Зязюля. Прывесці ў дом жанчыну і адпусціць… Ты хочаш падарваць мой аўтарытэт? Ці не зразумела, чаму жанчыны так горача мяне абаранялі?
Таіса. Заўтра мы прайграем.
Зязюля. Праходзь у дом, чырвоны агітатар… Заўтра мы правернем такую аперацыю!.. Лешчуку і не снілася!
Карціна шостая
Раніца ў дыспетчарскай. Да Тані шпарка накіроўваецца Зязюля.
Зязюля. Зводку па малаку!
Таня падае́. Зязюля праглядае, задаволены.
Таня. Падпішыце. (Падае паперы.)
Зязюля. Коля прыехаў?
Таня. Пакуль не. Вам званілі са знешторга і з таможні.
Зязюля. А машына Мірончыка?
Таня. Абяцаў зрабіць да абеду. (Падае пісьмы.) Просяцца прыняць у калгас. Калісьці паехалі ў горад.
Зязюля (хутка праглядзеў). Вось гэтаму адкажы — калі жонка згодзіцца , хай едуць. Кватэру праз паўгода. (Звоніць па тэлефоне, ціха.) Вася, залі поўны бак і чакай мяне за паркам. Нікому ні слова! (Націснуў на рычаг, звоніць.) Вікенцьеўна, выпішы мне каністру мёду (дастаў грошы з кішэні, пералічыў), не, каністру мнагавата… Дзесяць кіло. І сто кілаграмаў яблык, адборных! За кошт авансу… (Паклаў трубку, адчыніў сейф, дастаў дзве каробкі парфумы, панюхаў адну, другую.)
Таня. Ого! Французскія?!
Зязюля. Якія з іх лепшыя?
Таня. Мусіць, гэтыя.
Зязюля схаваў каробку ў партфель, другую паклаў у сейф.
Зязюля. Таня, пазыч мне… рублёў трыццаць, да зарплаты.
Таня. Не падабаецца мне, Пётр Іванавіч, як вы жывяце. Чалавек павінен траціць столькі, колькі зарабляе. (Перадае грошы.)
Зязюля (цяжка ўздыхае). Згодзен, Таццяна, згодзен…
Уваходзіць Міхась.
Загрузілі машыны бульбай?
Міхась. Усё зроблена, як казалі! А вы ведаеце, чым рызыкуеце?
Зязюля. Лепшай сітуацыі, Міхась, не будзе — і абласное, і раённае начальства адсутнічаюць!
Міхась. Дзіўны вы чалавек, Пётр Іванавіч! Вам бы — ніжэй травы…
Зязюля. Э! (Тані.) Не выходзь за яго замуж!
Таня. А хто гаварыў пра замуж?
Зязюля. Я! (Дастаў праект.) Вось праект дома, у якім вы будзеце жыць! Два паверхі, гараж, сауна!.. У самым прыгожым месцы! Над ракой… Калі вы атрымаеце такое ў горадзе?! Таццяна, у каго ў нас у вёсцы самыя прыгожыя кветкі?
Таня. Мусіць, у Юлі.
Зязюля. Папрасі для мяне тры букеты. Таццяна, хто б мяне ні спытаў — не ведаю, недзе ў брыгадах!
Таня. Пётр Іванавіч, а госці?
Зязюля. Што госці? Прыедуць — паедуць. А працаваць — гаспадарам.
Зязюля накіраваўся да выхаду, але ўвайшоў Ляшчук.
Ляшчук. Прывітанне! Ёсць важная размова.
Зязюля (глянуў на гадзіннік). Пяць мінут!
Ляшчук паглядзеў на Мішу і Таню, яны выйшлі.
Ляшчук. Не можаш дараваць мінулага?
Зязюля. Што ты! За тое, што не вярнуўся ў калгас, я гатоў аформіць табе калгасную пенсію.
Ляшчук. Была прычына не вяртацца… Ты лічыш, гэта я пакінуў Валянціну? Спытай яе пра лётчыка.
Зязюля. Гэта мяне не цікавіць.
Ляшчук. Значыць, будаваць не маеш намеру?
Зязюля. Праблеме малака і мяса, дарагі Сяргей Міхайлавіч, я аддаў немалы кавалак жыцця. І мой шматгадовы вопыт падказвае: галоўнае не суперферма, а бялковы баланс, навукова абгрунтаваныя рацыёны…
Ляшчук. Ты ўпэўнены, што адкрыў Амерыку? Праграма адказвае на ўсе пытанні.
Зязюля. Дык што — цяпер і думаць не трэба? (Памаўчаў.) У народа, найбагацейшай скарбонцы мудрасці, — дзесяткі прыказак тыпу: «Малако ў каровы на языку»… А ты вырашыў — пабудуеш для каровы крыштальны палац — будзеш з малаком.
Ляшчук. Зязюля, не трэба дэмагогіі. Для людзей патрэбны нармальныя ўмовы працы! Пакідае моладзь! Шукаюць не клуб, не танцы, а іншыя, сучасныя ўмовы працы!
Зязюля. Палітэканомія, Сяргей, такая штука, што дазваляе з сябе здзекавацца, але нікому гэтага не даруе! Сельская гаспадарка павінна рабіць справаздачу не колькасцю бетону, а колькасцю прадукцыі — мяса, малака, збожжа. Гэта можна атрымаць без гіганцкага будаўніцтва.