Гэтак і Віктар лічыў. Магчыма, не без уплыву старэйшага за яго на 15 гадоў Каралевіча. Яны і зблізіліся гадоў праз 15 пасля знаёмства.
Каралевіч быў не меней, а нейкі час нават больш папулярны, чым Бычык, але, бо нацыяналіст, не меў ніякіх прэмій, званняў, і, калі ўжо дажыў да паўвека, партыя, у якой інструктарам па літаратуры быў зямляк Каралевіча, вырашыла ўсё ж нечым яго ўзнагародзіць. І ўзнагародзіла ордэнам "Дружбы народаў" - гэтакай узнагародай ні за што. Не за кнігі, не за працу, не за творчасць - за сяброўства. Каралевіч той ордэн свайму земляку-інструктару хацеў аддаць: "Вазьмі, ён твой!" І дарма зямляк не ўзяў, бо заслужыў. Яго ананімкамі закідалі: "Вы каго ўзнагароджваеце? Нацыяналіста?" У Саюзе пісьменнікаў хуценька прыдумалі абмеркаванне апошняй кнігі Каралевіча з дакладам "Небяспечная гульня ў праўду". Дакладваў дырэктар Інстытута гісторыі. Ён сыпаў імёнамі, падзеямі, датамі таго часу, пра які напісаў Каралевіч, зачытваў абзацы з ягонай кнігі і пытаў: "Дзе тут праўда? Партыя вучыць нас, што літаратура мусіць адлюстроўваць праўду жыцця, а дзе тут праўда?" Нарэшце Віктару, якога нядаўна прынялі ў Саюз пісьменнікаў і які яшчэ не ведаў, што гэтакі маразм тут - звыклая рэч, слухаць усё гэта абрыдла, ён падняўся: "Я ўражаны вашай эрудыцыяй! Фенаменальнай памяццю! Але ці не маглі б вы на ўсё забыцца і пакінуць нам тую версію гісторыі, якую прапануе Каралевіч?.."
Потым у бары Каралевіч падышоў да яго: "Файна ты фарсануў. Умееш…" Папрасіў бармена наліць, падняў кілішак: "Будзьма!"
- А ў Кітаі, - сказаў маўклівы Стралец, - знішчылі два мільярды.
Ён умеў гэтак. Ні з сяго, ні з таго.
Каралевіч спыніўся.
- Іх усяго мільярд. Як маглі знішчыць два?
- Вераб’ёў. Мао Цзэдун на VIII з’ездзе партыі заклікаў знішчаць вераб’ёў - і кожны кітаец знішчыў двух. Выйшла два мільярды.
Каралевіч, відаць было, не ведаў, што на гэта сказаць. Спытаў:
- Дакладна на восьмым?
- Дакладна. У 1958 годзе. Такой парой, у сакавіку. Магу газету паказаць, я выразаў. Скаланула мяне гэта. Бо з маленства лічыў, што беларуская птушка не бусел, не бацян. Верабей. Я скакаў на падворку, ён скакаў… І раптам - два мільярды. Ды яшчэ гэтакім спосабам. Ведаеце, колькі верабей можа прабыць у паветры? Не больш за 15-20 хвілін. Дык і дарослыя, і дзеці бралі барабаны, вёдры, тазікі, залазілі на дахі і грукалі, грукалі, грукалі, не даючы вераб’ям сесці. У птушак разрываліся сэрцы, яны сыпаліся з неба мёртвымі. А пасля аказалася, што ўсё гэта дарма.
- Што дарма?
- Знішчалі іх дарма, - уздыхнуў Стралец. - І нечакана скончыў: - Як і нас.
Каралевіч перакінуў рыдлёўку з рукі ў руку.
- Так. Лятаем, не ведаючы, дзе сесці. Нідзе не даюць.
Дарога да Вайсковых могілак, дзе пахавалі дваццаць год таму пераве-зены з Данскіх могілак Масквы прах Купалы, была нядоўгая. Карацейшая за шлях Купалы дамоў.
- Трэба было б кветкі прынесці, - сказаў Каралевіч. - Але дзе ты іх возьмеш пад ноч у нашым прыўкрасным горадзе. Гаўняны горад, калі праўду казаць. Кіеў лепшы.
Каралевіч вучыўся ў Кіеве. Ва ўніверсітэце. Там ён дазнаўся, што ёсць такая рэч як украінскі нацыяналізм, і стаў беларускім нацыяналістам. Без Кіева гэтага магло і не быць.
- А Масква?
- Што Масква?.. Масква - імперыя. Што тут раўняць?.. Барада кажа, што ты ў Маскве царэўну сабе знайшоў. Крамлёўскую.
- Пляткар Барада.
- Не знайшоў?
- Знайшоў. Але Барада - пляткар.
- Ёсць трохі, - дастаў Каралевіч з кішэні насоўку, пахукаў на шыльдачку на надмагіллі, працёр. Сказаў: "Верабей абасраў".
Ён да Купалы па-рознаму ставіўся.
Насоўка ягоная была з чырвонай аблямоўкай. Ён склаў яе, схаваў. Спытаў, хаваючы:
- Ты пагаварыць пра гэта яшчэ хочаш?
- Пра што?.. Пра Маскву з царэўнай?
- Не мая справа. Пра твае адносіны з Купалам. Хоць і гэта не мая справа, але ў мяне таксама было такое. І ў Стральца. Было, Міхась?
Стралец кіўнуў:
- У мяне ўсё было.
- Бачыш… Ва ўсіх нешта падобнае бывае. У некага з Купалам, у некага з Пушкіным. Ён чаму да Сенацкай плошчы не даехаў, на якую сябры ягоныя, якіх пасля павесілі, выйшлі? Пабаяўся. Потым зайца прыдумаў, які дарогу перабег. Але ўсё адно Пушкін гэта Пушкін, Купала гэта Купала. І ведаеш, што я раблю, калі чалавек, якога люблю, робіць нешта такое, за што любіць яго нельга? Падключаю інфернальныя сілы. Усялякіх чарцей з ведзьмамі. Нібыта не ён сам, які ёсць, гэта робіць, ілжэ, крадзе ці жадае жонку бліжняга свайго, а яны спакушаюць яго, змушаюць гэта рабіць. А ён па слабасці сваёй сілам гэтым, іх спакусам не здольны супрацьстаяць. Дык за што яго не любіць? А тым больш судзіць? За слабасць? Слабых якраз любяць. І, калі і судзяць, дык апраўдваюць.