Новікава. Пётр Іванавіч, будзеце будаваць? Не? Значыць, семдзесят восем тысяч за праект…
Зязюля (пачухаў дрэнна паголены падбародак). Спішам.
Сівы. Вядома, кішэня ж не свая…
Зязюля. Лепш спісаць гэтыя тысячы, чым… Мала навокал помнікаў безгаспадарчасці?
Мужчына ў міліцэйскім кіцелі (усміхнуўся). А можа, ён мае рацыю?
Вераб’ёў. А хто будзе выконваць Харчовую праграму? Ваша міліцыя?
Новікава. Пётр Іванавіч, вырашаецца ваш лёс. Хочаце што-небудзь дадаць?
Зязюля (пакруціў кудлатай галавой). Не.
Новікава (абвяла ўсіх вачыма, памаўчала). Прапануецца наступнае рашэнне. За зніжэнне надояў малака, за адмову ад будаўніцтва заказанага комплексу, за супрацьпастаўленне ўласных гаспадарак вытворчасці, за сістэматычнае невыкананне ўказанняў райкома партыі старшыні калгаса «Сцяг» Зязюлю Пятру Іванавічу аб’явіць строгую вымову з занясеннем ва ўліковую картку. Рэкамендаваць сходу калгаснікаў вызваліць яго… ад пасады старшыні калгаса.
Мужчына ў міліцэйскім кіцелі. Ці не занадта? Пленум запатрабаваў уважлівых адносін…
Вераб’ёў. На гэтым жа Пленуме гаварылася: трэба рашуча мяняць кіраўнікоў, якія не адпавядаюць пастаўленым задачам!
Зязюля (нечакана, дзелавіта). З абкомам узгоднена?
Ляшчук. Зразумела.
Зязюля (задаволена кіўнуў, раптам). Футбол — у колькі?!
Сусед незадаволена цмокнуў языком.
Новікава. Няма іншых прапаноў? Тады галасуем…
Карціна другая
Утульная гарадская кватэра. Абстаўлена з густам. Прыглушанае няяркае святло, музыка. Тэлефон. З суседняга пакоя ў халаце выходзіць маладая прыгожая жанчына — Таіса.
Таіса. Слухаю! А! Зразумела. Засумаваў? (Жартаўліва.) Але, таварышы, пры чым жа тут я? (Смяецца.) Не ведаю, не ведаю. (Ажывілася.) Пераехаць назусім? О-ля-ля! Таварышы, гэта немагчыма, зусім выключана… (Рассмяялася.)
За акном шум аўтамашыны.
(Паглядзела ў акно, са злосцю.) Я пазваню пазней. Не, не, я сама.
Паклала трубку. Званок у дзверы. Наспех паправіўшы валасы, пайшла адчыняць. Уваходзіць Зязюля.
Зязюля (працягвае кветкі). Ну, добры дзень, доктар!
Таіса (памарудзіўшы, прытулілася да яго). З днём нараджэння, мілы!
Зязюля. Ты адна?
Таіса. Праходзь. Рэгіна ў школе. Семінар, нарада?
Зязюля. Да чаго ж ты прыгожая!
Таіса. Дай руку і заплюшчы вочы… Так… (Надзявае бранзалет.)
Зязюля. Магнітны? Ух ты! (Пацалаваў яе ў шчаку.) Маланку не прыцягне?
Таіса (з націскам). Табе дапаможа.
Зязюля. Дзякую. Як я засумаваў!
Таіса (накрывае стол). Сёння яшчэ адзін юбілей — год і шэсць месяцаў! (Налівае віно, чокаюцца, п’юць.)
Зязюля (незадаволена). Лічыш? У чалавека падскочыў ціск, прыходзіць да ўрача і… вось, юбілей… З ціскам лепш не стала…
Таіса. Хіба?
Зязюля. Але з’явіліся прыемныя станоўчыя эмоцыі. Так запісала ў гісторыю хваробы?
Таіса. Даслоўна!
Зязюля. Не кватэрка — аазіс! Тут я проста ажываю!
Таіса. Хоць бы раз зрабіў падарунак — нікуды не спяшаўся!
Зязюля. Ты небяспечная жанчына — чытаеш чужыя думкі! Сёння не спяшаюся.
Таіса. Што-небудзь здарылася?
Зязюля. Вырашыў жыць, як усе.
Таіса. Чаму раптам? Еш!
Зязюля. Хадзі да мяне…
Таіса (уздыхнула). Бягом, бягом… Паміж нарадамі ў сельгастэхніцы і семінарамі па аграхіміі… (Паслухмяна падышла, села побач.) Мой старшыня… Ад адной сустрэчы да другой — тыдні, а то і месяц… Толькі я магла так. Іншая даўно б…
Зязюля (лёгенька пацалаваў). Доктар, а чаму б нам не махнуць на поўдзень? Мора, сонца… Бархатны сезон… Хачу зрабіць для цябе такі круіз!..
Таіса. Нешта ты ўзвінчаны. Дай руку, памераю ціск…
Зязюля. Потым.
Таіса (усміхнулася). Я ведаю, што потым будзе ніжэйшы…
Зязюля (абдымаючы). Што б я рабіў без цябе… (Памаўчаў.) Анекдот!.. Якую ж хохму я хацеў… Ах, так! Мяне вызвалілі. Сёння, на бюро.