маладая. У суседзяў, у Каменцы, усе разбегліся.
Да Лешчука падышоў Харытончык.
Харытончык. Сяргей Міхайлавіч, калі б гаспадарка была вашай, уласнай, каго б вы прызначылі — мяне ці Зязюлю?
Ляшчук. Ні цябе, ні яго — сам… (У жаху.) Паслухай, ты дзе…
Харытончык. А! Мы дарэмна саромеемся гаварыць — маё. Рана! А Зязюля ўмела выкарыстоўвае псіхалогію людзей у інтарэсах калгаса.
Ляшчук. Зможаш выступіць?
Харытончык (пацешна ўзбіў прычоску, какетліва прыняў позу). Жаніх гатовы. Можаце сватаць.
Ляшчук. Харытон, Харытон! (Нягучна.) Паглядзі на тую жанчыну. Бачыў калі-небудзь такія вочы?
Харытончык (панік, не адразу). Гэта мая жонка. Былая.
Ляшчук. Як?! Ты яе пакінуў?!
Харытончык. Сама пайшла. (Памаўчаўшы.) Шалёная. Але калі б сказала: «Харытон…» Другой такой няма.
Ляшчук. Хіба ў наш час каханне чаго-небудзь вартае?
Харытончык. Калі такая жанчына — многага вартае… Як вы думаеце, калі на гэтай пасадзе я здолею, змагу даказаць… Яна вернецца?
Ляшчук маўчыць. Да іх падыходзіць стары з кійком.
Стары. Новы старшыня? Дай пагляджу… Дзевяты на маім вяку. Э… Слабаваты! Не ў тыя аглоблі ўпрагаешся, сынок. Не пацягнеш, матузы тонкія.
Ляшчук (нервова засмяяўся). Памыляешся, дзед! Харытон Васільевіч такую гаспадарку ўзняў на ногі!
Паяўляюцца Бондар, Вераб’ёў, за імі ідзе Зязюля.
Бондар. Таварышы, заходзьце. Пачынаем сход.
Людзі накіраваліся за імі.
Таіса (нягучна). Жанчыны, як дамовіліся, сядзем разам. Таму-сяму сапсуем свята!
Сцэна пусцее. Гасне святло. Праходзіць вартаўнік, пастукваючы палкай. Вартаўнік вяртаецца, здзіўлена глядзіць.
Вартаўнік. А бо! Гадзіна ночы! Справы… (Выходзіць.)
З’яўляецца Кацярына, насустрач бяжыць Таня.
Таня (пранізліва). Мама! Іванавіча не адпусцілі!
Кацярына. Не адпусцілі? Хто?
Таня. Калгаснікі!
Кацярына (перахрысцілася). Ёсць Бог!
Таня. Што было!
Кацярына. Пачакай, дачушка… А Лешч? Ён так не пакіне! (Засмучана пакруціла галавой.) Пойдзем, раскажаш…
Абедзве пайшлі. Прастору сцэны можна ўмоўна падзяліць на тры часткі, дзе амаль паралельна будуць ісці тры заключныя сцэны першага вечара.
Кабінет парторга. Уваходзяць Бондар, Вераб’ёў, Ляшчук і Харытончык, размяшчаюцца. Вераб’ёў кінуў шапку на стол.