Харытончык (уздыхнуў.) Былі такія сваты, што нельга было адмовіцца.
Таіса (паглядзела на яго з пагардай). Зразумела! Працягвайце, хлопчыкі, свае гульні. Хачу наведаць хворых. Бранзалет?
Зязюля. Нашу, нашу. (Паказаў.)
Таіса, напяваючы, пайшла. Мужчыны глядзяць адзін на аднаго.
Харытончык (горка пажартаваў). Раней былі дуэлі.
Зязюля. Я прывёз цудоўнае чэшскае піва! І таранку. Хто больш вып’е?
Харытончык. Кідаеце пальчатку?
Зязюля і Харытончык п’юць піва.
Зязюля. А ракаў у нас — кошыкамі! Табе тут спадабаецца. Харытон, я пакажу ўсе слабыя месцы гаспадаркі. Раскажу, на чым можна пагарэць, страціць рэнтабельнасць… Пі піва.
Харытончык (хвалюецца). Дзякуй, я шмат не п’ю!
Зязюля. А я алкаголік, так?.. Калі не раскрыць тайную механіку, маленькія хітрыкі — у трубу! Але — адна ўмова. Дакладней, просьба. Не згаджайся на комплекс, пакуль не адбудуеш КБА, кацельню, водаправод…
Харытончык (разглядае бранзалет на яго руцэ). Гэта так важна?
Зязюля. Інакш людзі пастаянна будуць успамінаць мяне. А табе з імі працаваць.
Харытончык. Не абяцаю. У мяне свае планы. (Раптам узяў бутэльку каньяку, адкаркаваў, пачаў шчодра разліваць у шклянкі.)
Зязюля. Ці варта? Наперадзе работа.
Харытончык (не звярнуўшы ўвагі, залпам выпіў). Пётр Іванавіч, вы прыйшлі потым… Але… Ці можаце… Чаму пайшла? Горача кахаў…
Зязюля (уважліва паглядзеў, пакруціў калматай галавой). Я толькі ведаю, што паважае. А чаму пайшла — думаю, і сама… Жанчыны!
Харытончык (усміхнуўся). Паважае… (Разбіў шклянку.)
Зязюля. Ого! Ха… Харытон, табе патрэбен вопытны лоцман. Стаўлю яшчэ дзве бутэлькі піва. Вазьмі намеснікам.
Харытончык. За дзве бутэлькі?
Зязюля. Тры бутэлькі! Намеснік-кансультант.
Харытончык. І за пяць не згодзен. У адной гаспадарцы нам будзе цесна.
Зязюля. Каб не прыйшлося табе пашкадаваць… Такое піва рэдка дзе знойдзеш.
Карціна пятая
Вечар. Па ўсім сяле гучыць музыка. Раптоўна яна абрываецца, і звонкі дзявочы голас аб’яўляе: «Увага! Праз трыццаць мінут у Доме культуры пачнецца справаздачна-выбарны сход праўлення калгаса». Зноў гучыць музыка. Насустрач адна адной ідуць пажылая сялянка Кацярына і Таня, яе дачка.
Таня. Мам, ты куды?
Кацярына. Хацела выступіць, а трэба на ферму.
Таня. Хочаш, зноў падмяню?
Кацярына. Не, дачка. Ідзі, паслухай, як з’елі чалавека, потым раскажаш.
Таня. Лешч пытаўся пра Валянціну, цікавіўся…
Кацярына. Сапсаваў дзяўчыне жыццё, а цяпер соль на рану…
Таня. Што ў іх было?
Кацярына. Усё было. Вяселле намячалася. Але аднойчы паехаў на семінар, а адтуль ужо не вярнуўся. Таму што знайшоў сабе кралю. Ды не простую, а дачку начальніка. Як угору пайшоў!
Таня. Здольны!
Кацярына. Здольных шмат. Падтрымку займеў!
Таня. Не веру! У яго сумленныя вочы.
Кацярына. Дурная ты яшчэ.
Таня. Калі б галава ў яго не працавала…
Кацярына. Хто без галавы? Інстытутаў хапае. А вось сэрца — не ў кожнага… Яго інстытут не заменіць. Памятаю, Іванавіч атрымаў шыфер — тады так цяжка было дастаць! Пачаў раздаваць людзям. Падскоквае адзін, у галіфэ: «Ты што робіш? Пад суд захацеў?» А Іванавіч: «Калгас — гэта людзі…» Лешч хіба б так зрабіў? Як падумаю, што здымаюць, — выць хочацца.
Таня. Мама, ты павінна пайсці на сход!
Кацярына (пакруціла галавой). Што гэта зменіць?
Маці і дачка разыходзяцца. Да Бондара накіроўваецца Зязюля, аглянуўся.
Зязюля. Лукіч, сёння сход не павінен адбыцца.
Бондар. Што?!
Зязюля. Ты стары партызан… Вырубі святло… Арганізуй што-небудзь на ферме! Любое ЧП!..
Бондар. Звар’яцеў?! Ты дзе жывеш?
Зязюля. Мне вось так патрэбен заўтрашні дзень! (Правёў рукой па горле.) Колькі ў маім жыцці было пустых, бескарысных дзён! Усё аддаў бы за адзін заўтрашні дзень…
Бондар. Цябе не турбуе твой лёс?!