Зязюля (выцягнуў губы). Калі так, я падумаю, ці варта здаваць партфель.
Карпук. Што? А! (Усміхнуўся.) Ведаеш, чаму ты паляцеў? У цябе ёсць вораг. Моцны вораг! І ведаеш, хто гэта?
Зязюля. Ну, хто?
Карпук. А, не! Здагадайся сам. (Шчоўкнуў пальцамі, выйшаў.)
Мужчына. Нягоднік! Даўно б яго прыціснуць!
Зязюля. Лёгка сказаць! Вывучыў «пітацельную» праграму… Усе могуць ісці, акрамя Міхася. (Неяк дзіўна паглядзеў на Бондара.) Лукіч, дзе ў нас апошні цыркуляр з райкома?
Бондар. Зараз прынясу. (Устаў, кульгаючы, выйшаў.)
Зязюля (пачакаў, пакуль за ім зачыняцца дзверы). Дык вось, галоўны інжынер, штосьці ты заседзеўся… Бяры паўкабана — аформім як прэмію — дуй на завод, на прахадную, пагавары з хлопцамі… Можа, свінінкі хочуць…
Міхась (прысвіснуў). Пракурорам пахне!
Зязюля. У мяне няма іншага выйсця. Можна, вядома, нічога не рабіць…
Міхась. А калі пападуся?
Зязюля. Не пападайся! Ну, а калі… Будзем выручаць.
Міхась. Вам добра — здымаюць… Пасадзяць мяне — хто выручыць? Га?
Зязюля (паглядзеў на Таню). Калі будзеш насіць перадачы, улічы: Міхась любіць боршч, дранікі са смятанай і піва. Так?
Таня ўсміхнулася. Міхась паглядзеў на яе, уздыхнуў, устаў.
У выпадку чаго — валі на мяне. Мне цяпер усё можна!
Міхась пакруціў незадаволена галавой. Вярнуўся Бондар.
Бондар. Іванавіч, там… госці прыехалі! На «бобіку».
Зязюля. Зноў камісія? Ты сказаў, што дзве працуюць?
Бондар. Ды не — Лешч… З ім новы старшыня.
Усе глядзяць на Зязюлю. Ён пазяхнуў, усміхнуўся Бондару.
Зязюля. Як там у дыпламатаў? Калі па пратаколу — сустракаць табе.
Карціна чацвёртая
Поле, луг, удалечыні фермы. Адчыніліся і зачыніліся дзверцы аўтамабіля, шум машыны. З’яўляюцца Ляшчук у скураным паліто, элегантны, упэўнены ў сабе, і Харытончык у плашчы, невысокі, мяккі, з уважлівымі вачыма, сумны.
Ляшчук (глыбока ўздыхнуў, пацягнуўся). Галынка! Пах траў пазнаю!
Харытончык. Часта бываеце?
Ляшчук. Я тут працаваў. Лепшыя гады! Часам з такім сумам… Самая вялікая любоў… Па сутнасці, адзіная.
Харытончык. А потым?
Ляшчук. А потым?.. Вось тут, Харытон, будзе стаяць наш прыгажун! Падабаецца месца?
Харытончык. Вам, спецыялісту па комплексах, лепей відаць.
Ляшчук. Не прыбядняйся — сам кандыдат!
Харытончык. Кандыдатаў шмат. А вось беспамылковых, аптымальных рашэнняў… З кім гэта ідзе Вераб’ёў?
Ляшчук. З парторгам. Павінен будзеш адразу змяніць…
Да іх падыходзяць Вераб’ёў і Бондар.
Вераб’ёў. Знаёмцеся, Харытон Васільевіч, — партыйны бог калгаса.
Мужчыны прывіталіся. Дзесьці працуюць трактары.
Харытончык. Выконваецца праграма?
Бондар. Шмат шумім.
Харытончык (усміхнуўся). Хто шуміць?
Бондар (уздыхнуў). Многія. Часцей пачалі адрываць ад справы. За апошні месяц — трыццаць шэсць разоў галоўных спецыялістаў выклікалі на нарады! А папераў…
Харытончык. Лічыце, справа непатрэбная?
Бондар. Калі ў эскімоса няма рыбы — ён што робіць? Сядае ў лодку і едзе лавіць.
Вераб’ёў. Чаму не быў на бюро?
Бондар. Прыступ адолеў.
Вераб’ёў. Партком правялі? Далі ацэнку рабоце Зязюлі?
Бондар. Калі? Уборка.
Вераб’ёў. Ох, Бондар! Грахі старшыні на тваім сумленні — дзе кантроль за дзейнасцю адміністрацыі?.. Людзей падрыхтаваў?
Бондар. Аб’ява аб сходзе вісіць.
Вераб’ёў. Сакратар парткома! Народ павінен разумець — гэта не чыёсьці свавольства. Надзённая неабходнасць!
Бондар (дастаў люльку, але не закурыў). Мяне камуністы пытаюць — чаму не параіліся з партыйнай арганізацыяй?
Вераб’ёў. А дзе была партыйная арганізацыя, калі старшыня парушаў статут, злоўжываў уладаю?