Зязюля. Нашы хочуць жыць, як у горадзе.
Новікава. Пётр Іванавіч, як гаворыць Бондар — думкі ўголас і толькі праўду! Нельга — не парушаць?
Зязюля (пачухаў патыліцу). Каб мець запчасткі, цэмент і іншае, я павінен дадаткова ўтрымліваць ферму — на падарункі! А! Алена Мікалаеўна, мне цесна ў рамках інструкцый, прадпісанняў! Яны адстаюць ад рэальнасці!
Новікава. Значыць, змены своечасовыя?
Зязюля. Я пайшоў бы далей.
Новікава (паказала на будоўлю). Шабашнікі будавалі?
Зязюля. Што б я рабіў без шабашнікаў? Вунь, КБА. Шэсць гадоў арганізацыя будуе!
Новікава. Як вы ім плаціце?
Зязюля. Усё, што належыць па дзяржаўных нормах і расцэнках, плюс дваццаць працэнтаў за тэмпы, дваццаць — за якасць і дваццаць… за тое, што яны наогул малайцы!
Новікава. Здорава!
Зязюля. Калі трэба, не бойцеся аддаць чалавеку сумленна зароблены рубель! Сёння рубель пераплацім — заўтра ён нам мільёнам абернецца.
Новікава. Пётр Іванавіч, у вас так многа ворагаў! Чаму — вы думалі?
Зязюля. Калі чалавек столькі гадоў прарабіў старшынёй і не нажыў ворагаў… Прыціснуў гультаёў, хапуг, п’яніц — пасыпаліся ананімкі. І ў самы разгар жніва вы ўсё кінеце, прыедзеце правяраць! Некалькі камісій за тыдзень! І кожнай увагу, транспарт… Дарэчы, заўтра пачынаем уборку бульбы, а вы — перавыбары… Не маглі пачакаць! А калі я пастаўлю пытанне — спяшацца не будзеце, гады мінуць! На скаргі працоўных рэагуюць. А старшыня — які ж ён працаўнік? Верыце ананімшчыкам — у калгасе будзе разбэшчанасць. Бо чалавек, на якога пішуць, якога правяраюць, разгублены — не ведае, як быць, што рабіць.
Новікава. Гэта вы разгубленыя?
Зязюля. Мне, Алена Мікалаеўна, губляць няма чаго. Штосьці вось тут забіта, пуста… (Паказаў на грудзі.) Радасць знікла. Здымеце — паеду. Пакінеце — буду цягнуць.
Новікава. Ведаеце, што пра вас гавораць? Нязручны чалавек.
Зязюля (памаўчаў). Не навязвайце гіганта — калгас разорыце.
Новікава. А ўсе сродкі — на КБА, водаправод…
Зязюля. Не ўсе. Напрамак галоўнага ўдару — кармацэх. Так мы збіраемся выконваць… Вунь — кармарэзкі, змяшальнікі, запарвальнікі, агрэгаты для апрацоўкі, механізмы для раздачы…
Новікава. Чакайце! Гэта што — з міжнароднай выстаўкі?
Зязюля. Пара выходзіць на еўрапейскі ўзровень.
Новікава. Але ж гэта меркавалася не вам!
Зязюля. Алена Мікалаеўна, ведаю я гэту гаспадарку, у іх іржавела б гады два… У мяне — праз тыдзень хлопцы пусцяць!
Новікава (пасля маўчання, горка). Глядзіш на вас і не ведаеш — яшчэ адну вымову або…
Зязюля. Сёння — вымову, заўтра — малака ўдосталь… Будзем гатаваць такія далікатэсы для кароў — гарадскія рэстараны пазайздросцяць… Галоўнае цяпер — замацаваць моладзь і тых, хто застаўся. Моладзі, зразумела, каб весела, цікава… Танцы, шманцы, абдыманцы… Але што прывязвае да зямлі? Калі чалавек пабудаваў дом, упрыгожыў яго, стварыў выгоды ды яшчэ пасадзіў вакол сад — ён не паедзе. Будзьце ўпэўнены!
Новікава. Колькі сродкаў ідзе на жыллё?
Зязюля. Колькі ні расходуем, мала! Горад у такім даўгу перад вёскай! Дзесяткі гадоў — браў, браў!.. Іншым галінам трэба пацясніцца. Інакш апусцеюць сёлы! Калі мы сёння прагледзім вёску, заўтра мільярды не дапамогуць!
Новікава сцепанулася. Зязюля зняў куртку, накінуў на яе плечы. Яна кіўком падзякавала.
Новікава. Які вы цёплы! Не прастудзіцеся?
Зязюля. Купаюся ў палонцы.
Новікава. Вось не падумала!
Зязюля. Першую зіму ўся вёска глядзець хадзіла на «голага» старшыню. «Сынок, гэта ты сам ці табе доктар прапісаў?»
Новікава (весела). Уяўляю, які ў вас быў аўтарытэт!
Зязюля. Вёска ёсць вёска. Памятаю, лазню пабудавалі. Прыйшлі з парторгам, мыемся. Больш ніхто не заходзіць — гадзіну, другую… Выходзім — народу вакол!..
Новікава (весела). Пётр Іванавіч, у вас ёсць мара?
Зязюля. Вядома! Быць старшынёй… на востраве.
Новікава. На востраве?!
Зязюля. Працуеш, нікога не бачыш… А па радыё толькі паведамляюць — чаго, колькі здаць…
Новікава (рассмяялася). А я, наіўная, пытаюся — чаму так многа ворагаў… Ну, скажыце, навошта вы парасчынялі клеткі? Старшыня калгаса!