Выбрать главу

На магілу трэба схадзіць. Даўно я на вашай магіле не быў, Іван Дамінікавіч.

За што яго забілі?.. Што Купала зрабіў, каб казаць, што лепш бы ён зрабіў харакіры?..

Танкевіч, а ён паэт, ды яшчэ які паэт, кажа, што нічога такога, каб казаць, што лепш бы ён зрабіў харакіры, Купала не зрабіў. Трэба зайсці, дарэчы, да Танкевіча - з ім у Польшчу ехаць. Ведае ён, не ведае?.. Танкевіча за паляка "нашчадкі" лічаць, дык як яму будзе ў Варшаве агітаваць сваіх да вяртання ў братнія абдымкі?.. У жалезныя… А як Купалу было ў Празе агітаваць сваіх вяртацца ў савецкую Беларусь? У свабодную… І як глядзець было на тое, што ўрэшце з сябрамі ягонымі, якія вярнуліся, стала? Дык каб не глядзець, трэба было адмовіцца, не ехаць у Прагу? У 30-я гады. Вось цікава: Танкевіч у 80-я адмовіцца?..

Барада, а ён проста шалёнага таленту паэт, кажа: я хацеў бы быць Купалам па духу. Па высокім служэнні Беларусі. А "нашчадкі" кажуць: Купала пайшоў служыць уладзе.

Так, пайшоў, але…

Але што?

Але пайшоў - вось што. Ад гэтага нікуды не дзенешся. За дух не схаваешся.

Ці ўжо не Купала пайшоў, а нехта іншы? А хто іншы? Як той Купала, які быў, стаў іншым? Яго забілі яшчэ да таго, як забілі? Да лесвіцы ў гатэлі "Масква"? Забілі, а пасля ажывілі?..

"1 ліпеня 1942 года, прачнуўшыся з ранішнім сном, у якім убачыўся яму Хрыстос, Іван Луцэвіч чыста пагаліўся, папырскаўся адэкалонам "Духмяны гарошак", надзеў белую кашулю з цёмна-чырвонымі агатавымі запінкамі…" - самі па сабе пачалі класціся словы на белы аркуш паперы... як даўно, Госпадзі, як даўно не адчуваў ён гэты стан, у якім нібы не сам пішаш, а нехта за цябе піша ці дыктуе, а ты толькі паспяваеш запісваць, і ўсё без ніякіх высілкаў, без натугі, з якой па-за гэтым станам звязваюцца адно з адным, сцягваюцца словы, а лёгка ўсё, лятуча, светла, нібы закружыўся ў табе чаромхавы цвет і зайграла музыка: "Толькі б не абламаў ніхто чаромху, не раструшчыў кружэлку!" - ускочыў ён з-за стала, кінуўся да тэлефона, адключыў яго, падскочыў да дзвярэй: ці замкнёныя? - і тут у іх пазванілі. Віктар не помніў, ці замкнуў дзверы, калі з поштай вярнуўся, застыў, не дыхаючы, чакаючы, што зробіць той, хто за дзвярыма, паторгае ручку, або павернецца і пойдзе, а той яшчэ раз націснуў кнопку званка, і Віктар, злавіўшы сябе на тым, што думае пра госця як пра злодзея, які прыйшоў абакрасці яго, асцярожна зірнуў у дзвярное вочка: Марат! Цапман! Горш, чым злодзей, бо на злодзея ёсць міліцыя, а на Марата Цапмана, даўняга сябра, нікога няма, зойдзе і будзе сядзець невядома колькі, хутчэй за ўсё доўга, бо даўно не бачыліся, а сядзець доўга, значыць, выпіваць, а выпіваць, значыць, размаўляць, прычым, абы пра што, бо якія за п’янкай размовы, ніякія, так, шум дажджу, хоць не, шум дажджу лепш, гэта хораша, амаль як музыка, Шкляр праўду напісаў, хоць я і напаў на яго, прачытаўшы: "Друзья мешают слушать шум дождя..." - паціху адышоў Віктар ад дзвярэй да пліты, каб запарыць каву, бо калі пачаўся дыктант, дык трэба ў тонусе быць, энергію мець, каб запісваць, а ён не спаў у цягніку, крываносаўскія енкі слухаў ды пра ўсялякіх брэжневых думаў, знайшоў, пра каго, да д’ябла, калі ўжо Цапмана ў хату не пусціў, усіх брэжневых, суславых, грачыных, андропавых, ён зараз, што захоча, можа з імі зрабіць, не Купалу забіць і ўваскрасіць, а іх пазабіваць, не ўваскрашаючы, бо для чаго яны патрэбныя, хіба для сюжэту. падышоў ён з кавай да вакна на кухні: Марат стаяў у двары з валізай, азіраўся, нібы не ведаючы, што яму рабіць, куды ісці… - можа, яго не толькі з працы выгналі, але і з хаты выкінулі, у Марата не было сваёй, пры разводзе жонцы пакінуў, кватэры, туліўся ў ведамасным, ад акадэміі, жытле, дык тут хацеў пажыць, але пасля, Марат, пасля пажывеш, выбачай, не магу адчыніць, бо мяне тут няма, я ў іншым месцы, я толькі што апрануўся і выйшаў з гатэля "Масква" - сеў Віктар за стол, схапіў асадку, бо дыктант гучаў, не сціхаючы, роўна, як дождж шуміць, не спыняючыся, і нешта ў ім ён ужо прапусціў, а прапускаць нельга было, бо дыктавалася важнае пра чалавека, які ішоў на сваё пахаванне і думаў пра вечнасць. "Як раней, так і цяпер ён уявіць не мог, што яна такое, вечнасць, але думаў пра яе, бо, мусіць, толькі ў вечнасці можна было гэтак сябе пачуваць. Ясна і бясстрашна.

Усе апошнія гады ён пражыў у страху, які ціснуў то мацней, то слабей, але не адпускаў. Гэта высмоктвала, выбірала ўсе сілы, і ўрэшце ён адчуў, што ўжо не столькі збаяўся, колькі стаміўся баяцца. Вось тады і стала яму ўсё адно, што з ім будзе далей.

А што далей будзе?..

Хрыстос, які ўраніцы прысніўся яму, казаў, што таксама не ведаў, што з Ім будзе далей. Бо да таго, як стаць Богам, быў паэтам.