Пісаць не было калі. Ва ўрадавай ложы ўжо занялі свае месцы, пад руку падняўшыся ў яе, Генеральны сакратар ЦК КПСС, герой Савецкага Саюза і герой Балгарыі таварыш Брэжнеў і Першы сакратар ЦК Балгарскай камуністычнай партыі, герой Балгарыі і герой Савецкага Саюза таварыш Жыўкаў. Віктар яшчэ сутаргава ўспамінаў, шукаў у памяці тое, што магло б прыдацца да сённяшняй дзеі, калі да яго падышоў рэжысёр свята: "Я правяду вас да Арлінага гнязда. - і падвёў да сцэны на вяршыні скалы, якая называлася Арліным гняздом. - Як толькі пачуеце сваё імя, калі ласка, вось па гэтых прыступках да цэнтральнага мікрафона..."
Вечарэла. Па схілах Шыпкі, разрэзанай промнямі пражэктараў, ярчэй і ярчэй рассыпаліся агні. Яны калыхаліся ў руках сотняў тысяч людзей, твары якіх паблізу яшчэ можна было разгледзець, а далей - толькі калыханне, толькі ціхі гул над горнымі хвалямі чалавечага мора. "Паэт Віктар Маргер!.." - прагучала, рэхам азвалася недзе ў горных вышынях, і ён падняўся да мікрафона. "Ху-гу, ху-гу, ху-гу..." - дыхала ў мікрафоне, і Віктар, да апошняга імгнення не ведаючы, якія словы прамовіць, выдыхнуў у мікрафон, у прамяні пражэктараў, у агні на гары і ў змяркальнае неба над імі беларускія вершы.
І не таму беларускія, што вершаў, напісаных у Маскве па-руску, не ўспомніў. Проста так выдыхнулася.
Змоўк - цішыня. Толькі "ху-гу, ху-гу, ху-гу" ў мікрафоне. Ён павярнуўся, падышоў у гэтай страшнай, пагрозлівай цішыні да сходаў, да пяці прыступак, па якіх падымаўся на мыліцах чалавек у вайсковым кіцелі, увешаны ўзнагародамі ветэран, які заспяшаўся, бо ўжо выгукнулі ягонае імя - і адна мыліца саслізнула з прыступкі. Віктар падаўся ўперад, укленчыў, каб падхапіць мыліцу, не даць ветэрану ўпасці, а выйшла, ва ўсякім разе знізу глядзелася так, як потым Ганна казала, нібы ён стаў перад ветэранам на калені, пацалаваў ягоную мыліцу, і тут жа, раптам ажыўшы пасля жахлівай цішыні, гара выдыхнула: "Гух!" - і рэха авацыі пракацілася па яе агністых схілах і ўзнялося ў змяркальныя нябёсы.
- Калі пачула, што ты чытаеш па-беларуску, падумала, што лепш бы ты п’яны быў, - казала ўжо на іншай гары, на Віташы пад Сафіяй, дзе назаўтра таварыш Жыўкаў даваў абед у гонар таварыша Брэжнева, Ганна. І смяялася. - Але Брэжнеў вырашыў, што ты чытаеш па-балгарску, а Жыўкаў, што не так добра ведае рускую мову. Вось Людміла можа пацвердзіць.
Людміла, дачка Жыўкава і сяброўка Ганны, пацвердзіла, што так, бацька вырашыў, што рускую мову ведае не надта - і на абедзе Віктара ўзнагародзілі медалём "100 год вызвалення Балгарыі ад асманскага рабства".
- Ты нават не ўяўляеш, на якую ўзняўся гару! Што ты зрабіў для нашага… для савецка-балгарскага братэрства!.. - віншаваў яго выпіты, размяклы, усім задаволены Брэжнеў, якому Жыўкаў яшчэ на Шыпцы ўручыў такі самы медаль. - Ды за гэта... - аблапаў ён Віктара, а паміж імі ўкруціўся неяк, хоць нібы й дзірачкі не было, каб укруціцца, Посух: "Мы яго на прэмію вылучылі, Леанід Ільіч..."
Пра "асманскі медаль", займеты ў кампаніі з Брэжневым, Віктар, каб не падначвалі, нікому не казаў, але Бычык, у якога якраз тады ў Балгарыі кніга выйшла, ад перакладчыка дазнаўся і спытаў: "Бярэш усё?.."
- Ты думаеш, я проста так напіўся? Не разумеючы, што раблю? - прызнаваўся Віктару, калі з Сафіі ў Маскву ляцелі і ў самалёце выпівалі, Вірсаў. - Дачка Грачына сказала, каб я табе саступіў. Маўляў, бацька прасіў. У гэта я не паверыў, Грачыну не да такіх дробязяў, але падумаў, што калі не саступлю, дык яно мне дорага абыйсціся можа. І вырашыў саступіць. А як?.. Сказаць, што ты маладзейшы, і глядзецца будзеш лепей? Ці што чытаеш лепш, што вершы ў цябе лепшыя?.. Вось я і скарыстаўся гасціннасцю балгарскага народа.
- Гэта праўда? - тузануў Віктар за плечы Ганну, калі з аэрапорта прыехалі да яе на Кацельніцкую, а яна скінула ягоныя рукі і сказала, што не. Што Вірсаў гэта прыдумаў. "Трэба ж п’янтосу апраўдацца нечым", - абыякава пракінула Ганна, і ён ёй паверыў, бо лепш было паверыць ёй, чым Вірсаву.
У кватэры Ганны, дзе пяць гадоў не быў, ён убачыў экспандэр, гантэлі, гіру. Мужчынскія забаўкі. "Так, - сказала яна. - Пажыла пару гадоў з адным касманаўтам. Але ж ты таксама ажаніўся. І давай болей не будзем пра гэта".
Ён пра гэта і не хацеў. І не таму, што таксама ажаніўся. Проста Ганна не была створаная для такіх размоў. І калі ўночы яна сказала, што хацела б ад яго дзіця, ён здзівіўся: "Ты?.. Дзіця?.."
Прагучала яно не надта далікатна, але яна не пакрыўдзілася. "Так. Толькі ў мяне праблема. Я і з касманаўтам таму... Думала, калі яго ў касманаўты выбралі, дык здароўе такое, што... Але аказалася, што гэта ў мяне. І зрабіць нічога не могуць. Я і ў Балгарыі паказвалася. Прызналася Людміле. А яна сказала, што ў Індыі лекарка ёсць. Ёй дапамагла. - І Ганна прыўзнялася над ім. - Паедзеш са мной? Будзеш мець дзіця ад дачкі Купалы, калі ад дачкі Грачына не хочаш..."