- Фу!.. - выдыхнула тая і, выпіўшы віно з келіха Берыі, пацепнула белымі плячыма пад чырвонай пелярынай. - Дзякуй, я ўжо нагледзелася. Усіх бы пазабівала! І тых, хто ўнізе, і тых, хто зверху.
Шалёная.
"Шенма сурвілма дамліа Шензе фікрма да севдама Шорс цасвлам, хшірад гакрама Гуліс твалебіт мхедвама, Гуліс твалебіт мхедвама…" - насцеж расчыніліся дзверы, у якія ўляцеў, як горны арол з новымі крыламі, Лангіноз з музыкамі і, пакуль тыя спявалі, як каханая страціла каханага, нібы чаркес стралу, Лангіноз паказваў, як выходзіла ў Берыі з адной бутэлькі і белае, і чырвонае віно наліваць: "Тут перагародка, дзве бутэлькі ў адной. Фокус просты, але, калі не ведаць, уражвае. Ён Сталіну, калі знаёміліся, гэтаксама наліў. Той не ведаў і ўразіўся. У Маскву Берыю ўзяў. А ён мяне паклікаў. Вы таксама можаце каго хочаце паклікаць. Калі няма гаспадара, гэта не забараняецца. Увогуле ўсё можна, калі гаспадара няма. Гуліс твалебіт мхедвама, гуліс твалебіт мхедвама…"
Купала не стаў нікога клікаць. Табідзе ў Маскве не было, а некага іншага... Можна, вядома, некага. Таго ж Асеева, Ціханава... Але ён падумаў: "Мяне б яны паклікалі?.." Стаяў на гаўбцы, папіваў каньяк, падыходзіў да стала, закусваў смачна, кухара Кікнадзе не трэба было засмажваць, глядзеў з гаўбца ўніз, дзе ўсё болела шуму, звону, людзей, жанчын у шыкоўных строях і мужчын у ладна скроеных касцюмах, фрэнчах і кіцелях, якія коратка, так, каб было незаўважна, кідалі, калі прыкурвалі, позіркі наверх, і па тварах іх прабягала то недаўменне, то разгубленасць: хто там, на гаўбцы Берыі, дзе выпадковых не бывае? - і гэтая невядомасць выклікала ў іх адчуванне небяспекі, шмат хто відавочна нерваваўся, вунь тыя два вайскоўцы амаль пад самым гаўбцом, абодва з пятліцамі палкоўнікаў, якія налівалі і выпівалі, налівалі і выпівалі, не закусваючы, пакуль адзін не з’ехаў з крэсла тварам у талерку з кабачкамі, а потым стаў выцірацца сурвэткай, як нядаўна паказваў Берыя, так, што стала гідка, і ўжэрты палкоўнік адчуў гэта, крайком вока ўбачыў позірк Купалы, які свідраваў яго зверху, ускочыў і застыў рукі па шве з кабачковымі семкамі на падбароддзі, з боку ў бок хістаючыся, пакуль хаўруснік не ўзяў яго пад пахі і не пацягнуў у прыбіральню, чапляючыся за ножкі крэслаў, за сталы, устаўленыя, як на карціне, бутэлькамі, чырвонымі і белымі місамі, талеркамі з рыбай, мясам, заваленыя зелянінай і садавінай, і ўсё гэта пад музыку з танцамі, пад "Барыню" і "Лезгінку" пілося, елася, жавалася, жэрлася ў сталіцы краіны, на прасторах якой смерць пажынала людзей, старых і дзяцей, галадаморамі, знішчала іх ссылкамі, лагерамі, генацыдамі - Купалу невыносна захацелася забіць і тых, хто ўнізе, і тых, хто зверху, дзе ён быў адзін…
Чужы чужым - яны знайшлі свайго,
Не свой сваім - яны пайшлі з чужымі,
Не тузайся ні з тымі, ні з другімі.
Як ты адзін - ты больш за аднаго.
У высі птушка,
Рыба ў глыбіні,
Вандроўнік на фантомным небакраі,
Як ты адзін - ты не змарнуеш дні
На тое, каб спазнаць законы зграі.
Як ты адзін - аднойчы ўночы ты,
Угледзеўшы імгненны след каметы,
Уцяміш таямніцу пустаты,
З якой Гасподзь саткаў усе Сусветы.
Як ты адзін - ты боскай тканкі ніць
У вушка голкі зловіш і, быць можа,
Пустое станеш ткаць, пустое шыць, -
Як ты адзін,