Выбрать главу

"Эліко, маё світанне…"

Эліко, Эліко!..

Мімалётнае…

Там яму грамату далі. За прапаганду грузінскай літаратуры.

Ён падняўся, падышоў да стала з пітвом і закускамі, выбраў паміж віном, каньяком і гарэлкай каньяк, наліў кілішак, выпіў. Дастаў з кішэні партабак з тытунём "Эліт", пушачку з папяроснай паперай, скруціў цыгарку, запаліў. Дым колцамі паплыў да яшчэ адной карціны, што вісела над сталом і на якой быў намаляваны гэткі самы, толькі не з лёгкімі закускамі, а ўжо застаўлены чырвонымі і белымі місамі, талеркамі з рыбай, мясам, завалены зелянінай і садавіной стол.

У кабінеце быў невялікі гаўбец, што выходзіў у залу. Купала прайшоў на яго, зірнуў уніз - і адхіснуўся. Ён не чакаў, што гаўбец так высока…

Зала была пустая. Вечарам у рэстаране ў цэнтры Масквы - нікога.

Ён не баяўся. Дакладней, ён баяўся, ці ва ўсякім разе разумеў, што яму страшна, бо ўздрыгвала цыгарка між пальцамі, але там, дзе звычайна адчуваўся страх, злева пад сэрцам, страху не адчувалася. Гэта было дзіўна, баяцца і страху не адчуваць, але гэта было так - і ён, вярнуўшыся да стала, наліў яшчэ кілішак.

- Падаваць? - адчыніў дзверы і ступіў у кабінет грузін у двухбортным, зацёплым, як для лета, гарнітуры. - Маё імя Лангіноз, я дырэктар. - І кінуў некаму за спіну. - Падаваць!

Дзверы расхінуліся насцеж - і два грузіны ў кухарскіх апратках падкацілі да стала вазок. На вазку ўнізе стаялі белыя і чырвоныя місы з садавіной і зелянінай, а зверху на вялізным срэбным падносе ляжаў засмажаны баран.

- Калі ласка, - падышоў да стала Лангіноз. - Лаўрэнцій Паўлавіч прасіў сказаць, што калі баран вам не спадабаецца, вам пададуць кухара. Засмажанага. - І кіўнуў на аднаго з кухараў. - Вось гэтага. Ён галоўны. Зваць Мікалай. Прозвішча Кікнадзе.

Кухары паставілі місы па краях стала, барана на падносе паклалі ў цэнтры. Кікнадзе, галоўны кухар, спрытна адрэзаў барану галаву, паклаў на талерку. Лангіноз пажадаў смачна есці - і ўсе трое выйшлі.

Купала выпіў наліты кілішак. Закусваць не стаў. Наліўшы яшчэ, глядзеў на адрэзаную галаву.

- Можна глядзець на гэта, як на метафару, - сказаў нехта з залы, і рэха пракацілася па пустым рэстаране. - Як на тое, што з кожным можа быць. І ніхто з нас, ні вы, ні я не выключэнне… А можна, як на звычай. На даўні звычай падаваць галаву барана самаму ганароваму госцю.

Купала прайшоў на гаўбец. У зале сядзеў Берыя. Народны камісар дзяржаўнай бяспекі СССР. Адзін за сталом, на якім стаяла бутэлька віна і два бакалы.

- Каб бачыць далей і болей, трэба стаяць вышэй, - падняў Берыя руку ўгору. - Я люблю стаяць там, дзе зараз вы. Гэта не так высока, але ўсё ж. Тут п’юць, ядуць, танцуюць, а я зверху пазіраю. І ведаеце: іншым разам спакойна. Людзі, думаю, як людзі, якімі яшчэ ім быць?.. А іншым разам, ведаеце, нянавісць… Без усялякай прычыны, проста сядзіць нехта і чмякае, сёрбае, свіння такая, сёрбае і чмякае, чмякае. Вось так, над сталом, - нахіліўся і пачмякаў Берыя, узяў і адкінуў, як бы выцершы рот, сурвэтку. - Проста свіння!.. І я не вытрымліваю. Хоць па характары мяккі чалавек. Гуманны. Як па сённяшнім часе, дык нават занадта. Не верыце? А дарма… - Ён зняў, працёр насоўкай і зноў начапіў пенснэ. - Зрэшты, ніхто не верыць. Нават тыя, хто, дзякуючы мне, жывы. Вось як вы. Хоць вы жывы, дзякуючы не столькі мне, колькі Хацкевічу. Памятаеце Хацкевіча?.. Ну як жа. Другі сакратар, ваш нацыянальны кадр. Ён, калі ў Грузіі гасцяваў, шмат мне пра вас распавядаў. Хваліў. "Гэта, - казаў, - як ваш Табідзе…" Ну, наш Галактыён, як мы яго без прозвішча ў Грузіі называем, таксама народны… І таксама выпівае. Інакш як напішаш такое:

І закідваў локаць па-жаночы

Снег каля расстайнага маста…

Вы ж выпіваеце?.. Выпіваеце, я ведаю. Налівайце, там у вас, на вышыні, ёсць што наліць.

Насоўка ў Берыі была карычневая з чырвонымі кантамі, і ён, працёршы пенснэ, расправіў яе і акуратна склаў.

- Не хочаце?.. Ці пабойваецеся?.. Не рабіце выгляд, нібы Хацкевіча не ведаеце! Яго не расстралялі як ворага народа. Напісалі, што расстралялі, а насамрэч забілі выпадкова. Не за нацыяналізм. Ды ён і не быў нацыяналістам. У вас, у беларусах, увогуле гэтага мала. Так, хіба пагаварыць. Хоць у чалавеку гэта вызначальная сіла - нацыянальнае пачуццё. Такое ж моцнае, як каханне. Увогуле, што такое чалавек, калі ён мужчына? Мужчына - гэта жанчына і Айчына. У вашых вершах шмат пра гэта, вы разумееце… А вось Хацкевіч зразумець баяўся. Я пытаю: а ведаеш, што мяне за нацыяналізм ледзь не зрабілі брытанскім шпіёнам? Што я Закаўказскую федэрацыю хацеў стварыць, ледзьве не ўгаварыў Сталіна?.. Не, кажа, не ведаю. І глядзіць спалохана. Вось як зараз вы… Думаеце: як гэта таварыш Берыя, які разам з таварышам Сталіным вынішчае ўсялякую нацдэмаўшчыну, можа быць нацыяналістам? Пастку таварыш Берыя ставіць, не йначай…