Стралец, слухаючы Каралевіча, на ўсё згодна ківаў, а калі той скончыў, ні з чым не пагадзіўся.
- Я б судзіў. І без апраўданняў. Бо чалавек па слабасці робіць тое самае, што і па подласці. А паколькі слабых шмат, дык і подласці хапае. І чэрці з ведзьмамі мы самі. Іншых няма.
Абодва яны казалі яму тое ж, што і ён ім казаў бы.
Трэба выгаварыцца перад імі. Дарэшты. Калі не перад імі, тады перад кім?..
"Я не падключаў нікога, - сказаў ён. - Яны самі падключыліся". - "Хто?" - "Сілы інфернальныя. Чэрці з ведзьмамі". І каля бронзавага Купалы, які сядзеў на сваім надмагіллі так, нібы прах свой вартаваў, каб яго зноў куды-небудзь не перанеслі, Віктар распавёў Стральцу з Каралевічам пра дырэктара антыкварнай крамы, які быў яшчэ і дырэктарам цырка, пра паэта з ягоным, Маргеравым прозвішчам, які гэткі самы, як і ён, але не ён, бо рускі паэт і да таго ж загінуў, толькі неяк так выйшла, што не той паэт загінуў, а загінуў ён сам, Віктар, ці дырэктар крамы іх аднаго з адным неяк падмяніў, так што ён цяпер не ён ці не зусім ён, а той Віктар, які загінуў… дык вось гэта той Віктар, той несапраўдны Віктар Маргер не сказаў тое, што сказаў бы ён, сапраўдны Віктар Маргер, выступаючы на з’ездзе КПСС, на які прыстроіў яго сакратар ЦК КПСС Грачын, дачка якога не ягоная дачка, а дачка ці Сталіна, ці Берыі, ці Купалы, які Віктару сніцца, сніцца і сніцца не загінулым, а жывым, бо яго ажывілі па загадзе Сталіна ў 1-й лабараторыі, каб асудзіць як нацдэма, а пасля спалілі ў царкве Данскога манастыра, але ён усё адно не памёр, можа, таму, што спалілі ў тым месцы, дзе быў алтар, у царкве, з якой Купалу, раскрыжаванага разам са Сталіным, святыя пакутнікі панеслі на Красную плошчу, дзе чакаў іх Хрыстос з апосталамі, дзе пачаўся Страшны суд, на якім Хрыстос апраўдаў Купалу, а сам Купала сябе не апраўдаў. Дык калі не апраўдаў сябе Купала, які нічога такога не зрабіў, каб быць не апраўданым, ва ўсякім разе не зрабіў нічога такога па злой волі, хіба па слабасці, тады як можа апраўдаць сябе ён, Віктар Маргер, калі нават ён не ён, скажыце?.. Няхай сабе гэта інфернальныя сілы, нейкі фокус дырэктара цырка, трызненне, галюцынацыі, але як ён можа сябе апраўдаць, калі слабасць, тое самае, што подласць?..
- Ты чуў? - спытаў Каралевіч Стральца, калі Віктар адспавядаўся.
- Чуў
- І ты ў гэта верыш?
- Веру. Што тут такога, каб не верыць?
Каралевіч паглядзеў на Стральца так, як глядзяць на чалавека, пра якога ведаюць, што не падвядзе.
- Вось і я думаю: што тут такога, каб не верыць? Наадварот! Тут такое ўсё, што не паверыць немагчыма! - абняў Каралевіч Віктара. - Прыўкрасная літаратура! Толькі табе трэба адпачыць.- І прапанаваў: - Паехалі да мяне на лецішча!
Стралец засмяяўся.
- На тое самае?
- На якое тое самае?
- На якое ўжо вазіў.
- А… - успомніў Каралевіч. - А што? Прыўкраснае лецішча!.. Можам гэтым разам усе з’ездзіць. Утрох.
Стралец тым разам паехаць не змог.
Яны пілі. Барада, Каралевіч, Стралец. Гаўрусь, Нядзведзь… Старэйшыя, Бычык, за якім фронт, Дымовіч ці Тарасюк, якія партызанілі, хто болей выпіваў, хто меней, хто зусім не, а гэтыя, якіх назвалі пакаленнем, апаленым вайной, адзін з якога напісаў: "Я вырас пад гарматнымі стваламі", - пілі. Але талент не прапівалі, моцныя мелі таленты. Адно што пісалі меней за цвярозых графаманаў, вершаваныя складанкі якіх друкаваліся замест ненапісаных вершаў таго ж Стральца. Ці Барады, Каралевіча, замест якіх атрымлівалі званні ды прэміі літаратурныя ашавуркі, якім Стралец кінуў аднойчы: "Дзякуй нам скажыце, што мы пілі!"
Неяк Віктар зайшоў да Барады - у яго Стралец і Каралевіч. Барада са Стральцом спяць, Каралевіч ляжыць у ванне. Без вады, апрануты. І ў трубку душа выклікае хуткую дапамогу. "Алё! Хуткая? Гэта хуткая?.. Забярыце мяне адсюль, я памру з гэтымі п’янтосамі". - "Выклікалі? - спытаў Віктар, зайшоўшы ў ванну. - Падымайцеся, паехалі". - "Не магу падняцца, хворы. А ты праўда хуткая?" - "Хуткая, хуткая…" - спрабаваў Віктар падняць не такога й лёгкага хворага, які паглядзеў на яго і, пэўна, не ўбачыў таго, што чакаў убачыць. - "А на табе крыж ёсць?" - "Няма на мне крыжа". - "Тады ты не хуткая". - "Без крыжа, але хуткая. Ці ў вас ёсць хутчэйшая за мяне?.."
Хутчэйшай не знайшлося. Віктар зрабіў беспаспяховую спробу падняць Бараду са Стральцом, не змог, выклікаў таксі і павёз дахаты Каралевіча.
"На лецішча паехалі! - раптам вырашыў па дарозе Каралевіч. - Ты ж не быў, не ведаеш, якое ў мяне лецішча! Які цуд! Не ўяўляеш, як там прыўкрасна! А самае найпрыўкраснае тое, што гарой пад вокны насыпаліся з дубоў залатыя жалуды!"