Без той акторкі іх, можа, і з грузінскім віном не прынялі б у доме - было ўсё ж пазнавата. Але аказалася, што гаспадыня дома апекавалася той акторкай, сустрэла прыязна: "А, Тамара!.." - і павяла яе ў пакой нешта паказаць. - А вы праходзьце на кухню, там акадэмікі чай п’юць". Вось за тым вечаровым чаем Сахараў і сказаў, калі Круча спытаў яго, што ён пра падпісантаў ліста супраць яго думае: "Нічога".
Сядзелі нядоўга. Размова не складвалася. "Выбачайце, што позна, мы з Таганкі, са спектакля па вершах Вышэнскага", - пачаў з выбачэнняў Круча, і госць Сахарава адразу Вышэнскага працытаваў, прачытаў з паэмы, што гучала ў спектаклі: "Школа Ленина продолжается, черт возьми!" - прычым, так прамовіў гэта чорным ротам, што на спектакль той болей Віктар не хадзіў.
Госць гэты, таксама акадэмік, у якога былі не толькі зубы чорныя, але і вусны, рот, Віктар цынгі такой не бачыў ніколі, адсядзеў, як потым акторка сказала, амаль 15 гадоў недзе ў Запаляр’і, навучыўся там з людзьмі не цацкацца, таму як толькі Круча пачаў віншавальную песню Сахараву спяваць, падняўся: "Я, Андрэй, бадай, пайду, а ты паслухай". Сахараў не стаў яго затрымліваць, як хвілін праз дзесяць не стаў затрымліваць і Віктара з Кручам, які ўжо відавочна шкадаваў, што прамяняў акторку на акадэміка: "Можа, мы таксама, позна, Андрэй Дзмітрыевіч, іншым разам", - і калі гаспадар праводзіў іх, Віктар спыніўся ў дзвярах: "Андрэй Дзмітрыевіч, пад лістом стаіць подпіс Васіля Бычыка, але ён ліст не падпісваў", - на што гаспадар кватэры сказаў: "Не магу знаць", - і зачыніў за імі дзверы. У адрозненне ад Дымовіча, ніякіх пагадненняў з Бычыкам ён не заключаў.
- Сказаў Васіль, што не падпісваў, а ўсё адно пытаюць, ці падпісаў? - доўжыў Бур. - Ну і што будзе, калі дазнаюцца? Дапусцім, Суслаў возьме і скажа, што не. Ці наадварот: подпіс пад лістом пакажа. Дарэчы, чаму не паказаў?.. Нецікава гэта ўсім стане, вось што будзе. І, дапусцім, Віктар дазнаецца, што Купала скончыў самагубствам. Прадсмяротную запіску знойдзе. Ці наадварот: дазнаецца, што Купалу забілі. Знойдзе фотаздымак, - павярнуўся ён да Гарымякіна, - на якім відаць, як Мядзёлка з Перапёлкай, ці хто там яшчэ з чатырох акторак, можа, нават жонка ягонага сябра мастака Елісеева, якая гасцявала ў Купалы ў той вечар, куляе яго ў лесвічны пралёт. І што?.. Нецікавай трагедыя Купалы стане, вось што. Самагубства - банальна, жанчына, няшчасны выпадак - банальна, а вось тое, што паміж імі - не. Тое, што паміж імі, - літаратура. І калі ты, Віктар, хочаш зрабіць з гэтага літаратуру, тады я цябе разумею. А калі літаратуразнаўчае адкрыццё для Гарымякіна, тады не. Бо навошта? Каб у Гарымякіна, у ягонага выдавецтва праблемы не было?..
Гарымякін падняўся. Маленькі, а тут як бы разросся, раззлаваўшыся.
- Гарымякін, Гарымякін!.. Вы для чаго мяне запрасілі? Я столькі ж ведаю, колькі вы! І кажу, як ёсць. Энцыклапедыя не раман. У ёй не пішуць або так, або гэтак. Забілі, забіўся! Праз акторку, праз Сталіна! Калі Маргер пра гэта дазнаецца, я "дзякуй" яму скажу. А раман ягоны чытаць не буду, мне сваіх хапае. Літаратуру ствараюць з жыцця, а ў яго адны выдумкі. І ты, Генадзь, - насупіўся ён на Бура, - яго яшчэ і падбухторваеш. Разам з Каралевічам: "Выдумляй, Маргер, літаратуру, а не шукай дакументы для энцыклапедыі". Любы дакумент, калі хочаце ведаць, важней за любую літаратуру.
