Антонавіч. А як жа — працаваць, працаваць і працаваць… Мне б яшчэ трактар-малютку…
Ляшчук. Не скора атрымаеш.
Антонавіч. Чаму?
Ляшчук. Ты ніколі не думаў, чаму грамадзянам забаронена мець рабочую жывёлу? Даць табе каня — значыць, страціць над табой уладу.
Новікава. Кіньце!
Ляшчук. Размахнуўся, Антонавіч! Раю не захапляцца: паслабленне ўласніку — мера часовая.
Новікава здзіўлена паглядзела, незадаволена пакруціла галавой.
Антонавіч. Як жа — у газеце пісалі…
Ляшчук. Гэта мая асабістая думка.
Кацярына (прынесла ручнік). Сакратарка? Я спачатку не расшалопала, думала, артыстачка прыехала…
Ляшчук. Пасля прыходу Алены Мікалаеўны раён ажыў! А планы… Праз два-тры гады — суседзяў будзеце забяспечваць кармамі!
Новікава засмучана глядзіць на Лешчука. Ён гарэзліва плёснуў на яе ваду. Яна здрыганулася, нахмурылася.
Кацярына, Рыгор збіраецца цябе раскулачваць.
Кацярына (засмяялася). Не той час, Міхайлавіч! Калі б Рыгор, галадранец, не ленаваўся… Заходзьце ў сад, пад яблыньку!
Новікава пайшла першая. Яна падняла рукі, каб паправіць валасы, трыкатажная сукенка яшчэ больш абцягнула яе прыгожую статную фігуру. Ляшчук затрымаў на ёй позірк. Яна падышла да стала, глянула і ахнула — стол ламаўся ад яды.
Новікава. Колькі чалавек прыйдзе?
Кацярына. Вы, госцейкі, ну і я са старым. Усе ў полі.
Ляшчук (ажывіўся). Ці не паслаць нам ганца па бутэльку вінца?
Новікава. Сяргей Міхайлавіч!
Кацярына. Зараз, зараз! (Таропка паставіла на стол дамашнюю наліўку і бутэльку каньяку.)
Ляшчук. Алена Мікалаеўна, вы — жабрачка ў параўнанні з гэтым домам! Каб іх разарыць — сто гадоў усім райкомам на абеды…
Кацярына. Сядайце, госцейкі!
Ляшчук адкаркаваў бутэльку з каньяком. Гаспадыня прапанавала Новікавай наліўку.
Чыстая, ніякага спірту.
Ляшчук (цёпла, з цікавасцю пазіраючы на Новікаву, праспяваў). Рукі зябнуць, ногі зябнуць, ці не час настаў дзярабнуць?
Антонавіч. Калі я быў малады, гаварылі: «Стынут сиськи у подружки, не хватить ли нам по кружке?»
Кацярына. Бацька! Людзей пасаромейся!
Ляшчук. Алена Мікалаеўна, памятаеце, на нарадзе Худзянкоў: «Я поднимаю тост… Тьфу, поднимаю вопрос…»
Новікава (рукой прыкрыла чарку). Мне не трэба!
Кацярына. Калка ў плоце не мінаюць!
Ляшчук. Алена Мікалаеўна! Гаспадары пакрыўдзяцца! І я не бачыў ніводнага алкаголіка, які б спіўся на каньяку.
Новікава. Наліўку хачу пакаштаваць. Стоп! Дастаткова.
Кацярына. От наліў! Як лякарства!
Новікава. Наперадзе цяжкі дзень.
Ляшчук. Антонавіч, табе колькі?
Антонавіч. Краёў не бачыш, ці што?
Ляшчук. Гэта размова! Песні яшчэ пяеш?
Кацярына. А як жа? Бацька запяе — трэба тры чалавекі, каб яго перакрычаць! Ну, госцейкі, за ваша здароўе!
Новікава. І за ваша!
Кацярына. Маладая, прыгожая… І такі раён! Як ты спраўляешся?
Новікава (уздыхнула). Дрэнна.
Ляшчук (рассмяяўся). Алена Мікалаеўна працавала ў абкоме, дырэктарам саўгаса была! А за гэтыя паўгода раён так ускалыхнуўся!
Новікава (незадаволена). Хопіць вам.
Ляшчук. Гэта думка кіраўніцтва.
Новікава. Кацярына, як вам удаюцца такія надоі?
Кацярына. Я карову пагладжу, словы добрыя гавару, пачастую чым-небудзь смачным — вось яна ўсё малако і аддае. Карова — яна жывая, цяпло любіць… А то прыязджаў тут адзін ахламон, лектар. «Карова — гэта машына, якая перапрацоўвае…»
Новікава раптам гучна рассмяялася, смяялася доўга, да слёз.
Далібог, так і сказаў — машына. Мае пярэсценькія калі б гэта пачулі, вось бы аддалі яму малако! (Паказала фігу.) Бяры, дачка, кіндзюк, шынку вэнджаную, мачанку…
Новікава. Смаката! Ніколі гэткага не ела!
Кацярына. Я табе так скажу — на вёсцы толькі гультай без гаспадаркі. Калі ёсць жаданне — будзе ўсё!
Новікава. А ў суседзяў справы няважныя.
Кацярына. Дык ты паглядзі, як яны працуюць — бульбу ўсю згэмкалі, з зямлёй, з саломай… Га!