Выбрать главу

- З Купалам параўнаў Маргера, - з падробнай зайздрасцю ў голасе, можа, для таго, каб зняць напружанне, сказаў Бур. - Мяне дык не, хоць даўней сябруем.

- Ты вершаў пра Сталіна не пісаў, - паспачуваў яму Тарасюк.

Барада тут жа ўставіў:

- Не паспеў. Затое паспеў пра Леніна, - на што Тарасюк рукой махнуў:

- Ды хто з нас пра Леніна не пісаў…

- Я не пісаў, - прынёс, дапамагаючы маці, яшчэ нейкую страву на патэльні Масляк, а Соф’я Саламонаўна зняла накрыўку:

- Бліны са скваркамі… Ты не мані пры маці, Навуме. Пісаў у школе. Ці ў навучальнай установе не лічыцца? Тады можна і ў інстытуце не лічыць, таксама навучальная ўстанова.

- Нікога Васіль ні з кім не параўноўваў, - цягнучы блін з патэльні, патлумачыў, як дурням, Дымовіч. - Ён пра прынцыпы паводзінаў. Ці ёсць яны, ці не. Як бліны. Ёсць - ядзім, няма - сядзім. Але з прынцыпамі часцей сядзім, калі яны ёсць.

Вось з кім Віктару было заўсёды лёгка размаўляць пра самае цяжкае, дык гэта з Дымовічам. Той прапанаваў, калі пазнаёміліся: "Давай мы з табой пагадненне заключым. Дамовімся, што мы абодва - прыстойныя людзі. І не будзем разбірацца, так ці не? А таго, хто табе пра мяне ці мне пра цябе скажа, што не, пасылаць як найдалей. Гэта будзе апошні, але самы важны артыкул нашай дамовы. У мяне заключана некалькі такіх, і павер: няма нічога лепшага, што гэтак бы дапамагала, вымагала захоўваць прыстойнасць. Вядома, пры ўмове, што ты заключаеш дамову з прыстойным чалавекам. З такім, які яе не парушыць. А не такіх я абыходжу - і ты абыходзь".

Вось што зараз Дымовіч думае? Што парушыў я дамову? Ці не?.. Каб думаў, што парушыў, сказаў бы. Ён не з тых, хто прамаўчыць.

Віктар не пытаў Дымовіча, з кім, апроч яго, заключаў ён такія пагадненні, але з Бычыкам за доўгія гады сяброўства яны не маглі пра гэта не дамовіцца. І калі ў Бычыка ўзнікла праблема з прыстойнасцю, Дымовіч усіх, хто яму пра гэта казаў, пасылаў па апошнім артыкуле дамовы. Яму паказвалі: "Глядзі, непрыстойны тэкст, пад ім подпіс Бычыка", - а ён пасылаў…

Нават сваіх.

Можа, лепш іх не мець, сваіх, каб не пасылаць?..

Подпіс Бычыка значыўся пад адкрытым лістом савецкіх пісьменнікаў, якія закляймілі акадэміка Сахарава і пісьменніка Салжаніцына. Асудзілі іх. "Паводзіны такіх людзей, як Сахараў і Салжаніцын, не могуць выклікаць ніякіх іншых пачуццяў, апроч глыбокай пагарды".

Бычык казаў, што гэтага ліста не падпісваў, што подпіс з’явіўся пад лістом без яго ведама.

Ліст падпісалі найзнакамітыя пісьменнікі. Лаўрэаты ленінскіх і дзяржаўных прэмій, героі сацыялістычнай працы. Абы-якія шараговыя сакратару ЦК КПСС таварышу Суславу былі без патрэбы.

Быў сярод падпісантаў яшчэ адзін беларус. Іван Межак. Ён падпісаў ліст і не заяўляў, што не падпісваў. Але ягонага подпісу як бы ніхто і не заўважыў - усе ківалі ў бок Бычыка.

"Як ты думаеш, - спытаў Віктара ў самы разгар шуму вакол гэтага ліста Круча. - Падпісаў Бычык?" - "Я думаю, калі б падпісаў, дык не казаў бы, што не. А ты падпісаў бы?" - "Мне не прапаноўвалі". - "А калі б прапанавалі?" -перапытаў Віктар, і Круча паўтарыў: "Мне не прапаноўвалі".

Бычык дапусціў, каб прапанавалі.

"Не ў тым праблема, - як дурню, тлумачыў яму Дымовіч. - Каб прапанавалі, ён бы адмовіўся, і ўсё. Яго мучае якраз тое, што не прапанавалі, а проста подпіс паставілі. Не сумняваліся, што ён падпіша. Бо вінны. Маўляў, ёсць час браць - і час вяртаць. Таму ён і сказаў табе: не бяры!"

Так, ёсць час браць - і час вяртаць. І заўсёды знойдуцца тыя, хто скажа табе: не бяры. А ты ім у адказ: "У мяне кута свайго няма, а вы мне пра ідэалы".

- Вось Васіля пытаюць: падпісваў ліст супраць Салжаніцына і Сахарава, не падпісваў? - нібы ўгадаўшы, пра што ён думае, зняў акуляры, працёр і зноў начапіў Бур, і Віктар успомніў, як тое самае зрабіў, зняў акуляры, працёр і зноў начапіў Сахараў, калі Круча спытаў: "Андрэй Дзмітрыевіч, а што вы пра тых, хто падпісаў ліст супраць вас, думаеце?" - "Нічога", - працёршы акуляры, сказаў Сахараў.

Яны выйшлі ў той вечар з Тэатра на Таганцы, са спектакля па вершах Вышэнскага. Спектакль паказвалі ў шасцісоты раз, і ў шасцісоты раз Высоцкі спяваў: "Пошли мне, Господь, второго аукаться через степь", - а Гасподзь усё не пасылаў. Круча, якому зноў грузіны віна прывезлі, вясёлы быў, напрасіўся ў госці да акторкі, што жыла непадалёк, разам з сяброўкай наймала кватэру на вуліцы Чэхава, і якая сказала, на вокны глянуўшы, калі ў двор іх дома ўвайшлі: "Сахараў яшчэ не спіць". - "А давай зойдзем!" - раптам загарэўся Круча. - З Нобелеўскай прэміяй павіншуем!" - "Дык амаль два гады прамінула, - засумнявалася ў прычыне візіту акторка. - Але калі хочаце…"