Бур ні ў чым Віктару не патакаў. З ім у Віктара, у адрозненне ад Дымовіча ці Барады, адносіны звіліста складваліся. Бур быў рэдактарам часопіса, у які Віктар прынёс, прыехаўшы з Масквы, вершы - раней ён у беларускіх часопісах не друкаваўся. Бур прачытаў, сказаў: "Чакаў большага". Як бы і нічога ў тым крыўднага не было, усе мы большага чакаем, а Віктара заела. "Я ад вас увогуле нічога не чакаў і не чакаю", - сказаў ён і, не развітаўшыся, сышоў.
Не думаў, што Бур пасля гэтага вершы ягоныя надрукуе. А Бур надрукаваў. Даў зразумець: гэта - над асабістым. І, калі патэлефанаваў: "Бухгалтэрыя пытае, чаму ты па ганарар не прыходзіш?" - Віктар прыйшоў да яго з тэкілай. Купленым у Маскве ў 300-й секцыі, рэдкім па тым часе для Беларусі пітве.
Пагулялі яны пад тэкілу слаўна… З песнямі. "У Барады такое рыла, нібы не маці нарадзіла, а вылез з бацькава дупла, яго тэкіла разлюбіла, яму тэкіла не дала".
Усе п’яныя - ідыёты. Але думаюць, што геніі.
Барада, які ў маладосці так тэкіліўся, што ледзьве з глузду не з’ехаў, з гэтым завязаў, дык яны гулялі і за яго. А ў Барады з тых "тэкілаўскіх" часоў звычка засталася: наліваць. "Не трываю, - кажа, - дзве рэчы: пустых людзей і пустых кілішкаў". Вось і зараз: сам не п’е, а налівае.
- Ёсць падзеі, адной версіі якіх не існуе і ўжо ніколі не будзе, - пачакаўшы, пакуль Барада налье, узяў кілішак і ўстаў Віктар. - Смерць Купалы з такіх падзей. Як і смерць таго, хто ў Купалавай смерці вінаваты. А тое, што Сталін вінаваты, для мяне бясспрэчна. Незалежна ад таго, аддаў ён загад ці даў згоду, ці не аддаваў загаду і не даваў згоды, ён вінаваты ў смерці Купалы гэтаксама, як і ў смерці ўсіх, хто знішчаны ў гады тэрору. Таму я магу сказаць, напісаць: Купалу забіў Сталін - і гэта будзе праўда. Але гэта праўда, якая тычыцца мільёнаў. Такая агульная праўда. А там, дзе праўда мільёнаў там няма праўды аднаго. І гэта лепш за ўсіх нас Бычык адчувае, ён пра гэта і піша. Яго цікавіць адзін з мільёнаў. І мяне таксама. Мяне цікавіць адзін Купала з усіх паэтаў. Чаму? Бо з ім сталася ўсё, што з паэтам можа быць. Што можа быць з усімі паэтамі. З табой, Барада, з Бурам, з Каралевічам - з кожным. Што ўжо адбываецца з намі - ва ўсякім разе са мной. Я не раўняюся з Купалам, але нібы паўтараю ягоны шлях. Вінавачу яго ў тым, што раблю сам. Вінавацячы, раблю тое самае, разумею, што раблю, і не магу не рабіць, не стае мяне на гэта - дык чаму яго ставаць мусіла? Не мусіла ставаць, дастаткова таго, што яго хапіла на тое, што ён напісаў, апраўдваю я Купалу і разумею, што апраўдваю не яго… - адчуў Віктар, як спазмам перахоплівае горла, як наплывае слабасць, усё ж далася ў знакі бяссонная ноч, нервовая напруга апошняга часу, і ён, кульнуўшы кілішак, паспрабаваў дагаварыць тое, што хацеў сказаць ім, сваім, ледзьве пракаўтнуў разам з гарэлкай… - апраўдваю не яго, а праз яго сябе… - і Соф’я Саламонаўна бразнула накрыўкай па патэльні: "Не распранайся, Віктар, тут жанчына! І не ўсе свае".