Выбрать главу

Пасля таго, як адзін прысланы з Масквы начальнік, папрасіўшы памочніка напісаць у дакладзе некалькі слоў па-беларуску, выгукнуў пад канец даклада: "Вы, беларусы - малайцы!" - думаючы, што называе беларусаў малайцамі, назва ні ў чым не вінаватых жыхароў паўднёва-ўсходняй Азіі стала ў пісьменніцкім, увогуле ў беларускамоўным, не такім ужо вялікім у Мінску асяродку назвай тых, хто выракся беларушчыны. Вядома, тычылася гэта толькі беларусаў. Малайцы тут ні пры чым.

- Ды ўсё мы ведаем пра Купалу! - крыкнуў у зале нехта з малайцаў. - Пра ледакол прачытай! Як з Брэжневым цалаваўся, раскажы!

Хтосьці запляскаў. Не ўся зала запляскала, але і не адзін чалавек. І яшчэ некалькі засмяяліся.

Ён глядзеў у залу - амаль усіх ведаў. Іх каля чытырохсот - сяброў Саюза пісьменнікаў. Сапраўдных літаратараў сярод іх, можа, сорак. Дваццаць празаікаў, дваццаць паэтаў, пара драматургаў. Яшчэ крытыкаў адзін-два. Выходзіць сорак тры - сорак чатыры. Добра, няхай сорак чатыры. Трыста пяцьдзясят шэсць астатніх - графаманы. Не паэты. І нават не таму, што пісаць не ўмеюць, а таму, што не паэты. Па нутры, па жыцці, па спосабе існавання, праз які пазнаеш паэта. Як таго ж Бараду… Танкевіча, Пімена, Стральца, Бура… Ці Каралевіча… Ды калі б Каралевіч пісаць не ўмеў, ён усё адно быў бы паэтам! А гэтыя не будуць па прыроднай прычыне. Па той, што не паэт быць паэтам не можа. І хоць яны ўсе разам не напішуць нават пра ледакол, ва ўсіх і ў кожнага будзе цяпер над ім перавага: яны не выступалі на з’ездзе і не цалаваліся з Брэжневым! Больш ніякіх пераваг не будзе, толькі адна, але неаспрэчная: не цалаваліся і не выступалі! І гэтага ім дастаткова, каб падпісвацца пад ананімкамі: "Сапраўдныя Паэты". Ніхто іх, праўда, на з’езд не клікаў, і Брэжнеў з імі цалавацца не збіраўся, але, каб паклікалі, яны б усе адмовіліся, а калі б Брэжнеў цалавацца палез, кожны з іх плюнуў бы яму ў морду.

Ці ў задніцу.

"Ды вы сраку яму б цалавалі!" - можна было - і трэба было сказаць. Барада тузаў пасля: "Чаму не сказаў? Няхай бы самі сябе панюхалі!" - а ён падышоў да мікрафона і прачытаў пра ледакол.

Ніхто не запляскаў. Але і не выгукнуў ніхто нічога. Ён спытаў у цішы: "Яшчэ да мяне ёсць што-небудзь?.. Няма? Тады што да Купалы. Яго забілі. Пра тое, хто, чаму і як, мне ўпершыню расказала Перапёлка, якая блізкая была да сакратара ЦК кампартыі Беларусі Панамарэнкі і якая разам з ім была ў гатэлі "Масква", калі Купалу скінулі ў лесвічны пралёт…"

Вечарына цягнулася доўга. Пачалі спрачацца: "Доказы! Дзе доказы?.." - і калі ўсё стала патанаць у гвалце, у тлуме, Барада сказаў: "Тут больш няма чаго рабіць. Няхай самі скубуцца. Пайшлі да Навума, нашы ўжо там".

Паэт Навум Масляк жыў у доме побач з Домам літаратара, у які амаль ніколі не заходзіў. Не меў патрэбы. Бо ўсе, каго ён хацеў там бачыць, заходзілі пасля сходаў з вечарынамі да яго. А там, куды ён не заходзіў, заставаліся тыя, каго бачыць Навум не хацеў.

Менавіта так, хоць можна было прасцей, тлумачыў Масляк прычыну, па якой добраахвотна падпісваўся на немалыя, як для паэта, матэрыяльныя (стол накрыць) і сякія-такія маральныя (на тое, каб стол накрыць, Соф’ю Саламонаўну ўгаварыць) страты.

Соф’я Саламонаўна, маці Масляка, з якой жыў ён у двухпакаёўцы насупраць парка Горкага, адчыніла дзверы.

- Вой, хто да нас! Віцечка!.. Ты чаму не нарадзіўся габрэем, Віцечка, калі гэтакі разумны? І так добра віншавальныя вершы пішаш! - раскінула яна, калышачы грудзямі, абдымкі. - Можа, яшчэ і на скрыпцы граеш, а мы не ведаем?

З тым, як ставяцца да ягонай славы ў гэтым доме, усё было ясна. Навум мог нічога не казаць, але сказаў:

- Мама, прынясі скрыпку.

- На, - падаў яму Барада прынесеную пляшку. - І досыць. Пайгралі - і хопіць.

Але пайграць хацеў не толькі Навум. За сталом сядзелі Бычык з Дымовічам, Бур, Стралец, Каралевіч, Тарасюк і чалавек, да якога ў гэтай кампаніі адносіліся не кепска, хоць і не быў ён у ёй сваім: галоўны рэдактар энцыклапедычнага выдавецтва Гарымякін. Запрасілі яго, мусібыць, каб распытаць пра купалаўскі даведнік: што там і як? Пра гэта якраз з такімі паўзамі, нібы ў носе калупаўся, Гарымякін і казаў.

- Хлопцы, мы ж толькі пачалі. Там працы яшчэ на пяць гадоў, а вы: забілі, не забілі, што будзе, як будзе? Скуль я ведаю?

- Як адкуль ведаеш? - аж падскочыў Дымовіч. - Ты ж галоўны рэдактар! Ці ты там - генерал на вяселлі, а даведнікам купалаўскім займаецца ЦК?

- ЧК, - сказаў Бур. - Купалам як займалася, гэтак і займаецца ЧК.

- І яшчэ Маргер, - уставіў сваё, бо не мог не ўставіць, бо тады ён не быў бы ён, Барада. Але тут жа зрабіў выгляд, нібы гэта не падкол. - Ён жа казаў сёння, хто забіў, чаму? Ці вы не чулі?