Антонавіч. У гэтых лясах, Іванавіч, загінулі твой бацька, родныя… Цябе, хлопчыка, у балоце хавалі… Як жа ты адважыўся пакінуць зямлю гэтую?
Жанчына. Б’юць, а ты абараняйся, давай здачы! Што лапкі апусціў? За аднаго бітага двух нябітых даюць!
Пажылая. Хутка ты здаўся! Твой бацька трымаўся да апошняга патрона!
Стары (высокім голасам). Дэзерцір! Іціт тваю! Няхай Лешч, перакаці-поле, ад зямлі адарваўся… Але ты!.. Ты ж быў нам бацькам! Гаспадар на зямлі!
Кацярына (ціха, але цвёрда). Судзіць цябе будзем! Райком можа зняць, прызначыць, даць вымову або ордэн… Але ад сумлення людскога…
Пажылая. А вы, госцейкі, даруйце за турботы, выйдзіце. У нас свае справы, сямейныя…
Ляшчук (Новікавай). Самы час выступіць вам!
Новікава. Вечарам. Не памятаю, хто сказаў — трэба надта многа ведаць, каб вельмі асцярожна раіць. Перапынак?
Бондар. У дваццаць гадзін у клубе справаздачна-выбарны сход. Паўторна.
Міхась. А навошта — паўторна? Учора сход быў. Хопіць!
Бондар. Нашы госці лічаць, што былі дапушчаны парушэнні.
Ляшчук (Бондару). Госці? Як ты сябе паводзіш!
Новікава. Спакойна! Фёдар Лукіч, дзе тэлефон?
Бондар. Хадземце.
Новікава (прайшла за ім, узяла трубку, пазваніла). Дачушка, як ты там? Пайшоў на аперацыю? Не, дзіцятка. Я прыеду позна. Кладзіся адна. Я цябе вельмі прашу. Цалую… (Паклала трубку, моўчкі сядзіць.)
Да Новікавай падыходзіць Міхась.
Міхась. Таварыш сакратар, не трэба сходу. Вы не ведаеце нашых хлопцаў. Сядуць на трактары, на камбайны і жалезнай калонай у вобласць!
Ляшчук (падыходзіць). Гэта што — пагроза?
Міхась. Папярэджанне. (Адыходзіць.)
Ляшчук. Алена Мікалаеўна, колькі можна? Давайце збяром камуністаў!.. Хочаце, я пазваню ў абком?
Новікава (узарвалася). Ды не спяшайцеся ж вы!
Ляшчук. Калі мы сёння не запусцім комплекс, на які гатова дакументацыя, потым нам не дазволяць… І вы з вядзерцам будзеце хадзіць па дварах, каб выконваць план па малаку!
Новікава. А вы ўпэўнены, што гэты комплекс дасць малако?!
Ляшчук (развёў рукамі, падазваў Рыгора). Адбываецца нешта таямнічае, дзівоснае…
Рыгор. Я нічога не ведаю!
Ляшчук. Паспрабуй даведацца. Ты ж народны кантроль!
Рыгор і Ляшчук пайшлі. Па авансцэне праходзіць Валянціна з сумкай, з кветкамі. Шум машыны, завішчалі тармазы, адчыніліся дзверы. З’яўляецца Ляшчук.
Ляшчук. Сядай у машыну!
Валянціна (з гневам). Адыдзі!
Ляшчук. Сядай! Я хачу, каб ты мне паверыла! Для мяне гэта вельмі важна! (Хапае яе за руку.)
Валянціна. Куды ты мяне цягнеш! Уся вёска глядзіць!
Ляшчук. У машыне пагаворым!
Ляшчук і Валянціна адыходзяць. Шум машыны аддаляецца. Выходзіць Зязюля, глытае таблетку. Да яго падбягае Таня.
Таня. Пётр Іванавіч, толькі спакойна…
Зязюля. Што здарылася?
Таня. Згарэў трансфарматар.
Зязюля. Што?!
Таня. Папрасілі паглядзець Карпука, а ён уключыў і пайшоў карміць сваіх нутрый…
Зязюля. Заб’ю! (Хутка пайшоў.)
Таня (бяжыць за ім). Пётр Іванавіч, Пётр Іванавіч…
Харытончык рашуча накіроўваецца да Новікавай.
Харытончык. Мне здаецца, вы хочаце адкласці сход?
Новікава. А што?
Харытончык. Разумна.
Новікава. Вы ўпэўнены?
Харытончык. Алена Мікалаеўна, як адрозніць авантурную ідэю ад рэальнай? (Паўза.) Трэба палічыць!
Новікава (узарвалася). Вось заключэнне праектнага інстытута! Гэта — з міністэрства! Гэта — доктар навук са сталіцы!
Харытончык. Я палічыў перспектывы з меліярацыяй. Калі такі комплекс пабудаваць, калгас вылеціць у трубу. Праграма новая, памылкі старыя. Пражэкціруем Нью-Васюкі! (Ён паклаў на стол мікракалькулятар.)
Новікава. Не спяшайцеся з вывадамі.
Харытончык. На жаль, гэта разлікі. Яны беспрыстрасныя… Навязваць гігант калгасу — амаральна.