V
Пра тое, чаму рускім можна, а грузінам арыштоўваць нябожчыкаў на пахаванні нельга, камісар Мяркулаў, у якога маці была грузінка, а бацька рускі, пытацца ў Берыі не стаў. Яго займала іншае: ці дазнаўся Берыя пра ягоны ліст Сталіну? А калі дазнаўся, то як? Нехта данёс, ці Сталін сам сказаў? Калі першае, дык яшчэ ёсць шанец. А калі другое…
Не было каго спытаць, не было з кім параіцца! Пустэча вакол - а столькі наўкол народу!..
"І ўсе сябры… Тут, на Лубянцы. Там, цераз Лубянку, у Малым тэатры. І ў Вялікім… Недзе ў Тыфлісе, Петраградзе, Арэнбургу, Новачаркаску, Роўне, Орску… Паўсюль, дзе ён быў, служыў. Скрозь - і нідзе. Побач нікога, апроч мёртвых… - паліў ён папяросу за папяросай, гледзячы на элегантна апранутага ў файны гарнітур беларускага паэта. - Дзе яны там, у той Беларусі, такія касцюмы бяруць? У немцаў?.."
Камісар быў у Беларусі два гады таму. Вясной 1940-га, калі яго прызначылі кіраўніком "тройкі" НКУС, якая пастанавіла расстраляць больш як 20 тысяч беларусаў і палякаў. І ён прыехаў пракантраляваць, як ідуць расстрэлы…
Расстрэлы ішлі нармальна.
А вось з гэтым Луцкевічам не ўсё нармальна йшло. І ўжо даўно не нармальна. 3 дакументаў вынікала, што рашэнні па ім прымаліся тройчы, але кожны раз нешта замінала давесці справу да канца. Нават цяпер, калі да справы падшыты дакумент пра ягоную смерць.
- Ніяк мы з вамі да канца не можам дайсці, - сказаў камісар, зноў прыпальваючы. - Давайце вернемся да пачатку. Калі вы апошні раз бачылі сябе жывым?
- Апошні раз жывым я бачыў сябе ўвечары 28 чэрвеня 1942 года.
- Што вы рабілі ў той вечар?
- Быў у гасцях.
- У каго?
- У сяброў.
- У якіх сяброў?
- Літаратараў.
- Якіх літаратараў?
- Нашых.
- Што значыць: нашых?
- Беларускіх.
- Вы лічыце іх сябрамі?
- Лічу. А кім мне іх лічыць?
Камісар у каторы раз затушыў дапаленую папяросу і запаліў новую.
- Тут пытанні задаю я. Вы лічыце іх сябрамі?
- Лічу.
- Усіх?
- Усіх.
- І Качарыгу?
- І Качарыгу. Чаму мне вылучаць яго з астатніх?
- Пытанні тут я задаю. Качарыга таксама ваш сябар?
- Таксама.
- Але ж ён скінуў вас у лесвічны пралёт.
- Хіба?
- Я вам кажу: скінуў. Хоць і не наўпрост. Вобразна кажучы.
- Як?
- Вобразна. Ён данёс на вас, разумееце? Напісаў, што вы сцяг беларускіх нацыяналістаў, што сцяг гэты ўздымаюць фашысты, што…
Камісар хацеў яшчэ сказаць, што па данясеннях мінскай агентуры немцы маюць намер вывезці "сцяг нацыяналістаў" з Масквы, але ў апошні момант падумаў, што ведаць пра гэта Купалу не трэба. Незалежна ад таго, ці стаіць нешта за данясеннямі з Мінску, ці гэта чуткі, ці наўмысна запушчаная дэза, каб падштурхнуць Берыю прыняць тое рашэнне, якое ён прыняў.
- Дык што з вамі рабіць? - спытаў камісар. - Калі вайна… Я вам кажу пра гэта, бо вы нябожчык, не перакажаце. Жывому не сказаў бы, мы сваіх не здаём.
Арыштант памаўчаў, пацёр чыста паголенае падбароддзе. "Там чыста голяць, - падумаў Мяркулаў. - Трэба дазнацца, хто цырульнік. Да сябе ўзяць, калі браць будзе куды…" І перапытаў:
- Вы разумееце, што ўсё, што сталася з вамі, сталася праз ягоны данос?
Арыштант паклаў рукі на стол. Акуратна, далонямі ўніз.
- Разумею. Чаго тут не разумець? Што Качарыга ваш, я і жывы ведаў.
- І тым не менш лічылі яго сябрам?
- Лічыў. Але гэта не азначае, што ён мой сябар.
- Як гэта?
- Так.
- Як так?
- Так, што ў мяне няма сяброў. Хоць лічыцца, што ёсць. А ў вас ёсць сябры?
- Тут я пытаюся.
- Прабачце. Я проста падумаў, што ў вас, як і ў мяне, не можа быць сяброў.
- Чаму?
- Бо ў вас ёсць магчымасць ці пакідаць ім жыццё, ці пазбаўляць іх жыцця. Людзі надта ад вас залежаць. Сяброў у такіх выпадках…
Камісар перапыніў арыштанта, спытаўшы хутка:
- Хіба і ў вас ёсць такая магчымасць? Пакідаць некаму жыццё, ці пазбаўляць жыцця?
- Не.
- Чаму ў такім разе вы нас параўналі? Сябе са мной?
- Бо ад мяне залежыць, як будуць пра людзей думаць тады, калі іх не стане. Добра. Блага. Пра тых, зразумела, з кім я сутыкаўся.
Камісар ужо дастаў з пачка новую папяросу, але не запаліў - рука ягоная завісла над сталом перад тварам арыштанта.
- І пра мяне?
Арыштант не чакаў такога пытання.
- А што пра вас думаць?..
- Як гэта: што? Вы ж вырашаеце: добра ці блага?