Выбрать главу

Таіса. Ну і жартачкі ў вас, боцман!

Зязюля. Гэта праўда, Тася.

Таіса (расплюшчыла вочы, працверазела). Сам папрасіў?

Зязюля. Ды не — з трэскам!

Таіса. За падзеж кароў?

Зязюля. Каровы — апошняя кропля. Успомнілі ўсе грахі. У чым быў вінаваты, у чым не быў… Як ваўка аблажылі!..

Таіса (пяшчотна правяла пальцамі па яго скронях, пацалавала). Чаму яны не зрабілі гэта раней? Столькі часу страціла… Каго замест цябе?

Зязюля (усміхнуўся, не адразу). Не здагадаешся… Твайго мужа.

Таіса. Харытона?! Сапраўды — свет цесны. Табе — іншую гаспадарку?

Зязюля. Наўрад ці.

Таіса. Чым думаеш заняцца?

Зязюля. Кахаць цябе, нікуды не спяшацца. (Пацягнуўся да яе.)

Таіса (адхілілася). Для мужчын гэта галоўнае?

Зязюля. Вось табе і на! Таіса, я чакаў, пакуль падрасце сын, дачку хацеў выдаць… Давай здзівім свет — пажэнімся. Я застаюся ў цябе.

Таіса. Ха! Калі стаў беспрацоўным… Мілы, ты мне патрэбен на кані!

Зязюля. Шкада, коней перавялі.

Таіса. Распачынаць важданіну з разводам… Ці не з’ездзіць табе ў ЦК?

Зязюля. За іншага — мог бы.

Таіса. Калі памёр адзін з каралёў, на яго грудзях выявілі наколку: «Далоў караля!..» Ты даўно хацеў вызваліцца.

Зязюля. Я?!

Таіса. Падсвядома. Хіба ж не? Ну што ж, няма ліха без дабра. Як гаварыў Чапай — напляваць і забыць. Паслухай, як завуць твайго прыяцеля? (Накінула халат, ходзіць.)

Зязюля. Якога?

Таіса. З Ленінграда. Памятаеш, ты вазіў нас у паляўнічы домік…

Зязюля. А, Фёдар, сябар дзяцінства.

Таіса. Што ён табе прапанаваў? Падсобную гаспадарку?

Зязюля. Ды ну, гэта жарт.

Таіса. Настойліва ён гэта рабіў! Звані.

Зязюля. Навошта?

Таіса. Што табе тут свеціць? А колькі нерваў, знявагі!.. Ну?

Зязюля. Хочаш жыць пад Ленінградам?

Таіса. Гэта табе трэба паехаць!

Зязюля (дастае запісную кніжку, шукае нумар, набірае па аўтамату). Алё. Сельскае прывітанне генеральнаму дырэктару! Нарада? Фёдар, два словы. Ты мне жартам прапанаваў падсобную гаспадарку. А калі б я… жартуючы, згадзіўся? Нічога асаблівага — абрыдла! Неспакой падабаецца толькі паэтам. Колькі? (Паморшчыўся.) Сыдзе. І трохпакаёвую кватэру. Добра, няхай не адразу. Так! Месца для ўрача-тэрапеўта… Дамовіліся. (Паклаў трубку.)

Таіса. Наперадзе ў цябе — новае жыццё. Васьмігадзінны рабочы дзень, тэатр, кнігі…

Зязюля. Столькі гадоў аддаў калгасу!

Таіса. Праз год, другі, калі гаспадарка пакоціцца ўніз, яны зразумеюць, каго страцілі! Што з табой?

Зязюля. Нічога.

Таіса. Забудзь, выкінь з галавы! Пачні жыць, як людзі!

Зязюля. Так, так.

Таіса (налівае віно ў бакалы). Чын-чын, дырэктар!

Зязюля. Так.

П’юць.

Таіса. А ведаеш, сёння я хацела з табой развітацца. Назаўсёды.

Зязюля. Лепшага моманту не будзе.

Таіса. Не злуй! Калі звольнішся са старшыняў — што нам перашкодзіць быць разам? Такіх мужыкоў — пашукаць!

Зязюля. Калі пачыналі, кожную карову ведаў пайменна.

Таіса. Час пажыць і для сябе.

Зязюля. На першую зарплату купіў веласіпед. І па фермах. Раніцай даваў заданне — увечары правяраў…

Таіса. Забудзь!

Зязюля. А калі не было чым карміць цялушак…

Таіса. Спыніся!

Зязюля. Добра, паспрабую. (Заціснуў галаву рукамі, застагнаў.)

Таіса (пільна глядзіць, пасля працяглага маўчання). Нікуды табе ад гэтага не ўцячы. Ленінград — гэта не выйсце.

Зязюля. Што?

Таіса (узяла яго за руку, паслухала пульс). Ніжні ціск мог быць меншы.

Зязюля. Так? Тады ідзі да мяне…

Таіса (хмурна адхілілася). Калі сход?

Зязюля. Гэтымі днямі.

Таіса. Калгаснікі цябе адпусцяць?

Зязюля. Куды яны дзенуцца?

Таіса. Ведаеш, чаму я пайшла ад Харытона?

Зязюля (расчаравана). Не з-за мяне?

Таіса. Не ўмееце за сябе пастаяць!